ЗаШАГаныя

На ідэалагічным фронце — без пераменаў. То бок, усё так жа кандова і культасабова. Напрыклад, 24 студзеня па ўсёй Беларусі прайшлі школьныя «палітінфармацыі» для вучняў 9–11 класаў.

9_6_750x518.jpg


Называюцца яны цяпер паводле «метадычкі» Мінадукацыі адзінымі днямі інфармавання і ладзяцца кожны чацверты чацвер месяца пад дэвізам «ШАГ» (Школа актыўнага грамадзяніна).

Гэтым разам прапаноўваліся чатыры інфанагоды і адпаведна блокі ідэалагічнай слушнасці: рэспубліканскі навагодні бал для моладзі ў Палацы Незалежнасці, Калядны хакейны турнір на прыз прэзідэнта, спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў «Залатая шайба» і майстар-клас гульцоў НХЛ для ўдзельнікаў гэтага турніра. Усе гэтыя падзеі звязаныя з прозвішчам Лукашэнкаў — Аляксандра і Мікалая. Першы прамаўляў і танчыў на бале, а пасля перамог у Калядным турніры, другі — выйграў «Залатую шайбу».

Школьнікі мусілі абмяркаваць запаветы для моладзі з прамовы Аляксандра Лукашэнкі падчас навагодняга бала; паразважаць, у чым «унікальнасць атмасферы, якая пануе» на Калядным хакейным турніры; адказаць, што ведаюць пра каманду «Грыфоны», за якую галеадорна гуляе малодшы сын кіраўніка краіны, і г.д.

У некаторыя школы на гэтыя «дні інфармавання» завіталі вядомыя спартоўцы — добрая нагода для ўзяцця аўтографаў. Напрыклад, у магілёўскай школе №13 кампанію дэпутату Палаты прадстаўнікоў склалі алімпійскі чэмпіён па веславанні на каноэ Аляксандр Масейкаў і срэбраны прызёр Алімпіяды па біятлоне Сяргей Новікаў. Але шмат каму са школьнікаў давялося слухаць ідэолагаў ды чыноўнікаў.

Вось як адсправаздачылася на сайце «Белай Русі» аб мерапрыемстве кіраўніца пярвічнай арганізацыі гэтага прапрэзідэнцкага аб’яднання ў школе №23 Віцебска Наталля Гайдукова. Там да вучняў прыйшоў старшыня Першамайскага раёна горада Мікалай Арлоў.

«Больше часа продолжался содержательный, доверительный разговор. Учащиеся старших классов, педагоги, представители администрации учреждения образования познакомились с достаточно интересными фактами биографии Николая Валерьевича». Карацей, перацягваў ад трыўмфаў Аляксандра і Мікалая Лукашэнкаў «вертыкальшчык» коўдру і ўвагу на сябе!

«По его словам, увлечённость плаванием и боксом в детском возрасте, биатлоном в юности — всегда помогали ему в жизни. Теперь в планах руководителя — покорение искусства игры в хоккей, а также освоение горных лыж. Так сказать, на перспективу», — пераказвае актывістка «Белай Русі». Цікава, на якую гэта перспектыву?

І падсумаванне: «Показательно, что глава администрации в ходе встречи никоим образом не поучал молодёжь, глядя на ребят свысока. Как раз наоборот. Он просто приводил примеры из своей жизни, исподволь давая определенные советы. Чувствовалось, что говорит человек абсолютно искренне, от души»; «Николай Валерьевич за этот час с небольшим сумел заронить в души молодых людей зерна целеустремлённости, уверенности, смелости и драйва… Не сочтите за банальность, но эта встреча в рамках проекта «ШАГ» многих ребят заставила задуматься не просто о своём будущем, но и о своей роли — в будущем родной страны».

Але дзяўбануў Арлоў і аблудную ідэалагічную ўстаноўку, за якую і пасведчанне сябра «Белай Русі» можна на стол пакласці: «На вопрос из зала о хобби, увлечениях помимо работы и спорта, Орлов ответил лаконично и емко: «Это — моя семья».

Сям’я — гэта ўсяго толькі захапленне і хобі, а не каштоўнасць для развіцця чалавека і найважнейшы інстытут сацыялізацыі? Хіба і гэтаму чыноўніку варта будзе наведваць факультатыў «Асновы сямейнага жыцця», якія неўзабаве будзе выкладацца ў беларускіх школах для 9–11 класаў. Нагадаем, днямі была апублічненая пастанова Міністэрства адукацыі з праграмай гэтага спецкурса для старшакласнікаў.