Затрыманыя па «справе Гаюна» пераведзены ў СІЗА. Хронікі рэпрэсій 25 красавіка

Цягам апошніх трох месяцаў, па інфармацыі «Вясны», па ўсёй Беларусі адбываюцца затрыманні па гэтай справе. Некаторых беларусаў змясцілі пад варту ў СІЗА. Падставай сталі фота і відэа з расійскімі вайскоўцамі і тэхнікай, якія дасылаліся вясной 2022 году ў «Беларускі Гаюн». Затрыманні адбыліся ў Мінскім, Брэсцкім і Гомельскім раёнах. Вядома, што адвакаты некаторых затрыманых знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні, таму падрабязнасцяў справы няма.

1_1097_1.png

Нагадаем, напачатку лютага 2025 года тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» паведаміў, што іх бот, у які людзі дасылалі інфармацыю пра перасоўванне расійскай вайсковай тэхнікі на тэрыторыі Беларусі, быў узламаны. Там утрымлівалася ўразлівая інфармацыя, у тым ліку асабістыя даныя тых, хто пісаў у бот. Пасля ўзлому кіраўнік маніторынгавага праекту Антон Матолька публічна прызнаў факт атрымання доступу староннім акаўнтам і заявіў пра спыненне працы «Гаюна». Сам канал быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем» яшчэ ў 2022 годзе. Таму за паведамленні праекту прадугледжана крымінальная адказнасць паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Пасля ўзлому бота тысячы беларусаў аказаліся пад пагрозай пераследу.

Паводле звестак «Вясны», апошнія тры месяцы ў Беларусі працягваюцца затрыманні ў межах крымінальнай справы за перадачу інфармацыі «Беларускаму Гаюну». 

Пра першае затрыманне, якое адбылося пасля ўзлому базы «Беларускага Гаюна», стала вядома яшчэ 6 лютага — на наступны дзень пасля атрымання доступу да бота. У гэты дзень у праўладным тэлеграм-канале з'явілася відэа з 42-гадовым супрацоўнікам Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу Максімам Нікіценкам. Дома ў яго правялі ператрус.

«Радыё Свабода» 21 красавіка таксама паведаміла, што ім вядома мінімум пра некалькі выпадкаў арыштаў. А паводле сузаснавальніка фонду BySol Андрэя Стрыжака, затрыманні адбываюцца хвалямі, а акурат цягам апошняга месяца быў усплёск затрыманняў на Гомельшчыне.

24 красавіка стала вядома з праўладных крыніцаў, што 20-гадовага студэнта з Гродна затрымалі за паведамленні ў «Беларускі Гаюн".

На сайце Лідскага райвыканкаму былі апублікаваныя «матэрыялы для чальцоў інфармацыйна-прапагандысцкіх груп». Паводле гэтага дакументу, 3 сакавіка распачалі дзве крымінальныя справы па ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) у дачыненні да навучэнца Гродзенскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа імя Івана Шчаснага. Хлопец 2005 года нараджэння, яго прозвішча пачынаецца на літару Г.

Паведамляецца, што хлопец у перыяд з 2022 года па 3 сакавіка 2025 года перасылаў паведамленні ў чат «Беларускі Гаюн». У тым ліку пісаў аб перамяшчэнні ваеннай тэхнікі ў Беларусі. У лютым 2025 года доступ да чата атрымалі сілавікі. На момант здзяйснення злачынства (у 2022 годзе), хлопец быў непаўнагадовым.

Праваабаронцы зафіксавалі хвалю затрыманняў адміністратараў дарожных чатаў

Адным з такіх затрыманых стаў Аляксандр Гардзенка, які кіраваў вайбер-чатам пра дарожную абстаноўку ў Гомелі і Рэчыцы. Затрыманне адбылося ў канцы сакавіка.

Крыніца выдання «Флагшток» распавяла, што Аляксандр працаваў на «Беларуснафце», а цяпер яго вінавацяць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці».

У Беларусі +7 новых палітвязняў

Гэта Карына Фасевіч, Дзмітрый Руткевіч, Павел Баркун, Захар Шарко, Аляксей Шпакоўскі, Яўген Мілянкевіч, Аляксандр Шэлепень.

Хто гэтыя людзі і чаму праваабаронцы лічаць іх справы палітычна матываванымі.

Берасцейца будуць судзіць паводле артыкулаў чатырох пратэсных артыкулаў, у тым ліку аб фінансаванні тэрарызму

Пракуратура Берасцейскай вобласці паведаміла, што накіравала ў суд крымінальную справу супраць 22-гадовага жыхара Берасця. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў КК —аб удзеле ў «экстрэмісцкім фармаванні» (артыкул 361-1 КК), фінансаванні тэрарыстычнай дзейнасці (артыкул 290-1 КК), закліках да дзеянняў супраць нацбяспекі (артыкул 361 КК), абразе Лукашэнкі (артыкул 368 КК).

Паводле версіі абвінавачвання, берасцеец з траўня 2023 да студзеня 2024 года дзевяць разоў заданаціў ютуб-каналу палка Каліноўскага.

Акрамя таго, як вынікае з матэрыялаў справы, ён з сакавіка да чэрвеня 2024 года ў чатах у тэлеграме абразіў Аляксандра Лукашэнку, а таксама напісаў каментары, «якія змяшчаюць заклікі да захопу дзяржаўнай улады».

Таксама маладому чалавеку ставяць у віну тое, што ён 3 кастрычніка 2024 года пачаў перапісвацца з тэлеграм-ботам «экстрэмісцкага фарміравання» (пра якую менавіта арганізацыі ідзе гаворка — не ўдакладняецца), запоўніў прапанаваную анкету і «выканаў даручанае яму прадстаўнікамі дадзенага экстрэмісцкага фарміравання тэставае заданне». Сутнасць задання ў паведамленні пракуратуры не раскрываецца.

Пракуратура таксама паведаміла, што 22-гадовы берасцеец быў затрыманы ў лістападзе 2024 і чакае суда ў СІЗА (пад вартай).

Вядомага рэстаратара будуць завочна судзіць за ўхіленне ад выплаты падаткаў. У 2020 годзе яго бар выкупіў сваяк экс-кіраўніка КДБ

Следчы камітэт 25 красавіка адкрыў спецвытворчасць у дачыненні да Берасцейскага рэстаратара Кірыла Барахова, піша «Люстэрка».

Прадпрымальніку прад'явілі абвінавачванне па ч. 2 арт.243 КК (Ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры). Санкцыя артыкула прадугледжвае да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Абвінавачанаму прапанавалі з'явіцца ва ўпраўленне Следчага камітэта па Мінску.

Кірыл Борахаў у свой час адкрыў першы ў Брэсце караоке-клуб «Сола», затым гастро-бар Korova, бар «Мір», сямейнае кафэ Mario, дастаўку ежы «Тук-тук». Ён таксама развіваў фастфуд у Мінску і Маскве, пісаў 34mag.net.

На фоне падзей 2020 года ў Кірыла Барахова паўсталі праблемы на радзіме. Яго гастро-бар Korova некаторы час быў зачынены, а пазней змяніў уладальніка. Як пісалі СМІ, новым гаспадаром стаў прадпрымальнік Павел Вакульчык — траюрадны брат былога кіраўніка КДБ і цяперашняга памочніка Аляксандра Лукашэнкі па Брэсцкай вобласці Валерыя Вакульчыка.

У 2022 годзе на месцы Korova зарэгістравалі новую ўстанову — бар «Каза».

Сам Кірыл Борахаў быў вымушаны з'ехаць з Беларусі.

Навінавы ютуб-канал на 60,5 тысяч падпісчыкаў прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі»

Ютуб-канал «Беларусь навіны«, на які падпісана 60,5 тысяч чалавек, прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», абнаўленне ў спісе на сайце Міністэрства інфармацыі заўважыла Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Акрамя таго, спіс папоўнілі:

Цікток-акаўнт «Рэспубліка Беларусь навіны», на яго падпісаныя 7176 падпісчыкаў, аднак апошнія публікацыі датуюцца 2022-м годам.

Цікток-акаўнт «Беларуская крыніца» з 802 падпісантамі.

Instagram-акаўнт brukhan_artsiom, які належыць намесніку кіраўніка Народнага антыкрызіснага кіравання Арцёму Брухану.

У івацэвіцкай папраўчай калоніі №22 «Воўчыя норы» зрабілі больш жорсткім кантроль рэжымных прадуктовых перадач

На працягу двух апошніх тыдняў сваякі асуджаных сутыкнуліся з прыдзіркамі да цыгарэт, якія перадаюцца ў 50-кілаграмовых перадачах. Тытунёвыя вырабы зараз правяраюцца падкрэслена скрупулёзна, практычна ў кожнай перадачы выбарачна бяруцца некалькі пачкаў і іх змесціва вытрасаюць ў асобны пакет.

Тут варта патлумачыць, што сваякі асуджаных часта вязуць цыгарэты ў калоніі не ў завадскіх пачках, а ў іх поліэтыленавых фабрычных упакоўках. Для гэтага цэлафан акуратна здымаецца з цыгарэтнай пачкі, самі цыгарэты з яе дастаюцца і перакладаюць у цэлафан. Цяпер жа гэты цэлафан кантралёры ПК-22 неміласэрна рэжуць.

Тое ж самае адбываецца, калі цыгарэты прыходзяць у некранутым завадскім блоку. Кантралёры наўздагад вымаюць з блока дзве пачкі і вытрасаюць іх змесціва. З чым звязана ўзмацненне жорсткасці — супрацоўнікі ПК не тлумачаць.