Пяць «каліноўцаў» завочна асуджаны на гіганцкія тэрміны. Хронікі рэпрэсій 24 красавіка

Генпракуратура 24 красавіка паведаміла, што ў Мінскім гарадскім судзе ў парадку спецыяльнай вытворчасці быў вынесены прысуд у дачыненні да пяці беларускіх добраахвотнікаў «Полка Кастуся Каліноўскага»: Арцёма Бігеля, Вячаслава Граноўскага, Ігнація Кірэева, Анастасію Махамет, Яна Мельнікава.

1_1097_1.png

Іх прызналі вінаватымі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сярод якіх «акт тэрарызму» і «арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі». Фігурантам справы прызначылі пазбаўленне волі тэрмінам ад 12 да 20 гадоў. 

Апроч гэтага, «каліноўцам» прызначылі штрафы памерам ад 500 да 3 500 базавых велічыняў (ад 21 000 да 147 000 рублёў).

Святлана Ціханоўская — у дзень народзінаў Марыі Калеснікавай

«Мне не хочацца нават верыць, што ўжо пяты год запар Маша сустракае дзень народзінаў у зняволенні, — гаворыць Святлана Ціханоўская ў відэа, апублікаваным у яе тэлеграм-канале. — 

Ведаеце, калі мы з ёй толькі пазнаёміліся, я была бясконца ўражаная яе сілай волі і цвёрдасцю! Але тое, што патрапіла ў сэрца мне і тысячам беларусаў — усмешка і цеплыня Машы. Іх адчуваў кожны, хто сустракаўся з Машай хоць раз: у размовах, на мінскіх вуліцах ці падчас жаночых пратэстаў. І я ўпэўненая, што нават за кратамі яна не страціла ні кропелькі аптымізму і здольнасці падтрымліваць іншых нават у самых цяжкіх абставінах.

Дарагія, дапамагайце нашым палітвязням, калі для вас гэта бяспечна. Кожнаму з іх патрэбная нашая ўвага і падтрымка. Распавядайце іх гісторыі ў сацсетках, падтрымлівайце дабрачынныя ініцыятывы. Бо салідарнасць гэта тое, што робіць нас мацнейшымі за страх і несправядлівасць».

У Беларусі новае «экстрэмісцкае фармаванне»

Гаворка пра праект «Гэта Моладзь» / «This is Youth». Адпаведнае рашэнне было прынятае КДБ 21 красавіка.

Паводле ведамства, дачыненне да праекту мае Маргарыта Ворыхава.

«Гэта Моладзь» — гэта ініцыятыва, створаная Прадстаўніцтвам па моладзі Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі, каб падтрымаць маладых беларусаў і беларусак у любы час і ў любым пункце свету. Яе мэта — абарона правоў маладых людзей, прадастаўленне ім доступу да магчымасцяў і падтрымцы іх актыўнага ўдзелу ў пабудове дэмакратычнай Беларусі.

Стала вядома пра чарговыя ператрусы ў Дзяржынску

Гэтым разам, яны адбываюцца пераважна ў тых, хто з'ехаў з краіны — вядома пра як мінімум чатыры такія выпадкі. Пры гэтым паведамляецца і пра выпадкі ператрусаў у людзей, што не з'ехалі.

Вядома, што пратаколы ператрусу складаюць у адным экзэмпляры, на рукі людзям нічога не аддаюць.

Студэнта з Гродна будуць судзіць за паведамленні ў «Беларускі Гаюн»

Як паведамляе @nebovkletku, 3 сакавіка распачалі дзве крымінальныя справы па ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) у дачыненні да 20-гадовага навучэнца Гродзенскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа імя Івана Шчаснага.

Паведамляецца, што хлопец у перыяд з 2022 года па 3 сакавіка 2025 года перасылаў паведамленні ў чат «Беларускі Гаюн», прызнаны ў сакавіку 2022 года «экстрэмісцкім фармаваннем». У тым ліку пісаў аб перамяшчэнні ваеннай тэхнікі ў Беларусі. У лютым 2025 года доступ да чата атрымалі сілавікі.

Вікторыю Кульшу зноў будуць судзіць

Палітычную зняволеную Вікторыю Кульшу, якая павінна была выйсці ў гэтым месяцы на свабоду з калоніі № 24 ў г. п. Зарэчча Рэчыцкага раёна, будуць судзіць у пяты раз. Для гэтага напрыканцы мінулага месяца яе перавялі ў СІЗА № 3 у Гомелі.  Вікторыя Кульша, юрыст паводле кваліфікацыі, працавала інжынерам па ахове працы. Зараз напісаць ёй можна на адрас: СІЗА № 3, вул. Кніжная, 1А, г. Гомель, 246003.