Завядзёнка

Здаецца, Беларусь сапраўды засталася тым “пунктам стабільнасці, якая ўзнікае толькі на могілках. Ужо колькі разоў беларускі прэзідэнт абяцае і патрабуе — і ўсё адно і тое самае.

“Перад усімі намі, усёй краінай сёлета, да канца пяцігодкі, будуць стаяць вельмі сур’ёзныя задачы, якія не выканаць мы проста не можам, — заявіў Аляксандр Лукашэнка 21 лютага, звяртаючыся да прызначаных ім кіраўнікоў мясцовых выканаўчых органаў улады.



136c2f0599b3a0175c544b72e4861b9f.jpg

Здаецца, Беларусь сапраўды засталася тым “пунктам стабільнасці, якая ўзнікае толькі на могілках. Ужо колькі разоў беларускі прэзідэнт абяцае і патрабуе — і ўсё адно і тое самае.
“Перад усімі намі, усёй краінай сёлета, да канца пяцігодкі, будуць стаяць вельмі сур’ёзныя задачы, якія не выканаць мы проста не можам, — заявіў Аляксандр Лукашэнка 21 лютага, звяртаючыся да прызначаных ім кіраўнікоў мясцовых выканаўчых органаў улады.
“Я сказаў аднойчы, што на працягу года, максімум паўтара, мы не проста павінны выйсці на дакрызісны ў фінансавых адносінах узровень, а перавысіць яго. Не выйсці мы проста не маем права, калі мы пазіцыянуем сябе як самадастатковая краіна, якая штосьці можа, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.
“Што такое сярэдняя зарплата ў 500 долараў? Гэта зусім нізкі ўзровень, які мы павінны пераадолець. І гэта задача ўсіх, — падкрэсліў беларускі кіраўнік. — Я гэта вам кажу таму, што мы зверху пачнём мацней, кажучы па-народнаму, ціснуць на мясцовыя органы ўлады.
Паводле слоў Лукашэнкі, мясцовай вертыкалі трэба навучыцца зарабляць грошы, улічваючы мясцовыя ўмовы. “Грошы трэба шукаць усюды, зарабляць усюды, на чым толькі можна. Тады мы можам значна перавысіць нават гэты ўзровень па даходах насельніцтва. Вы павінны ў сябе мець адзін план — выхаду на гэты ўзровень, — заявіў ён.
Што ж, такія заявы, кшталту калійных угнаенняў “па ложцы прадаваць, мы чулі і ў дакрызісны, і ў крызісны, і зараз — у паслякрызісны перыяд. Што з гэтага змянілася? Нічога.
Але Лукашэнка сам не стамляецца шукаць новыя рынкі збыту. Беларусь пачынае асвойваць афрыканскі кантынент, заявіў 21 лютага Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да прызначанага паслом у Нігерыі Вячаслава Бяскостага.
“Вы ведаеце, што ў нас там сяк-так. Нават у краінах, дзе ў нас ёсць пасольствы, мы не вельмі разгарнуліся, але пачынаем вельмі сур’ёзна працаваць. Там цікавасць да беларусаў сур’ёзная. Мы ўжо празандавалі глебу. Там непачаты край работы, і мы шукаем апорныя пункты. Сёння нам патрэбная апора ў выглядзе пасольства ў Нігерыі, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — І вам трэба быць гатовым да пашырэння сваёй дзейнасці. Калі ў Нігерыі мы будзем ажыццяўляць два-тры праекты, гэтага для пачатку дастаткова. Але вы павінны будзеце бачыць і суседнія дзяржавы, дзе мы таксама можам мець пару сур’ёзных праектаў.
“Я хачу вам больш сказаць. Я пайду нават на тое, каб дзесьці скараціць нашу прысутнасць у тых рэгіёнах, якія не вельмі хочуць з намі супрацоўнічаць, і перакінуць нашы асноўныя дыпламатычныя намаганні на тыя рэгіёны, дзе нас чакаюць і дзе мы можам атрымаць аддачу ад гэтага супрацоўніцтва. І вы — адзін з першых, хто накіроўваецца на гэтую працу, — адзначыў беларускі кіраўнік.
Што ж, не дзіўна. Фармальна, Нігерыя з’яўляецца шматпартыйнай рэспублікай, але ёсць таксама меркаванне, што ў сапраўднасці Народная дэмакратычная партыя кантралюе амаль усе рычагі ўлады.
У Нігерыі двухпалатны Нацыянальны сход (Нацыянальная асамблея). Верхняя палата — Сенат (109 месцаў). Сенатары абіраюцца па мажарытарнай сістэме адноснай большасці ў 36 трохмандатных і адным аднамандатных акругах. Старшыня Сената абіраецца непрамым галасаваннем з сенатараў.
Ніжняя палата — Палата прадстаўнікоў (360 месцаў). Дэпутаты абіраюцца па мажарытарнай сістэме адноснай большасці.
73 месца ў Сенаце і 213 у Палаце прадстаўнікоў знаходзяцца пад кантролем прапрэзідэнцкай Народнай дэмакратычнай партыі. Ва Усенароднай партыі — 28 і 95 месцаў адпаведна.
Багатая нафтай Нігерыя доўгі час пакутавала ад палітычнай нестабільнасці, карупцыі, неразвітай інфраструктуры і дрэннага кіравання эканомікай. Ранейшыя ваенныя кіраўнікі Нігерыі не змаглі дыверсіфікаваць эканоміку, каб пазбавіць краіну ад яе поўнай залежнасці ад нафтавага сектара, які дае 95% валютных даходаў і забяспечвае 80% прыбытковай часткі дзяржаўнага бюджэту. У апошнія некалькі гадоў урад пачаў праводзіць рэформы, у прыватнасці прыватызацыю найбуйнейшых нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў краіны, было адменена рэгуляванне ўладамі цэн на нафтапрадукты. Урад таксама заахвочвае развіццё інфраструктуры ў краіне ў прыватным сектарам.
ВУП на душу насельніцтва ў 2009 годзе — 2,4 тыс. дал (177-е месца ў свеце). Ніжэй узроўню беднасці — 70% насельніцтва. У сельскай гаспадарцы занята 70% працуючых, у прамысловасці — 10%, у сферы абслугоўвання — 20%.
Нішто не нагадвае? Прыкладам, Беларусь па палітычнаму ладу, і Венесуэлу — па нафтаваму? Быццам бы, з правалам экспарту нафты з Венесуэлы мы таксама не правалімся з Нігерыяй?
Сапраўды, гісторыя нічому не навучае тых, хто імкнецца навучацца не на сваіх памылках, а на памылках іншых.
Між тым, беларуская ўлада не збіраецца рэфармавацца. Ні пад якім ціскам, ні пад якімі ўмовамі. Фактычна пра гэта заявіў Лукашэнка 21 лютага, звяртаючыся да Сяргея Кандрацьева, якога прызначыў суддзёй і намеснікам старшыні Вярхоўнага суда. “Малайцы людзі, працуюць суддзі нармальна. Яны не схіліліся перад тым, што хтосьці там уводзіць супраць іх санкцыі, — заявіў Лукашэнка. — Гэта наогул абсурд — супраць суддзі ўводзіць санкцыі. Суддзя — нявольнік перад законам. Якія могуць быць санкцыі супраць суддзі? Але тым не менш нашы суддзі ў гэтай сітуацыі проста малайцы. Яны ні перад кім не схіляюцца, робяць сваю справу. Таму ў мяне асаблівых прэтэнзій да судзейскага корпусу няма, і вы павінны ведаць, што я вельмі беражліва ахоўваю нашу судовую сістэму ад усялякага ўмяшання ў яе работу. І ламаць судовую сістэму, якая існуе ў Беларусі, недапушчальна.
У прынцыпе, Лукашэнка забыўся на тое, што ніхто і не прапануе змяняць судовую сістэму. Змяненню падлягае, па меркаванні праваабаронцаў, толькі правапрымяняльная практыка і становішча суддзяў. А менавіта тое, што ў нас няма незалежнай судовай сістэмы, што суддзі прызначаюцца выканаўчай уладай, і шмат што іншае. Прынамсі, Лукашэнка пра гэта ведае, бо праваабаронцы яму на гэтым плеш праелі.
Можа, надышоў час спыніць “завядзёнку, і паглядзець на гэта новым позіркам?