Зінаіда Тарасевіч: пра Курапаты я даведалася ў 1946-м

Пра свае асабістае ўсведамленне Курапатаў распавяла карэспандэнту НЧ выбітная беларуская грамадская дзяячка, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч. Яна нарадзілася ў ГУЛАГУ ў 1937-м і толькі ў 1945-м вярнулася з бацькамі на радзіму продкаў.



kurapaty_tarasievic_logo.jpg

Зінаіда Антонаўна беражліва захоўвае памяць пра сваіх рэпрэсаваных сваякоў, дамагаецца вяртання роднай хаты ў вёсцы Чыжоўка Папярнянскага сельсавета Мінскага раёна, удзельнічае ў справе абароны Курапатаў і ўвекавечванні памяці беларусаў — бязвінных ахвяраў сталінізму. Вось яе расповяд:

“Вясною 1946 года, як толькі сышоў снег і падсохла зямля, мая маці Таццяна Зенчык распачала пошук сваёй радні — блізкай і далёкай. Першы паход быў да яе цёткі, якая па звестках матулі жыла ў вёсцы Малінаўка. У гэтыя паходы маці заўсёды брала з сабою і мяне. Такіх паходаў нашых было шмат, бо, па-першае, трэба было дазнацца, хто з радні застаўся жывы за гады зняволення маці ў сталінскіх лагерах і яе адсутнасці ў Беларусі, па-другое, трэба было выканаць просьбу сяброў па няшчасці: адшукаць іх родных і напісаць у Охтаму (канцлагер у Верхнятоймскім раёне Архангельскай вобласці Расіі. — М.Г.), па-трэцяе, вельмі хацелася даведацца, як жыла Беларусь 15 гадоў і 6 месяцаў (з 1930 па 1945), пакуль зняволеная маці, як вораг народа, валіла лес і карчавала пні ў таежнай поўначы, па-чацвёртае, матуля вельмі хацела, каб яе дзіцё ведала гісторыю сваёй Бацькаўшчыны — побыт, звычкі і традыцыі беларусаў.

У выніку нашага першага паходу маці даведалася, што Домны Паўлаўны Шалімы — цёткі  Шаліміхі — няма ў Малінаўцы з 1930-га года. Яе сям’ю спасціг лёс маёй матулі. Але засталіся некаторыя былыя жыхары вёскі, і распачалася гаворка. Маці распавяла, чаму і як апынулася ў таежным пасёлку Охтама на расійскай поўначы, дзе загінулі 10 чалавек з 11 зняволеных чальцоў сям’і. І раптам адна жанчына кажа: “Ой, Танька, ты адна вярнулася з адзінаццаці, а з ляску, праз які вы ішлі да нас, увогуле ніхто жывым не вяртаўся”. Справа ў тым, што паколькі тады яшчэ не хадзіў аўтобус з Мінска ў Малінаўку, мы на папутнай грузавой машыне пад’ехалі да лесу Брод (сённяшняе ўрочышча Курапаты.М.Г.), а потым лесам (раней праз яго праходзіла дарога, па якой у Мінск хадзілі) і полем прайшлі пешшу да Малінаўкі. Вось так мы даведаліся, што ў Бродзе адбываліся расстрэлы і жыхары Малінаўкі пра іх ведалі. А жанчына працягвала: “Мае ж хлопцы, Коля і Ваня, аднойчы ішлі з Мінску лясной дарогай праз Брод (і што ім прыйшло ў галаву наблізіцца да месца расстрэлаў?), дык нейкі мужчына ў форме падышоў да маіх сыноў і даслоўна кажа: “Хлопцы, вы здесь что-нибудь видели?”. А мой меншы быў разумнейшы і адказвае: “Не, нічога не бачылі”. Божа! Калі б ён сказаў, што бачылі, дык іх бы там на месцы і забілі…

Ужо пазней, на пачатку 1990-х, я  даведалася, што гэты лясок і ёсць урочышча Курапаты. Пра гэта мне паведаміла па тэлефоне адна жанчына (прозвішча яе не памятаю, а імя — Таццяна), маці якой нарадзілася ў Малінаўцы ў 1929 годзе і з дзяцінства ведала пра жудасныя трагедыі, што адбываліся ва ўрочышчы. Пра расстрэлы ў Курапатах яна часцяком расказвала і сваім дзецям.

Чарговы паход з маці адбыўся ў вёску Якубавічы, што прыблізна ў паўкіламетры ад малой матчынай радзімы — вёскі Чыжоўка. У Якубавічах зноў пачалася гаворка пра тую ж самую Охтаму, а таксама пра той жа лясок Брод, што недалёка да Мінска. У дадатак жыхар Якубавічаў распавёў, што расстрэлы ладзіліся і ў Ваньковічаў лесе. Паколькі маці добра ведала ўсё наваколлі сталіцы, мы з ёю пайшлі і ў Ваньковічаў лес, але пры падыходзе да яго прачыталі шыльду “Парк Чалюскінцаў”. Вось так…

У нашых паходах суразмоўцы, калі збіраліся на вячоркі, узгадвалі часы маладосці і гаварылі, як склаўся лёс сваякоў і сяброў. За гэты, здавалася б, і невялікі час (з 1930 па 1946 гады) кагосьці схапілі энкавэдысты і невядома дагэтуль, што з імі сталася, кагосьці ў 1941–1944 гадах забілі немцы падчас фашысцкай акупацыі Беларусі, хтосьці не прыйшоў з Другой сусветнай вайны, пра што сведчылі пахаронкі, а нехта вярнуўся інвалідам…

У гаворцы дайшлі да лёсу вядомага мясцовага абібока Грышкі Бацяна. Гэты несусветны гультай нідзе не вучыўся, не хацеў працаваць, толькі хадзіў па навакольных вёсках у пошуках здабытку, альбо проста пабавіць час. І людзі шкадавалі гэтага дзівака і падкормлівалі яго. Грышку было здалёк чуваць, калі ён падыходзіў да чарговай хаты і заўсёды прамаўляў: "Гзачем, гзачем Вы слово дали, гзачем не думали любить?". Мабыць, гэтыя словы з нейкага верша ён толькі і вывучыў, да таго ж з памылкай. І вось, як аказалася, гэты абібок вельмі спатрэбіўся энкавэдыстам, бо менавіта ён расстрэльваў людзей у тых самых Курапатах, побач з якімі і жыў у 1930-я гады. Менавіта пра гэта даведаліся мы з матуляй у першыя пасляваенныя гады. Вось табе і дзівак! Больш за тое, як стала вядома, гэты Грышка Бацян падчас нямецка-фашысцкай акупацыі Беларусі выдаваў нацыстам мясцовых людзей. І вось гэты гультай і мярзотнік, пра якіх у нас кажуць: “Дурны, дурны, але сала любіць!”, напрыканцы вайны мусіць адчуў, што не абміне яго людская расправа за забойствы і збег з Бацькаўшчыны недзе на расійскі Урал, дзе і сканаў у 1946 годзе.

Вось такая яна ЖЫВАЯ ГІСТОРЫЯ, якую не адно дзесяцігоддзе замоўчвалі і працягваюць замоўчваць афіцыйныя ўлады краіны.

Сёння пра Курапацкую трагедыю стала вядома ўсяму свету, дзякуючы легендарнаму артыкулу Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты: дарога смерці” з прадмовай народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава ў нумары штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва” ад 3 чэрвеня 1988 году. Але мусіць ніхто не быў так абуджаны гэтым артыкулам, як я: неба пасвятлела, усё наваколле змяніла колер на больш выразны, дыхаць стала лягчэй… Менавіта за гэта я выказваю шчырую падзяку першаадкрывальнікам Курапатаў”.