«Зялёная» эканоміка і беларускі бізнес: разам ці паасобку?
Наколькі гэта ў інтарэсах бізнесу — улічваць праблемы экалогіі і сачыць за навакольным асяроддзем? Асабліва для тых кампаній, якія пераехалі ў Еўропу.
З пункту гледжання перспектывы рана ці позна беларускаму бізнесу давядзецца займацца ESG-справаздачнасцю, каб адпавядаць трэндам.
Што такое ESG (ад ангельскага environmental — «экалогія», social — «сацыяльнае развіццё», governance — «кіраванне») і чаму на Захадзе гэта набывае ўсё большую папулярнасць? Як прыжываюцца прынцыпы ESG у беларускім бізнесе? Thinktanks.by пагутарыў з эксперткай у сферы ўстойлівага развіцця і кліматычнай палітыкі Марыяй Фалалеевай.
Вялікая і жудасная абрэвіятура ESG
— Калі ў 1992 годзе прынялі канцэпцыю ўстойлівага развіцця, спачатку бізнес і фінансавыя інстытуты ставіліся да яе досыць асцярожна. Яно і зразумела: любыя змены азначаюць вялікую трансфармацыю бізнесу і фінансавых патокаў — гэта дорага, доўга, клапотна. Але з пачатку нулявых — дзясятых гадоў бізнес пачаў уцягвацца ў гэты парадак больш актыўна. Чаму?
Ёсць дзве прычыны: ідэалагічныя і прагматычныя. Зразумела, трэба вырашаць экалагічныя і сацыяльныя праблемы: бізнесмены таксама людзі, у якіх ёсць свае сем'і. Але з іншага боку, акрамя ідэалагічных, у бізнесу маса прагматычных задач. Стала зразумела, што гісторыя з устойлівым развіццём, з азеляненнем бізнесу — не проста модны трэнд, а прыйшла сур'ёзна і надоўга, а па-другое, сталі відавочнымі рызыкі. Калі на пачатку 90-х з'явіліся першыя пераканаўчыя прагнозы таго, што адбываецца хуткае змяненне клімату, якое стане неўзабаве ўплываць і на нас, то ў нулявых — пачатку 2010-х гэты ўплыў стаў відавочным: бізнесы нясуць рэальныя страты — і інфраструктуры, і рынкаў, і перабудовы лагічных ланцужкоў. Змяненне клімату ўжо ўплывае на бізнес, экалагічныя і сацыяльныя праблемы фармуюць новыя рызыкі, якія варта прымаць пад увагу. Ёсць некалькі відаў рызык: прамыя — разбурэнне інфраструктуры (праз паводкі, напрыклад), ускосныя рызыкі — змена ланцужкоў паставак (напрыклад, прагназуецца што да 2050 года плошча, прыдатная для вырошчвання кавы, скароціцца ўдвая), ёсць транзітныя рызыкі (цяпер актыўна змяняюцца экалагічнае заканадаўства і стандарты ў многіх краінах свету, пад гэта трэба мяняць або адаптаваць вытворчыя працэсы).
Ёсць і яшчэ адзін немалаважны момант. З развіццём палітыкі, грамадскай думкі ўключэнне ў «зялёную» павестку стала значнай часткай бізнес-рэпутацыі. Гаворка ідзе пра рэпутацыю як для кліентаў, так і для інвестараў, фінансавых інстытутаў.
Аднымі з першых у «зялёную» павестку ўключыліся фінансавыя інстытуты, якія ў апошнія гады ўсё больш звяртаюць увагу на тое, наколькі кампаніі ўлічваюць рызыкі, звязаныя з навакольным асяроддзем і наколькі яны выглядаюць добра з пункту гледжання ўстойлівага развіцця. У кампаній паўстала патрэба прадпрымаць дзеянні па пераадоленні новых рызык, а заадно дэманстраваць сваю дзейнасць. Сапраўды, гэтак жа, як раней не было аўдыту і бухгалтарскай справаздачнасці, а потым з'явіліся, цяпер паступова з'яўляецца справаздачнасць у сферы ўстойлівага развіцця.
У нулявых — дзясятых гадах быў папулярным такі інструмент, як КСА (карпаратыўна-сацыяльная адказнасць), але цяпер яе паступова замяняе ESG. Каб кампанія была паспяховай і ўстойлівай яна павінна працаваць на трох кірунках: навакольнае асяроддзе, сацыяльны аспект і кіраванне. Так з'явілася вялікая і жудасная абрэвіятура ESG.
Да нядаўняга часу, справаздачнасць па ESG адносілася да добраахвотнай фінансавай справаздачнасці. Кампаніі распрацоўвалі яе самі або карысталіся паслугамі кансультантаў. Пры гэтым адзіных стандартаў — што павінна ўключацца ў такую справаздачнасць, — не было. Таму паўстала неабходнасць у распрацоўцы стандартаў ESG справаздачнасці. Як часта бывае пры такіх новаўвядзеннях, многія кансалтынгавыя кампаніі і аналітычныя агенцтвы сталі распрацоўваць свае ўласныя метадалогіі, і паступова ўзнікла праблема іх уніфікацыі.
Конкурс прыгажосці для багатых і не вельмі
— У сферы метадалогіі і парадку прадастаўлення справаздачнасці сёння актуальныя дзве тэндэнцыі.
Па-першае, гэта ўніфікацыя метадалогіі справаздачнасці, над чым працуюць найбуйнейшыя міжнародныя арганізацыі ў гэтай галіне. Напрыклад, у гэтым годзе сваю метадалогію прыняў Еўрапейскі Саюз.
Другі важны трэнд — гэтая справаздачнасць з разраду добраахвотнай паступова пераходзіць у разрад абавязковай. У гэтым годзе выйшла новая дырэктыва Еўрапейскага Саюза аб справаздачнасці ў сферы карпаратыўнай устойлівасці (CSRD), якая абавязвае буйныя прадпрыемствы і кампаніі даваць справаздачу аб сваіх дасягненнях і ацэнках рызык у сферы ESG. Гэтая дырэктыва пакуль што ахоплівае буйныя прадпрыемствы і кампаніі. Але ў буйных прадпрыемстваў ёсць пастаўшчыкі, больш дробныя прадпрыемствы, якія абавязаны раўняцца на сваіх спажыўцоў. Натуральна, буйныя вытворцы хутчэй будуць працаваць з тымі пастаўшчыкамі, якія пададуць патрэбную інфармацыю для справаздачнасці. Гэта датычыцца і прадпрыемстваў у краінах, якія ўводзяць такое заканадаўства і тых, хто працуе з буйнымі кампаніямі ў дадзеных краінах. Так, дзяржавы ЕС з'яўляюцца адным з асноўных глабальных рынкаў. Гэта значыць, што новыя правілы прама ці ўскосна закранаюць усіх, хто пастаўляе прадукцыю ці паслугі на рынак ЕС.
Паралельна падобныя ініцыятывы развіваюцца і ў іншых краінах, па-за межамі Еўрасаюза.
Пакуль няма абавязковых стандартаў па ESG-справаздачнасці для ўсіх, у кампаній — асабліва не самых буйных — ёсць магчымасць падысці гнутка і пачаць з таго, што магчыма на сёння. Кампаніі, якія толькі ўступаюць на гэты шлях, могуць пачаць з малога: можна сфармаваць уласную каманду або наняць кансультантаў. Сам факт працы ў гэтым кірунку ўжо з'яўляецца сігналам для больш буйных кліентаў, для фінансавых інстытутаў: з прадпрыемствам можна мець справу.
Ужо існуюць незалежныя кампаніі, якія акумулююць справаздачнасць, як правіла, у іх ёсць уласныя метадалогіі для складання ESG-рэйтынгаў. Гэта як конкурс прыгажосці: каб усе імкнуліся выконваць правілы, кампаніям прысвойваюць рэйтынг. Гэта ўжо больш высокі ўзровень пацвярджэння намаганняў, а значыць і больш высокія патрабаванні да справаздачнасці.
Гісторыя ESG-стратэгій можа вельмі моцна адрознівацца ў розных кампаній: натуральна, вялікая кампанія здольная распрацаваць больш дэталёвую стратэгію, маленькая – менш дэталёвую. Як і ўсё новае, новую справаздачнасць распрацоўваць няпроста. Складанасць такой справаздачнасці ў тым, што нельга сіламі адной групы спецыялістаў – будзь гэта эколагі, эканамісты або кіраўнікі — падрыхтаваць якасную справаздачу. Для складання справаздачнасці трэба прыцягваць розных экспертаў, не толькі ў самой кампаніі, але і іншых зацікаўленых бакоў — кліентаў, партнёраў, прадстаўнікоў супольнасцей, з якімі працуе прадпрыемства.
Беларусі давядзецца адпавядаць еўрапейскім стандартам
— Натуральна, беларускія кампаніі ўцягнутыя ў міжнародныя працэсы. Да нядаўняга часу каля 30% беларускага экспарту прыпадала на Еўропу. Акрамя таго, частка беларускага экспарту ідзе ў краіны, якія потым пастаўляюць прадукцыю на рынак ЕС — напрыклад, у Казахстан. То-бок, гэтыя краіны могуць уводзіць на нацыянальным узроўні заканадаўства, якое дазволіць ім адпавядаць еўрапейскім стандартам. Гэта значыць беларускім кампаніям у любым выпадку давядзецца падпарадкавацца гэтым правілам.
У Беларусі пакуль што ESG-справаздачнасцю займаюцца вельмі нямногія. Адзіная арганізацыя ў Беларусі, якая больш-менш паслядоўна прасоўвае гэтую павестку, з'яўляецца «Глабальны дагавор» (міжнародная арганізацыя, утвораная пад эгідай ААН, адна з найстарэйшых арганізацый па азеляненні бізнэсу). Тых, што далучыліся, няшмат: па-першае, гэта справа новая, а па-другое, ёсць і іншыя праблемы.
Сапраўды, у беларускага бізнэсу цяпер дастаткова іншых складанасцей. Але з пункту гледжання перспектывы рана ці позна яму давядзецца займацца ESG-справаздачнасцю: хто першы пачаў, той больш паспеў і, адпаведна, той і выйграў.
Негатыўны бок гэтага працэсу — так званым «зялёным адмыванні грошай». Гэта калі справаздачнасць выкарыстоўваецца больш як піяр-ход, а не для вызначэння кропак росту і планавання развіцця. Але на ўсялякі трэнд знойдзецца свой антытрэнд, таму цяпер і распрацоўваюцца ўніфікаванае заканадаўства, рэйтынгі, з'яўляюцца незалежныя платформы, якія адсочваюць працэс.
Таму мая парада: спрабуйце. У Беларусі і краінах СНД не вельмі шмат кансалтынгу, але ён паступова развіваецца; можна стварыць сваю каманду і адправіць на вучобу або наняць кансультанта (прынамсі, у рамках ініцыятывы «Зялёная Беларусь» мы плануем праводзіць такія трэнінгі ў агляднай будучыні).
Цяпер шмат беларускага бізнэсу рэлакуецца ў Еўропу, дзе трэба адпавядаць еўрапейскім стандартам: для буйнога бізнэсу гэта абавязкова, для бізнэсу паменш — можа, і неабавязкова, але давядзецца ўпісвацца ў рэальнасць. А акрамя таго, захаванне ESG-павесткі і правядзенне адпаведных мерапрыемстваў можа дапамагчы інтэграцыі бізнэсу ў мясцовае асяроддзе, у мясцовую супольнасць. Можна працаваць на карысць горада ці населенага пункта, у якім вы працуеце, — гэта дадасць да вашай рэпутацыі і дапаможа з пункту гледжання інтэграцыі і пазнавальнасці. Тым, хто плануе сур'ёзна і надоўга замацавацца на еўрапейскім рынку, гэта асабліва актуальна.