Яраслаў Раманчук: Стварэнне СЭЗ — гэта таксама карупцыя
Свабодныя эканамічныя зоны (СЭЗ) — гэта як у Оруэла: усе жывёлы роўныя, але ёсць жывёлы, якія «раўнейшыя за іншых», разважае эканаміст Яраслаў Раманчук у каментары «Филину».
Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка на мінулым тыдні праехаў па Магілёўскай вобласці: інспектаваў прадпрыемствы з замежным капіталам, аглядаў будоўлі малочна-таварных комплексаў, правяраў, як ідзе імпартазамяшчэнне, і пахваліў СЭЗ «Магілёў».
Па словах чыноўніка, свабодныя эканамічныя зоны — аазіс бізнес-асяроддзя і адначасова эксперыментальны палігон, у якім «створаны найлепшыя ўмовы» для прыцягнення інвестараў.
— Цікавасць да іх захоўваецца і, я б сказаў, нават падрастае: за 2022 год і мінулы перыяд 2023-га мы зарэгістравалі больш за 50 новых рэзідэнтаў СЭЗ, цэлы шэраг яшчэ знаходзіцца ў працэсе падрыхтоўкі дакументаў. Упэўнены, што мы будзем гэты кірунак развіваць і далей, — заявіў Галоўчанка.
У Беларусі рэзідэнты СЭЗ карыстаюцца немалой колькасцю льгот і прэферэнцый: падатковых, мытных, зямельных. Але ці сапраўды гэта такі ўдалы, а галоўнае карысны для развіцця айчыннай эканомікі фармат?
— Там, дзе нізкія падаткі, асаблівыя прэферэнцыі — гэта кармушкі для мясцовага, лакальнага бізнесу, — адзначае ў каментары «Филину» эканаміст Яраслаў Раманчук. — Трапіць у СЭЗ заўсёды было адмысловай працэдурай, утрымацца там — таксама.
Гэта як у Оруэла: усе жывёлы роўныя, але ёсць жывёлы, якія «раўнейшыя за іншых». Вось і ў Беларусі: СЭЗы, потым ПВТ, потым Кітайскі «Вялікі камень» — гэта якраз для тых, хто больш роўны. Ёсць людзі, якія лічаць, што іх «дахі», іх сувязі маюць дастатковую сілу, каб прыкрываць іх бізнес працяглы час, абараняць іх ад рэйдарства, ад «наездаў» — і, натуральна, ім лепш працаваць у СЭЗе, чым у звычайных, агульных умовах.
Яраслаў Раманчук характарызуе СЭЗЫ як «пыласосы для скарачэння падатковай базы» на абмежаваных тэрыторыях. А што гэтыя зоны з асаблівым статусам і льготнымі ўмовамі прадпрымальніцтва даюць для краіны?
— Мяркуючы па сярэднегадавых тэмпах росту за апошнія 15 гадоў, нічога, — кажа Яраслаў Раманчук. — Але для кагосьці канкрэтнага яны сапраўды аптымізуюць выдаткі, робяць тавары больш канкурэнтаздольнымі. Бо калі ты афіцыйна даеш датацыі нейкім прадпрыемствам, то нават расійскія кампаніі могуць сказаць: маўляў, дэмпінг. А калі прадпрыемствы працуюць у СЭЗ, то быццам бы і такога аргумента ўжо няма.
І СЭЗы, і індустрыяльныя паркі — усё гэта спосабы зніжэння падатковых рэгуляторных выдаткаў бізнесу. Для таго, каб тавары гэтых вытворцаў прадаваліся на больш выгадных умовах — як у Беларусі, так і за яе межамі.
Але для ўсёй краіны, па факце, гэта ніякае не выратаванне і не мадэрнізацыя.
А ва ўмовах, калі па сутнасці справы абнулілі інстытут прыватнай уласнасці (асабліва з улікам рашэння Лукашэнкі аб тым, што і дывідэндамі нельга будзе распараджацца без узгаднення), такія магчымасці і кармавая база адкрываюцца толькі для наменклатурна-сілавога бізнесу.
У перспектыве ці патрэбны ў краіне СЭЗ, або для развіцця эканомікі ад іх лепш пазбаўляцца?
— Беларусь не велізарны Кітай, дзе трэба падымаць нейкія асабліва бедныя рэгіёны, — адзначае эканаміст. — Беларусь — маленькая, кампактная. Таму неабходна стварыць такія ўмовы для ўсёй краіны, каб яны былі максімальна спрыяльнымі. Вылучаць асобныя кавалкі — ніякіх падставаў для гэтага я не бачу.
Так што, калі казаць аб падтрымцы прадпрымальніцтва, вядома, гэта трэба рабіць у адзіным, універсальным рэжыме для ўсёй краіны, для ўсіх сектараў эканомікі. Таму што як толькі ёсць дыскрэцыя — рашэнні чыноўнікаў аб выдзяленні таго ці іншага падатку, інтэрпрэтацыі заканадаўства па льготах — ты заўсёды нарываешся на карупцыю.
І ліквідаваць любыя яе крыніцы трэба не СЭЗамі (бо стварэнне СЭЗ — гэта таксама карупцыя: дзе ствараць, а дзе не? каго ўпускаць, а каго не?), а хай прадпрымальнікі канкурыруюць ідэямі, таварамі, коштамі, умовамі продажу, а ніяк не доступам да цела нейкага начальніка.