Ёршык у прыбіральню за 600 рублёў. «BELPOL» сцвярджае, што знайшоў новую «рэзідэнцыю Лукашэнкі»

Аб'яднанне былых сілавікоў «BELPOL» выпусціла фільм-расследаванне пра новую «рэзідэнцыю Лукашэнкі», размешчаную ў беларускай сталіцы на вуліцы Чырвонаармейскай, 15. «BELPOL» паведаміў, што імі былі атрыманы сотні дакументаў, сярод якіх дэталёвыя планы, дызайн-канцэпцыі, кантракты, дамовы аб пастаўках і іншыя.

18_rl4.webp

«Мы пераканаліся, што дакументы сапраўдныя», — паведамляюць стваральнікі фільма.

Паводле іх інфармацыі, раней па адрасе Чырвонаармейская, 15 размяшчаўся Рэспубліканскі клінічны медыцынскі цэнтр (аддзяленне афтальмалогіі) Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі. Цяпер, паводле звестак следчых, медцэнтр і прылеглая да яго тэрыторыя цалкам перароблены. Сума, у якую абышлася рэканструкцыя і перааснашчэнне, складае 43 645 943 беларускія рублі (па курсе Нацбанка на 1.08.2023 — амаль 14,4 мільёна долараў). Прычым усе сродкі, выдаткаваныя на «рэзідэнцыю» згодна з прадстаўленымі ў фільме дакументамі, накіроўваліся з дзяржаўнага бюджэту.

Дзякуючы дэталёваму плану гледачы маюць магчымасць здзейсніць 3D-тур па некаторых памяшканнях.

У будынку чатыры паверхі, на якіх размешчаны памяшканні для працы, адпачынку і лячэння. Мяркуючы па дакументах, большая частка абсталявання і інтэр'ераў была замоўлена ў расійскіх вытворцаў. Сярод беларускіх кампаній вылучаецца ЗАТ «Пінскдрэў», чыя мэбля была закуплена і для працоўных залаў, і ў спальню. Шмат прадметаў рабілася па адмысловай замове.

У будынку ёсць зброевы пакой, басейн з VIP-зонай, джакузі, масажны кабінет, канферэнц-зала, спальня, медыцынскі кабінет і многае іншае. Уражваюць не толькі велізарныя цэны, але і прадметы, на якія яны былі выдаткаваны.

Так, на паверх для адпачынку сярод іншага была набыта крыасаўна за 100 тысяч долараў, «сонечны пакой» за 62 тысячы беларускіх рублёў, снегагенератар за 118 тысяч рублёў, хамам за 184,5 тысячы рублёў, VIP-саўна за 109 тысяч рублёў.

Аквадыскатэкі, як у Пуціна, адзначаюць следчыя, у гэтай «рэзідэнцыі» няма, затое ёсць два «душы ўражанняў з музыкай» — «Тропіка» і «Сібірская ноч» агульным коштам амаль 100 тысяч рублёў.

Мяркуючы па даных «BELPOL», пры аснашчэнні будынка ў сродках не саромеліся. Сярод прадстаўленых дакументаў ёсць дамовы на пастаўку, напрыклад, чатырох металадэтэктараў, за якія было выплачана 75,5 тыс. руб., стол для нарад за больш чым 71 тыс. руб. Ёсць кампазіцыя са штучных кветак, якая абышлася больш чым у 20 тыс. руб, камплект штор амаль за 30 тыс. руб.

У новенькую бібліятэку закупілі кніг больш, чым на 68 тыс. руб, а за столевыя вітражы ў беларускім стылі і зусім аддалі казачныя грошы — 72, 78 і 225 тыс. руб. Апошні, самы дарагі, дарэчы, упрыгожваюць васількі, якія зусім нядаўна выклікалі спрэчкі ў прыхільнікаў Лукашэнкі.

18_rl3.webp

Ну і як жа без ёршыка ў прыбіральню — ён абышоўся ў 599 рублёў 76 капеек. Дарэчы, смеццевае вядро ў санвузел набыта за 465 рублёў.

Медыцынскі кабінет, адзначаюць следчыя, абсталяваны значна лепш, чым кабінеты фізіятэрапіі ў звычайных паліклініках.

Паводле «Салідарнасці»