«Хацелі зрабіць найбуйнейшы хаб у Еўропе»: Вядомы распрацоўшчык анлайн-казіно таксама сыходзіць

Evolution Gaming — распрацоўшчык гульняў для анлайн-казіно — да канца года закрые офіс распрацоўкі ў Мінску. Яны мелі намер зрабіць яго адным з найбуйнейшых інжынерных хабаў у Еўропе. Але не атрымалася.

roulette4.png

Пра гэта беларускую каманду апавясціў у сваім лісце CEO Марцін Карлсунд. Як вынікае з ліста, топ-менеджмент Evolution Gaming прыняў рашэнне закрыць офіс, бо прааналізаваў умовы працы ў Мінску, піша devby.io.

«У цяперашняй палітычнай і сацыяльнай нявызначанасці ў Беларусі мы, на жаль, не гарантуем, што зможам выступаць у якасці добрага працадаўцы для нашых супрацоўнікаў», — гаворыцца ў лісце.

Па словах CEO, рашэнне закрыць офіс «было няпростае». «Два гады таму мы адкрылі мінскі хаб з намерам зрабіць яго адным з найбуйнейшых інжынерных хабаў у Еўропе. І дагэтуль спадзяваліся, што не давядзецца мяняць нашых амбіцыйных планаў».

Да канца гэтага года мінская каманда мае скончыць усе праекты, якія знаходзяцца ў завяршальнай стадыі. Астатнія праекты плануецца перадаць інжынерным камандам у іншых лакацыях.

Закрыццё мінскага офіса закране каля 80 спецыялістаў. Паводле інфармацыі dev.by, ім прапанавалі рэлакейт у польскі офіс кампаніі, куды за мінулы і гэты год ужо пераехала шмат спецыялістаў з Беларусі. У прыватнасці, у лінкедзіне журналісты знайшлі профілі 170+ работнікаў Evolution Gaming, якія пазначылі Польшчу ў якасці актуальнай лакацыі. На сайце кампаніі размешчана каля 20 вакансій для працы ў Варшаве (і ніводнай — для працы ў Беларусі).

Што праўда, рэлакавацца супрацоўнікі могуць толькі за свой кошт. «Фінансавую падтрымку пры пераездзе скасавалі паўгода таму. Кампанія толькі дапаможа з афармленнем дакументаў. Заробак даюць вышэйшы, чым у Беларусі, але па вялікім рахунку гэтая розніца пакрывае падаткі», — распавёў адзін з супрацоўнікаў.

Глядзіце таксама

Мінскі офіс распрацоўкі Evolution Gaming адкрыўся ў 2019 годзе. У тым жа годзе беларуская юрыдычная асоба «Эвалюшн Продактс Дэвелапмент» стала рэзідэнтам ПВТ (і працягвае заставацца). У студзені 2020 года Head of Engineering Operations кампаніі распавяла, чаму казіно-гігант абраў Беларусь і якія планы ў мінскага офіса.

Увесну гэтага года з’явіліся перадумовы да сыходу. Адначасова пачаў плаўна расфарміроўвацца мінскі офіс. Частка супрацоўнікаў рэлакавалася, частка была звольнена.

Па словах крыніцы, «кіраўніцтва патлумачыла гэта тым, што каманда мае быць у адной лакацыі. Гэтай лакацыяй выбралі Рыгу/Варшаву. «Эвалюшн Продактс Дэвелапмент» пакуль яшчэ дзеючая юрыдычная асоба. Але на сайце Evolution Gaming у пераліку лакацый мы не знайшлі Беларусі.

Evolution Gaming заснавана ў 2006 годзе ў Швецыі. Асноўная спецыялізацыя — распрацоўка гульняў для гэмблінгу, у тым ліку з удзелам жывых дылераў (анлайн-гульцы могуць далучыцца да тых, хто ў гэты момант гуляе ў звычайным казіно).

У кампаніі ёсць прадстаўніцтвы больш чым у 10 краінах. У 2019 годзе кампанія адкрыла офіс распрацоўкі ў Мінску. У Беларусі працавала больш за 170 спецыялістаў, ва ўсіх лакацыях — больш за 15 тысяч. 

Акцыі Evolution Gaming каціруюцца на фондавай біржы Nasdaq.

Па выніках 2022 года аперацыйныя даходы Evolution выраслі на 36% — да 1,5 мільярда еўра, прыбытак — амаль на 39% да 908,3 мільёна еўра. Кампанія за мінулы год выпусціла 88 новых прадуктаў, сёлета плануецца выпусціць больш за 100 гульняў.

Глядзіце таксама

Кантэкст

За 2022–2023 гады некалькі дзясяткаў розных ІТ-кампаній закрылі/прадалі свой бізнес у Беларусі і сышлі з краіны. Сярод іх шмат вядомых, у прыватнасці:

кампаніі з беларускімі каранямі — Flo, Wargaming, Gurtam, Wannaby, OneSoil, Vochi (прадалі бізнес яшчэ ў 2021-м. — dev.by), Verv;

замежныя — WorkFusion, Appodeal, Softeq Development, Arteza, EIS Group, Playrix, SK hynix, Kaseya.

Большасць з іх прапанавалі супрацоўнікам опцыю рэлакейту і ўзялі на сябе частку выдаткаў. Толькі 14% удзельнікаў нашага рэсёрчу ў ліпені 2022-га (5000 анкет) адзначылі, што ў іх кампаніях няма рэлакейту.


Глядзіце таксама

Большасць ІТ-кампаній з топ-50 пакуль захавалі бізнес у Беларусі, але колькасць супрацоўнікаў, якія працуюць у офісах у РБ, за апошнія паўтара года скарацілася прыкладна ў 1,5-2 разы. 

Напрыклад, найбуйнейшая ІТ-кампанія Беларусі EPAM «страціла» прыкладна палову штату. Амаль на столькі ж скарацілася беларуская каманда iTechArt. Мінскі офіс Exadel скараціўся амаль у 5 разоў.

Паводле звестак афіцыйнай статыстыкі і разлікаў devby.io, ад студзеня 2022 года ІТ-сектар страціў каля 22 тысяч спецыялістаў. Тут мы параўналі маштабы дзвюх хваль рэлакейту — пасля 2020-га і пасля 24 лютага 2022-га.