Чаму пацяпленне — гэта рызыка для беларускіх гарадоў?
Ці здолее інфраструктура беларускіх гарадоў даць рады новым кліматычным умовам?
![_horad___verhni_horad___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__3__logo.jpg _horad___verhni_horad___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__3__logo.jpg](/img/v1/images/_horad___verhni_horad___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__3__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У апошнія гады
надвор'е стала больш зменлівым і экстрэмальным — моцныя ліўні змяняюцца
засушлівымі перыядамі, летнія хвалі спякоты становяцца нормай, а зімовыя адлігі
змяняюцца рэзкімі халадамі.
Прычына — глабальныя змены клімату. У гарадах, з іх высокай шчыльнасцю насельніцтва і інфраструктуры, гэтыя змены асабліва заўважныя. Ці зможа інфраструктура беларускіх гарадоў справіцца з новымі ўмовамі? З гэтым разбіралася кандыдат геаграфічных навук Марыя Фалалеева.
Клімат у Беларусі
змяняецца ці гэта толькі здаецца?
Клімат у Беларусі, як і ва ўсёй Еўропе, з-за асаблівасцяў геаграфічнага становішча, мяняецца хутчэй, чым у іншых рэгіёнах свету. Пра гэта сведчаць даныя розных арганізацый, у тым ліку Белгідрамета. За апошнія два дзесяцігоддзі сярэдняя тэмпература паветра ў Беларусі перавысіла кліматычную норму на 1.3 градуса, тады як у свеце за значна больш працяглы тэрмін — апошняе стагоддзе — тэмпература павысілася ў сярэднім на 1 градус.
Самымі гарачымі за ўсю гісторыю назіранняў у Беларусі сталі лета 2010 года і лета 2021 года. Напрыклад, у 2010 годзе ў Гомелі была зафіксаваная максімальная тэмпература +38.9 градусаў. Гэта цалкам адчувальны для нас вынік глабальнага змянення клімату, якое цяпер толькі пачынаецца. У бліжэйшыя дзесяцігоддзі тэмпература паветра ў Беларусі будзе расці, колькасць экстрэмальных з'яў надвор'я — рэзкіх перападаў тэмпературы, шквальным вятроў, паводак і засух — павялічвацца. І гэта стварае рызыкі для гарадской інфраструктуры, у тым ліку дамоў, вуліц, транспарту, да якіх можна падрыхтавацца загадзя.
![Беларусь апусцілася ў рэйтынгу барацьбы са змяненнем клімату Беларусь апусцілася ў рэйтынгу барацьбы са змяненнем клімату](/img/v1/images/climate_1_2.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Чаму пацяпленне — гэта рызыка для гарадоў?
Паводле ацэнак міжнароднага праекта EU4Climate, найбольшыя рызыкі для будынкаў і інфраструктуры звязаныя з павышэннем тэмпературы паветра і змяненнем рэжыму ападкаў — больш засушлівым перыядамі летам і больш багатымі снегападамі зімой.
Здавалася б, пацяпленне дапаможа знізіць спажыванне энергіі на ацяпленне і абаграванне вады. Такі прыклад мы бачылі нядаўна, калі цёплая зіма 2023 года ў Еўропе змякчыла наступствы скарачэння імпарту энерганосьбітаў з Расіі. Аднак з ростам тэмпературы паветра ўзнікае іншая праблема, паколькі будзе расці і патрэба ў астуджэнні. Гэта тычыцца і жылых памяшканняў, дзе ўжо сёння ў гарачае надвор'е без кандыцыянера знаходзіцца складана, і вытворчых, дзе ўзрастуць выдаткі на астуджэнне абсталявання, і гандлёвых плошчаў. Ацэнак таго, у якія сумы гэта можа выліцца ва ўмовах Беларусі, пакуль не было праведзена.
Спантанныя метады адаптацыі для жылых памяшканняў і офісаў, якія сталі ўжо звыклымі, — закрытыя шторы і фольга на вокнах — не вырашаць праблему пры далейшым павышэнні тэмпературы паветра. Асабліва ўразлівымі аказваюцца тыя, хто працуе ці вымушаны праводзіць шмат часу дома — пажылыя людзі, людзі з абмежаванай мабільнасцю, дзеці, жанчыны якія займаюцца хатняй гаспадаркай. Адсутнасць сістэмных мер па адаптацыі жылых і вытворчых памяшканняў можа прывесці да пагаршэння стану здароўя людзей, асабліва прадстаўнікоў уразлівых груп, што прывядзе да дадатковых выдаткаў на ахову здароўя і зніжэння якасці жыцця вялікай колькасці людзей.
Даныя Белстата па дасягненні Мэты ўстойлівага развіцця па гарадскім развіцці (МУР 11) кажуць, што 99% шматпавярховых будынкаў, уведзеных у эксплуатацыю з 2021 года, валодае высокімі паказчыкамі энергаэфектыўнасці. Аднак не ўдакладняецца, якія паказчыкі маюцца на ўвазе, а для прыватнага сектара гэтыя паказчыкі не адсочваюцца. Між тым, менавіта паказчыкі энергаэфектыўнасці адказваюць за кліматычны камфорт будынкаў і падтрыманне аптымальнай тэмпературы. Будынак з нізкімі паказчыкамі энергаэфектыўнасці — неэфектыўным ацяпленнем і вентыляцыяй, стратай цяпла з-за асаблівасцяў будаўнічых матэрыялаў і якасці будаўніцтва — хутка астывае зімой і залішне награваецца летам.
![_horad___bczb_kvetki___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg _horad___bczb_kvetki___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg](/img/v1/images/_horad___bczb_kvetki___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Рызыкі для будынкаў звязаныя не толькі з летняй спякотай, але і з адлігамі зімой. Пры пераходзе тэмпературы праз пазнаку ў нуль градусаў адбываецца замарозка і размарозка будаўнічых матэрыялаў, што ўплывае на тэрмін службы будынкаў. Ад частых перападаў тэмпературы і дадатковай вільготнасці хутчэй руйнуюцца і аддзелачныя пакрыцці.
Будынкі закліканы служыць людзям доўгія гады, а тэхнічныя характарыстыкі, закладзеныя пры іх будаўніцтве, або дапамагаюць пазбегнуць праблем у будучыні, або, наадварот, правакуюць іх. Дзеючыя сёння ў Беларусі стандарты будаўніцтва былі распрацаваныя дзесяцігоддзі таму, калі актуальнымі былі іншыя кліматычныя ўмовы. Цяпер, калі ўмовы мяняюцца, старыя стандарты губляюць актуальнасць. Гэта значыць, што неабходна і пераглядаць нарматывы будаўніцтва, і адаптаваць існуючыя будынкі да новых умоў. Ацэнка кліматычных уздзеянняў патрэбная і буйным забудоўшчыкам, і індывідуальным домаўладальнікам, хоць падыходы да зніжэння рызык могуць быць розныя.
![Якія наступствы глабальнага пацяплення чакаюць Беларусь? Якія наступствы глабальнага пацяплення чакаюць Беларусь?](/img/v1/images/unnamed_124.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Каб адаптаваць будынка ў Беларусі да зменаў клімату, можна выкарыстаць сусветны вопыт, у тым ліку:
- павышаць энергаэфектыўнасць і праводзіць абавязковую энергасертыфікацыю будынкаў з выкарыстаннем прынятых міжнародных рэйтынгаў па энергаэфектыўнасці,
- ствараць натуральнае зацяненне і эфектыўную вентыляцыю,
- выкарыстоўваць кліматаўстойлівыя будаўнічыя матэрыялы,
- прадастаўляць субсідыі для ўмацавання і рэнавацыі будынкаў.
Рэалізацыя гэтых практык дазволіць вырашыць шэраг праблем адразу — адаптавацца да зменаў клімату, скараціць выдаткі на электраэнергію, стварыць здаровае і камфортнае гарадское асяроддзе. Аднак, каб дасягнуць такіх вынікаў, дзейнічаць трэба хутка. Адкладванне рашэнняў можа прывесці да значных страт не толькі ў доўгатэрміновай перспектыве, але і ў найбліжэйшай будучыні.
Паводле "Беларусь. Экспертиза", thinktanks.by
Пераклад «НЧ»