Ні грошай, ні электрычнасці: гісторыя яшчэ адной няўдалай спробы весці бізнес з дзяржавай

Пракуратура забрала ў прыватніка мільёны рублёў за прададзеную дзяржаве «зялёную» электраэнергію. Дамову «Магілёўэнерга» прызналі несапраўднай. Узвесці сонечную электрастанцыю прыватнай фірме каштавала 170 мільёнаў долараў.

czyhunka__ekanomika_fota_dzmitryeu_dzmitry_logo__1_.jpg

Гісторыю пра тое, як дзяржава купіла ў прыватніка электраэнергію, а потым прыйшла пракуратура і «адціснула» атрыманыя мільёны, расказвала «Люстэрка». А цяпер стала вядома, у якой кампаніі запатрабавалі вярнуць назад гэтыя сродкі.

 «Магілёўэнерга» закупіла ў прыватніка электраэнергію з аднаўляльных крыніц. Агульная сума здзелкі перавысіла 15,7 млн рублёў. Аднак закупка выклікала пытанні ў пракуратуры, якая праз суд дабілася вяртання гэтых грошай.

Як высветлілася, гаворка ідзе пра прыватную кампанію «Солар Лэнд» — заказчыка фотаэлектрастанцыі ў Чэрыкаўскім раёне.

Як паведамляецца на сайце Вярхоўнага суда, з кампаніі, паводле рашэння эканамічнага суда Магілёўскай вобласці, мусяць спагнаць амаль 15 млн 782,5 тыс. рублёў за электрычную энергію, пастаўленую «Магілёўэнерга». Пры гэтым здзелку прызналі несапраўднай.

Раней стала вядома, што кампанія «Солар Лэнд» падала на банкруцтва, аднак Эканамічны суд Мінска ў траўні вярнуў заяву. Гэту інфармацыю выданне «Office Life» знайшло на афіцыйным сайце Вярхоўнага суда Беларусі. Гэта кампанія раней трапіла пад контрсанкцыі Мінска, уладальнікам фірмаў з чорнага спісу забаранілі распараджацца акцыямі.


Паводле звестак сэрвісу «Картатэка», кампанія «Солар Лэнд» была зарэгістравана ў 2015 годзе для будаўніцтва і эксплуатацыі будучай фотаэлектрычнай станцыі. 100% долі ў ёй належыць брытанскай фірме «Сameliaside». Яе, у сваю чаргу, стварылі як праект у зялёнай энергетыцы Беларусі брытанскія інвестыцыйныя кампаніі «United Green Group» і «Altоstarta».

Інвестыцыйная дамова з беларускімі ўладамі на ўзвядзенне найбуйнейшай у краіне ФЭС у Чэрыкаўскім раёне (яе вызначаная магутнасць — 109 МВт) была падпісана ў 2014 годзе. Будаўніцтва пачалося ў 2018 годзе. У ім узялі ўдзел беларускі і нямецкі падрадчыкі, а абсталяванне было з Кітая. Станцыя была запушчана ў верасні 2021 года, а першым месяцам камерцыйнай эксплуатацыі стаў люты мінулага года. Агульная сума інвестыцыйных выдаткаў у праект ацэньвалася ў 170 млн долараў.

«Солар Лэнд» уваходзіць у спіс актываў, у якіх іх замежным уласнікам забаронена адчужаць свае долі без узгаднення з беларускім урадам.