Чысткі ў электрычных сетках прывядуць да аварый. Хутка

Масавыя звальненні супрацоўнікаў дакаціліся і да прадпрыемстваў, якія займаюцца электразабеспячэннем. Да чаго гэта неўзабаве прывядзе, распавёў адзін з былых супрацоўнікаў галіны.

elektra.jpg

З «Люстэркам» звязаўся ўжо былы супрацоўнік аднаго з філіялаў «Віцебскэнерга», якога звольнілі з-за подпісу на выбарах у 2020 годзе. Ён расказаў падрабязнасці палітычных звальненняў.

«Сказалі, што будзе прасцей усім, калі мы расстанемся па пагадненні бакоў»

Віталь (імя змененае) працаваў на адным з філіялаў электрасетак у Віцебскай вобласці. Мужчына займаў адну з кіруючых пасад, але ў лютым страціў сваё месца. Сітуацыя развівалася ўжо класічным для Беларусі чынам: кіраўніцтва выклікала на гутарку і паведаміла пра «спісы з Мінска».
— Патлумачылі, што з людзьмі, якія былі ў гэтых спісах, трэба скасаваць кантракт. Ніякіх варыянтаў не прапаноўвалі — проста сказалі, што будзе прасцей усім, калі мы расстанемся па дамове бакоў, — кажа суразмоўца. — Раней у нас праводзілі гутаркі наконт падпісак на «забароненыя» тэлеграм-каналы. Тады папярэджвалі, што гэта нейкім чынам адсочваюць і, калі наступным разам паўторыцца, звольняць. Але мне сказалі, што ўся справа ў падзеях, якія былі на выбарах у 2020 годзе. Канкрэтна не ўдакладнялі. А калегі гавораць, уся справа ў подпісах за альтэрнатыўных кандыдатаў. Вядома, у мяне злосць на тое, што адбывалася, была, таму што ў арганізацыі не адзін год адпрацаваў, а ў выніку ў адзін з дзён аказаўся проста не патрэбны. Прычым гэта не звязана з прафесійнымі якасцямі, былымі заслугамі… Працу ў Беларусі я, мусіць, ужо ці наўрад змагу знайсці.
Колькі сапраўды чалавек звольнілі ў яго філіяле, мужчына не ведае. Кажа, што яму вядома як мінімум 20 прозвішчаў. Паводле яго слоў, усе — кіраўнікі малодшага і сярэдняга звяна. Гэта начальнікі і намеснікі начальнікаў некаторых службаў у Віцебску і Полацку. Усім прапанавалі пайсці па дамове бакоў.
Мужчына мяркуе, што, нават калі б нехта не пагадзіўся, прычыну для звальнення «знайшлі б хутка».
— Любога кіраўніка можна звольніць так ці інакш. Або нацкаваць ахову працы (што практыкуецца, калі хтосьці мудрагеліць або не спадабаўся вышэйшаму кіраўніцтву), або знайсці нейкі пункт у працоўным кодэксе, — лічыць ён. — Але кажуць, што гэта быў спіс менавіта па кіраўніках, а яшчэ будзе асобны па працоўных. Праўда, іх, быццам бы, проста жадаюць выклікаць на гутарку, правесці праверкі. Чысткі праходзяць па ўсіх прадпрыемствах энергетыкі. Яшчэ ж праблема ў тым, што не стала некалькіх чалавек у арганізацыі, дзе працуе амаль тысяча, і што? Ніхто і не заўважыў нібы ніякага шуму.
Як удалося пацвердзіць журналістам, у Віцебскіх электрасетках звольнілі некалькіх майстроў і кіраўнікоў службаў, а таксама начальніка Віцебскай гідраэлектрастанцыі. У прыёмнай «Віцебскэнерга», а таксама на Віцебскай ГЭС, куды журналістка патэлефанавала як прыватная асоба, пацвердзілі: гэтыя людзі на прадпрыемстве больш не працуюць. Такая самая сітуацыя з начальнікам службы рэлейнай абароны, аўтаматыкі і вымярэнняў Полацкіх электрасетак. Па словах двух не звязаных паміж сабой крыніц, у Полацку звальненні маглі закрануць больш за 10 спецыялістаў, у тым ліку майстроў, інжынераў, кіраўнікоў службаў.

«Будзе ўплываць, дзе-небудзь будуць адключэнні святла з-за памылак персаналу»

Віталь сваё звальненне ўспрыняў даволі спакойна. Праўда, ён лічыць, што страта такой колькасці кіраўнікоў, якія ведалі сваю справу, можа адбіцца на рабоце прадпрыемстваў і якасці паслуг спажыўцам. Ён мяркуе, што звольненым людзям раўнацэнную замену хутка не знойдуць:
Калі да гэтага нашае прадпрыемства неяк развівалася, падымалася, то зараз хоць бы не страціць, што было зроблена. Пэўныя праблемы будуць. Наколькі вялікія, складана сказаць, таму што на месцы, якія вызваліліся, будуць прызначаць людзей з цяперашніх супрацоўнікаў. Але зноў-такі — гэта новы чалавек, гэта можа адбіцца на надзейнасці электразабеспячэння. Запас трываласці ў абсталявання ў энергетыцы ёсць. Калі туды хаця б проста не лезці, нейкі час усё прапрацуе. Але калі пачнуць нешта чыніць, не разумеючы, што робяць, наступствы могуць быць сумнымі.
Майстрам доўга будуць замену шукаць, таму што абсталяванне ўвесь час абнаўляецца, яго ўвесь час трэба вывучаць. Па іншых пазіцыях, магчыма, прасцей. Але зноў жа на месца намесніка начальніка пойдзе майстар, хутчэй за ўсё, а яго ўжо заменяць кімсьці з электраманцёраў. У любым выпадку гэта страта, якая, магчыма, адаб'ецца на надзейнасці працы сістэмы на працягу некалькіх гадоў. Гэта значыць, будзе ўплываць, наколькі часта дзе-небудзь будуць адключэнні святла з-за памылак персаналу, непаўнаты абслугоўвання: нешта не заўважылі праз адсутнасць досведу. Можа ў нейкі момант у кагосьці згаснуць святло — у раёнах, у Віцебску.
Нагадаем, 13 сакавіка праваабаронцы паведамлялі, што без працы з-за «нядобранадзейнасці» засталіся каля 30 супрацоўнікаў Глыбоцкіх электрасетак. Людзей звальнялі ў тым ліку з-за ўдзелу ў мітынгах, подпісаў за незалежных кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах ці донатаў на дапамогу рэпрэсаваным беларусам. Па словах праваабаронцаў, спісы «непажаданых асоб», у тым ліку з ліку кіраўнікоў, у арганізацыю маглі спусціць яшчэ некалькі месяцаў таму. Пры гэтым ідэолагам пагражалі звольніць іх саміх, калі не пачнуцца чысткі.