Змаганне за садок: жыхары супраць уладаў ды бізнесоўцаў

Ці даводзілася вам калі жыць ля будоўлі? Калі не, спытайце як гэта, у мінчукоў з вуліцы Славінскага. У зялёнай зоне, сярод жылых дамоў, тут распачалі рэканструяваць будынак і пракладаць да яго дарогу.



Але зусім не факт будаўніцтва сабраў у працоўны дзень дзясяткі разгубленых жыхароў на сход, які арганізавала мясцовая актывістка Валянціна Шалейнікава. Справа ў тым, раней на гэтым месцы па адрасе Славінскага, 11 месціўся дзіцячы садок. Вось ужо 13 гадоў, як мясцовыя жыхары спрабуюць пераканаць улады, што ён па-ранейшаму патрэбны. Замест гэтага адміністрацыя Першамайскага раёна дала прадстаўнікам ТАА “ТАПАС” дазвол на перабудову былога садка пад бізнес-цэнтр. Паводле афіцыйных звестак, апроч уласна офісных памяшканняў, тут плануецца цэнтр побытавых паслугаў, більярдны клуб, салон прыгажосці, фітнэс-цэнтр ды бары. А каб аўтамабілістам было зручней, з’явіцца яшчэ і паркоўка на 100 аўто.

2015520124555_logo.jpg

Дзеці гуляюць наўпрост каля дарогі

Дарога

“Калі тут пілавалі дрэвы, большасць пенсіянераў у доме ляжалі з гіпертаніяй”, — кажа жанчына на лаве. Сорак гадоў таму гэтыя дрэвы садзілі самі жыхары. Рэдкія саджанцы прывозілі ажно з Белавежскай пушчы. Але дрэвы перашкаджалі будаўнікам, якія цяпер пашыраюць дарогу каля аднаго з дамоў. Раней тут быў тупік, а далей — зялёная зона без аўтамабіляў. Цяпер па дваровай тэрыторыі ўшчыльную з жылым домам пройдзе паўнавартасная дарога, якая захопіць і пешаходную зону, дзе, дарэчы, заўсёды шмат дзяцей з бліжэйшых школ ды садкоў. Ці знойдуцца цяпер бацькі, якія са спакойнай душою дазволяць малым гуляць ды ўвогуле хадзіць тут самастойна?  

201552_logo.jpg

 Спадарыня Тамара

“Не пажаданая тут дарога, — кажа  спадарыня Тамара, — тут будзе “капцілаўка”.

2015520123951_logo.jpg

Сяргей Аляксандравіч супраць будаўніцтва дарогі

— Яна тут абсалютна не патрэбная! — падтрымлівае яе былы педагог Сяргей Аляксандравіч, — тут могуць быць траўмаваныя не толькі дзеці, але і пажылыя людзі. Гэта зялёная зона, калі яе заняць машынамі, стане менш кіслароду”.

Да мяне падыходзіць раз’юшаная спадарыня Аксана і кажа: “А давайце я вам растлумачу! Вось бачыце вяроўкі? Ва ўсіх дамах першы паверх без балконаў! Адгадайце, дзе мне бялізну сушыць, калі тут пабудуюць дарогу?” — голас спадарыні Аксаны на некаторы час заглушае бульдозер, які праязджае на будаўнічую пляцоўку. “Я сама асабіста некалькі разоў падыходзіла, пытала: што тут будзе будавацца? — працягвае жанчына. —  Пашпарту будынка не было! Яго літаральна тыдзень таму павесілі. Я штодзень вяртаюся з працы дадому а 12-й гадзіны ўначы. Гадоў 20 ўжо прашу зрабіць святло ў двары. Святла як не было, так і няма, затое ў нас вельмі хутка робяць дарогу, якая мне не патрэбная, а нехта на ёй будзе грэць рукі! Мяне цікавіць пытанне, што буду мець з гэтага я?

2015520122707_logo.jpg

 

— І самае галоўнае, што яны кажуць, што атрымалі дазвол на будаўніцтва гэтага аб’екту... — падхватвае яшчэ адна жыхарка — спадарыня Галіна.

— Іх ніхто не бачыў і не чуў...

— І яны казалі пра добраўпарадкаванне! А пра дарогу ўвогуле гаворкі не ішло! Тут жа будзе двухбаковы рух, дык што светлафоры каля кожнага пад’езду ставіць? Такое адчуванне, што недзе ў кабінеце пастанавілі: тут будзе дарога, а прыехалі на месца — стаяць дамы. Ніякай праўды. Хаця кажуць пра правы грамадзяніна. Дзе наша права? Ніхто да нас не прыслухваецца, нас проста падманваюць. Пра дарогу ніхто не казаў, казалі пра добраўпарадкаванне. Пад гэта і подпісы збіралі”.

 

Садок

Людзі дагэтуль не разумеюць, чаму закрылі адну з лепшых дашкольных установаў Мінска. У 97-м годзе — то бок акурат за 5 гадоў да закрыцця, там яшчэ і рэканструкцыю зрабілі. Паводле чыноўнікаў, у садку №70 было замала дзяцей. Аднак мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што гэта далёка не так. Людзі актыўна пратэставалі супраць рашэння зачыніць садок.

“Нават АМАП выклікалі на бацькоў, — прыгадвае Валянціна Шалейнікава, — нічога не атрымалася. Потым пасля нашага звароту, пры ўмяшанні Камітэту дзяржаўнага кантролю, пракуратуры Першамайскага раёну была праведзеная праверка ды выяўлена, што садок закрыты не абаснавана, бо ён быў цалкам ўкамплектаваны дзецьмі, паводле праектнай моцнасці — на 120 месцаў. Аднак, цягам года будынак заставаўся без гаспадара. Мы звярталіся ў розныя інстанцыі. Бо ў будынку з’явіліся бамжы, там адбыліся тры забойствы. У 2003 годзе дзіцячы садок вывелі з сеткі дашкольных установаў і перадалі на баланс ГУУС Мінгарвыканкаму. Пасля чарговага ўмяшання КДК будынак перадалі для рэканструкцыі пад першамайскі фізкультурна-аздараўляльны цэнтр. Пад гэта выдаткавалі 500 мільёнаў. І тут зноўку з’яўляецца рашэнне Мінгарвыканкаму — перадаць будынак ужо пад рэканструкцыю школы Алімпійскага рэзерву па боксу. Але раптам літаральна праз год участак выдзяляюць ТАА “ТАПАС” пад будаўніцтва двух 18-павярховых дамоў.

Будаўніцтва не адбылося праз шматлікія пратэсты жыхароў. Падобным жа чынам адмянілі спробу пабудаваць на месцы дзіцячага садка 9-павярховік. І толькі пасля з’явіўся праект рэканструкцыі, які ажыццяўляецца зараз на Славінскага.

Жыхары ж дагэтуль хочуць аднаўлення працы садка ў шматпакутным будынку.

“Гэта быў самы лепшы садок, там заўсёды было шмат дзяцей. Я сама туды хадзіла, я вырасла ў гэтым раёне, —  распавядае Аксана, маці гадавалага Яраслава. Цяпер жанчына заклапочаная ўладкаваннем ў садок свайго сына: “Нам сказалі: месцаў няма, хаця мы стаім у чарзе з нараджэння”.

2015520122808_logo.jpg

Пра перапоўненыя садкі кажуць і іншыя жыхары раёну. “Мы ў 286-ы садок уладкаваліся з вялікай цяжкасцю, хаця планавалі ў 291-ы, але нас туды не ўзялі таму, што ён перапоўнены: у адной групе 28 чалавек, у другой — 30, ложачкаў не хапае, шафікаў таксама, выхавальнікаў таксама на ўсіх нестае, — распавядае Наталля, маці двух сыноў — Пятра ды Уладзіміра, — Ды на гэтым месцы прасцей за ўсё было б зрабіць прыватны дзіцячы садок. Басейн зрабіць. Бо нам, напрыклад, артапед прапісаў дзіцячы садок з басейнам. Вось мне трэба вазіць дзіця на вуліцу Цікоцкага, а тут пад носам мог быць садок з басейнам ды санаторнымі ўмовамі. Хочацца, каб той, ад каго нешта залежыць, усё ж такі пачуў наш крык...”

2015520124534_logo.jpg

Наталля з сынам

Спадар Іван, калі пераехаў жыць на Славінскага, таксама ледзь уладкаваў свайго сына Іллю ў садок. “Прапаноўвалі спачатку садкі альбо на пачатку вуліцы Каліноўскага, альбо ўвогуле ў іншым раёне — на Мірашнічэнкі. Навошта офісныя будынкі ва дварах? А дрэвы калі высякалі, тут увогуле жах быў!

2015520123926_logo.jpg

— Ці згадзіліся б вы сюды пераехаць, каб ведалі, што будзе будоўля?

— Мы пераязджалі ў ціхі спакойны раён, мой дзіцёнак вельмі ўзрадаваўся, калі ўбачыў, што тут вавёрачкі скачуць па вуліцах. Я б хацеў, каб гэта ўсё засталося. І каб дзіцячы садок зрабілі.

2015520124929_logo.jpg

Тая самая дарога

Спадарыня Валянціна

Валянціна Шалейнікава адна з самых актыўных жыхарак мікрараёну. Каб не яна, магчыма, тут ужо даўно пабудавалі б шматпавярховікі. Валянціна Палікарпаўна мяркуе, што цяперашні варыянт рэканструкцыі — недапушчальны.

2015520132839_logo.jpg

Валянціна Шалейнікава

“З 14 па 28 кастрычніка 2012 году было праведзенае грамадскае абмеркаванне, дзе жыхары выказаліся супраць рэканструкцыі, з патрабаваннем аднаўлення дзіцячага садка — кажа яна, — было сабрана 516 подпісаў супраць праекту. Але ў выніку пратакол грамадскага абмеркавання заменены іншым, на падставе спісаў 145-ці грамадзянаў, прадстаўленых ТАА “ТАПАС”, з розных раёнаў гораду, якія, маўляў, выступілі за рэканструкцыю. Гэтыя спісы былі незаконнымі. Нашы 516 подпісаў зніклі. Праект зацведзілі”.

2015520125045_logo.jpg

Жыхары неаднаразова звярталіся па дапамогу ў розныя інстанцыі. У тым ліку пракуратуру, хадзілі на прыём да старшыні адміністрацыі Першамайскага раёну Ігара Кудрэвіча. Аднак ён запэўніў, што ўсё зроблена паводле закону.

“Калі мы патрабавалі азнаёміцца з пратаколам грамадскага абмеркавання, нам адмовілі, — працягвае спадарыня Валянціна, — са спасылкаю, што гэта, маўляў, ёсць у інтэрнэце. Аднак, паводле 34 артыкула Канстытуцыі, грамадзяне маюць права знаёміцца з матэрыяламі праверак, а за прадастаўленне ілжывай інфармацыі, вінаваты прыцягваецца да адказнасці”.

Абвінавачванні жыхароў у бок забудоўніка ды мясцовых уладаў сапраўды сур’ёзныя, і, безумоўна патрабуюць дэталёвай праверкі. Высновы рабіць пакуль што рана. Здаецца, гісторыя будзе мець працяг.

2015520124834_logo.jpg

Афіцыйны каментар групы кампаній “ТАПАС”

Натуральна, што пытанне пра вяртанне дзіцячага садка бізнесоўцы развязаць не ў стане, таму я папрасіла прэсавага сакратара групы кампаній “ТАПАС” Аляксандра Ванковіча пракаментаваць факт будоўлі дарогі ды паркоўкі на 100 месцаў.

Аляксандр Ванковіч:

— Праект рэканструкцыі закінутага дзіцячага садка па вуліцы Славінскага, 11 прайшоў праз грамадскія абмеркаванні. Камісія пры Адміністрацыі Першамайскага раёна палічыла мэтазгодным рэканструяваць пустуючы больш за 10 год садок пад адміністратыўныя памяшканні.

Перад тым, як распачаць рэканструкцыю, мы ў першую чаргу вывучалі сацыяльны аспект: ці стае месцаў у дашкольных установах у дадзеным раёне. Нягледзячы на тое, што садок на Славінскага пуставаў цягам 10 гадоў і ніяк не ўплываў на статыстыку, станоўчае рашэнне аб рэканструкцыі было прынятае толькі пасля таго, як раённая адміністрацыя запэўніла нас, што сем’і з сумежных дамоў не маюць патрэбы ў месцах у дзіцячых садках.

Калі казаць пра будучы выгляд і прызначэнне аб’екту, неабходна падкрэсліць што гэта не бізнес-цэнтр у класічным разуменні, а адміністратыўны будынак сацыяльнай накіраванасці. Нашая кампанія разглядае магчымасць арганізацыі там адукацыйнай установы для дзяцей: цэнтру дашкольнай падрыхтоўкі, мастацкай студыі, музычнай ды харэаграфічнай студый. Апроч таго мы акультурым ды азелянім прылеглыя да адміністратыўнага будынку тэрыторыі, а таксама адвядзем частку парковачных месцаў жыхарам бліжэйшых дамоў.

Што тычыцца аўтамабільнага праезду, то дзеля здзяйснення ўказанай працы паводле ўсталяванага парадку атрыманыя ўсе неабходныя дазвольныя дакументы.