Змены ў законе «Аб масавых мерапрыемствах»: шыла на мыла

У Беларусі з 26 студзеня ўступілі ў моц змены ў закон «Аб масавых мерапрыемствах». У прыватнасці, арганізатары цяпер могуць не падаваць заяўку на дазвол у правядзенні мерапрыемства, а проста паведаміць аб ім уладам. Здавалася б, адбылося тое, пра што ўсе марылі. Але насамрэч радавацца рана.

Дзень Волі 2016

Дзень Волі 2016

Справа ў тым, што паведамляльны парадак прадугледжаны толькі для некаторых масавых мерапрыемстваў у вызначаных для гэтага месцах. Дарэчы, у Мінску іх сёлета паболела ўдвая: замест ранейшых трох іх цяпер ажно шэсць. Аднак наўрад ці гэта таксама стане нагодай для радасці: сходы, якія там будуць праходзіць, фактычна, губляюць сэнс, бо знаходзяцца на аддаленых ад цэнтру горада і магчымых аб’ектаў пратэстаў ускраінах. Так што «сабачнік» на плошчы Бангалор у Мінску — не самы горшы з усіх дазволеных уладамі варыянтаў.
Увогуле, новая рэдакцыя нарматыўнага акту не вырашае праблему месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў. Праваабаронцы прапаноўвалі пашырыць колькасць лакацый (дакладней, проста замацаваць пералік месцаў, дзе забаронена праводзіць мерапрыемствы), але да іх, зразумела, не прыслухаліся.

Прадстаўнікі кааліцыі праваабаронцаў, якія прапаноўвалі змены ў закон. Злева направа: Валянцін Стэфановіч, Зміцер Салаўёў, Зміцер Чарных

Прадстаўнікі кааліцыі праваабаронцаў, якія прапаноўвалі змены ў закон. Злева направа: Валянцін Стэфановіч, Зміцер Салаўёў, Зміцер Чарных

Пакуль што ўвядзенне паведамляльнага прынцыпу амаль нічым не адрозніваецца ад заяўкі на дазвол на правядзенне мерапрыемства. Хіба што паведамляць можна толькі калі яно статычнае (на шэсце па-ранейшаму трэба браць дазвол). У паведамленні трэба ўказваць усю тую ж інфармацыю, што і ў заяве (хто арганізатар, калі плануецца сход, колькасць удзельнікаў і г.д.). Калі заяву падаюць за 15 дзён да мерапрыемства, то паведамленне — за 10. І яшчэ адно адрозненне: рэкламаваць імпрэзу па заяўцы аможна толькі пасля атрымання дазволу, а пры паведамленні — адразу.
Паведамленне аб мерапрыемстве не стане гарантыяй таго, што яно адбудзецца. Як распавяла «Новаму Часу» прадстаўніца Праваабарончага цэнтру «Вясна» Наталля Сацункевіч, выканкам можа паведаміць арганізатарам аб спыненні падрыхтоўкі мерапрыемства, калі нехта раней паспеў падаць заяўку на правядзенне сваёй імпрэзы ў гэты ж дзень у гэтым жа месцы. Бо беларускае заканадаўства забараняе правядзенне двух сходаў адначасова. Тады арганізатары мусяць паведамляць аб новым мерапрыемстве ў іншую дату, і так, самі разумееце, можа быць да бясконцасці.  

Наталля Сацункевіч

Наталля Сацункевіч

Да гэтага часу заставалася незразумелым, што рабіць з аплатай паслуг міліцыі, камунальных служб і хуткай дапамогі на масавым мерапрыемстве. Таму на месцах улады вырашаюць гэтае пытанне на свой густ. Хаця ўвогуле сітуацыя выглядае абсурдна: хочаш рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права — выказаць меркаванне — плаці. На думку праваабаронцаў, аплата дапушчальная хіба што на спартыўна-масавых, культурных, камерцыйных мерапрыемствах, але ніяк не на мірных акцыях пратэсту.
Як паведамляе БелТА, арганізатар масавага мерапрыемства аплачвае паслугі АУС па ахове грамадскага парадку ў наступных памерах: 3 базавыя велічыні (1 БВ — 25,5 рубля) — для мерапрыемства з колькасцю ўдзельнікаў да 10 чалавек; 25 БВ — ад 11 да 100 чалавек; 150 БВ — ад 101 да 1000 чалавек; 250 БВ — больш за 1 000 чалавек. Пры правядзенні мерапрыемстваў у месцах, якія не аднесены мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі да пастаянных месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў, да паказаных памераў прымяняецца павышаючы каэфіцыент 1,5.
Юрысты збіраюцца праводзіць маніторынг працы змен на практыцы. Бо дагэтуль сітуацыя ў розных рэгіёнах краіны выглядала прыкладна аднолькава сумна.
Так, праваабаронца са Светлагорску Алена Маслюкова распавяла, як гараджане цягам апошняга года спрабавалі дамагчыся права на мітынг супраць запуску завода беленай цэлюлозы. Экаактывісты напісалі заяву на дазвол правесці мітынг з 1000 удзельнікаў, пазначылі дату, час і афіцыйна дазволенае месца — стадыён «Папяровік». І атрымалі адмову на падставе таго, што ў гэты час БРСМ збіралася ладзіць там свята. Сітуацыя паўтаралася кожныя выходныя, агулам актывісты падалі 10 заяў. Хіба што прычынай для адмовы пасля святаў БРСМ сталі спартыўныя трэніроўкі.
«З 10 як мінімум 3 разы мы не заўважылі ў гэты час на стадыёне нікога, нават вавёрак», — адзначыла Алена Маслюкова.

Алена Маслюкова

Алена Маслюкова

Актывісты звярнуліся ў суд, і з кастрычніка яны судзяцца з выканкамам. Пакуль улады не спяшаюцца стаць на бок гараджан. Але адначасова актывісты пачалі перапіску з іншымі прадстаўнікамі ўлады, дзе прапанавалі дадаць новыя месцы для сходаў у Светлагорску.
«Нам адказваюць, што гэта немэтазгодна, дастаткова адной пляцоўкі. Але чаму яна ўвесь час занятая? — задаецца лагічным пытаннем Алена Маслюкова. — Я не маю вялікіх спадзеваў на тое, што змены, унесеныя ў закон, нешта нам дадуць. Але першае, што мы зробім бліжэйшым часам, гэта пададзім паведамленне на правядзенне новага мерапрыемства».
А Віктар Сазонаў, праваабаронца з Гродна, зазначыў, што за 20 гадоў у горадзе было дазволена толькі адно масавае мерапрыемства. У большасці выпадкаў працуе замкнёнае кола: выканкам загадвае арганізатарам падпісваць дамовы на ахову парадку на мерапрыемствах, а міліцыя адмаўляецца гэта рабіць без санкцыі выканкама.
«Не важна, па якім пытанні хочуць правесці мерапрыемства, важныя прозвішчы тых, хто праводзіць. Улада можа праводзіць любыя мерапрыемствы», — сказаў ён.

Віктар Сазонаў

Віктар Сазонаў

У снежні мінулага года гарадзенцы звярнуліся ў выканкам з прапановамі скасаваць плату за паслугі міліцыі, хуткай і камунальнікаў, а таксама друкаваць на сайце ведамства занятыя месцы правядзення сходаў і задаволеныя заяўкі. Але ім адказваюць, што заканадаўствам гэта не прадугледжана.
«У Гродне людзі ўжо не лічаць мэтазгодным падаваць заяўкі, а ў адкрытую ідуць на канфрантацыю з уладай, якая сама іх да гэтага прымушае», — канстатаваў Віктар Сазонаў.
Жыхары Магілёва дамагліся таго, што цяпер ім не трэба заключаць дамовы з міліцыяй (гэта робіць сам выканкам), а толькі з хуткай і камунальнікамі. Цяпер яны збіраюцца звяртацца па выдзяленне яшчэ аднаго дазволенага месца для правядзення масавых мерапрыемстваў (бо пакуль у абласным цэнтры яно толькі адно).

Зміцер Чарных

Зміцер Чарных

Па-ранейшаму задачай-максімум для беларускіх праваабаронцаў застаецца прыняцце новага закона, які б цалкам адпавядаў міжнародным стандартам. Новы дакумент мог бы не толькі вырашыць акрэсленыя вышэй пытанні, але і дакладна вызначыць парадак правядзення кожнага віду мерапрыемстваў, кажа прадстаўнік Беларускага Хельсінскага камітэту Зміцер Чарных. Адной з накіраваных заканадаўцам прапаноў ад праваабаронцаў быў менавіта падзел масавых мерапрыемстваў на асобныя катэгорыі: культурна-масавыя, спартыўныя, накіраваныя на права грамадзян на свабоду выказванняў і інш. Таксама прапаноўвалі ўвесці паняцце контрдэмастрацыі, вывесці з-пад дзеяння закона адзіночныя пікеты, якія па сваім характары не адносяцца да масавых мерапрыемстваў. Але пры ўнясенні зменаў у закон «Аб масавых мерапрыемствах» гэтыя прапазіцыі не былі ўлічаныя.
Фота аўтаркі