Рэспубліка Беларусь як прыклад дзяржавы па панятках

Нашы недатыкальныя, у адрозненне ад недатыкальных у Індыі, месцяцца не на дне, а на вяршыні сацыяльнай іерархіі.

shljah_1.gif


Тыдні два таму на адной з аналітычных тусовак мадэратар пацікавіўся стаўленнем аўдыторыі да адзінага палітыка (АП). Узнаўляю пытанне: «Каму ён яшчэ не надакучыў?» Я рашуча падняў дзве рукі. Такі ўчынак запатрабаваў тлумачэнняў.

Усё вельмі проста. Хіба можа надакучыць карміцель! Пра што б я і мае калегі пісалі, калі б не яго, як бы гэта мякчэй сказаць, неардынарныя заявы? Паводле якіх заўгодна мерак, чвэрць стагоддзя — немалы тэрмін. Маім аднагодкам яго цалкам хапала, каб закончыць школу і ўніверсітэт ды абзавесціся сям’ёй.

Чвэрць стагоддзя знаходжання аднаго чалавека на пасадзе, якая не прадугледжвае ніякіх абмежаванняў, у тым ліку і канстытуцыйных, — падзея ўнікальная. Можна сказаць, што ў геаграфічным цэнтры Еўропы прырода паставіла эксперымент на радасць усім, хто цікавіцца гуманітарнымі ведамі. Дзе і калі яшчэ складуцца ўмовы для яго паўтарэння? Так што варта не адцягвацца, а лавіць кожнае слова пентачэмпіёна электаральных прэзідэнцкіх кампаній.


Недатыкальныя

На шчасце, за словам у кішэню АП лезці не прывык. Абмяжуюся адным адкрыццём з прэс-рэліза ад 15 студзеня, прысвечанага разгляду кадравых пытанняў: «Пакуль на стол мне не пакладуць вычарпальныя факты, ніхто да вас (прызначэнцаў АП. — Заўвага рэд.) дакрануцца не можа. Вы знаходзіцеся ў кадравым рэестры прэзідэнта і, натуральна, пад абаронай прэзідэнта. Але калі толькі я бачу канкрэтныя правапарушэнні, асабліва звязаныя з хабарамі і іншымі праявамі карупцыі, значыць, памнажайце на два як мінімум».

У Беларусі, такім чынам, маецца каста недатыкальных. Але, у адрозненне ад Індыі, дзе гэта каста знаходзіцца на самым дне сацыяльнай іерархіі, у «дзяржаве для народа» недатыкальныя належаць да вышэйшай касты, а дакладней, да вышэйшага саслоўя.

Я не памыліўся. Нягледзячы на адсутнасць паняцця «саслоўе» ў Канстытуцыі, нам выпала шчасце / няшчасце (патрэбнае падкрэсліць) жыць у саслоўным грамадстве.

Грамадства капіталістычнае з яго класавай структурай, заснаванай на спажыванні (найбольш нізкі, сярэдні і вышэйшы клас), у Беларусі так і не склалася. З хаосу «ліхіх 90-х», як фенікс з попелу, адрадзіліся саслоўі. Гэта катэгорыя ўведзеная ў навуку для апісання іерархій служэння.

У рынкавай эканоміцы працуюць дзеля ператварэння рэсурсаў у капітал, у рэсурснай — служаць дзеля справядлівага размеркавання рэсурсаў. Таму паняцце справядлівасці з’яўляецца базавым у саслоўнай будове свету. Пра гэта рэгулярна і нагадвае АП.

«Саслоўная сацыяльная справядлівасць, — тлумачыць расійскі сацыёлаг Сымон Кардонскі, — палягае ў размеркаванні рэсурсаў паміж саслоўямі прапарцыйна іх становішчу ў іерархіі саслоўяў». Іншымі словамі, такі від справядлівасці не прадугледжвае механічнай роўнасці ні ў размеркаванні матэрыяльных выгод, ні роўнасці перад законам. Усё якраз наадварот. Тым, хто спрабаваў судзіцца з дзяржавай, спадзяюся, тлумачыць гэта не патрэбна.

Як у савецкім мультфільме пра казляня, якое ўмела лі­чыць да дзесяці, дзяржава нас не толькі ўсіх пералічыла, але і ранжыравала з пункту гледжання карыснасці для сябе. А карысць ад кожнага з нас далёка не аднолькавая. Адна справа — лекар і настаўнік, а зусім іншая — чыноўнік і сілавік.

Асобным радком праходзяць тыя, каму пашчасціла патрапіць у кадравы рэестр АП. Пра гэта ён і нагадаў 15 студзеня.

Здавалася б, пры чым тут кадравы рэестр? Канстытуцыя такога паняцця не ведае. Затое ў ёй 185 (!) разоў згадваецца слова «закон». Але мае рацыю, тройчы мае рацыю АП, калі заяўляе, што «ўсё ў законах не прапішаш». Законы — гэта афіцыйная нарматыўная сістэма. Але яна не адзіная. У яе існуе канкурэнт — сістэма паняццяў, што ўзыходзіць да крымінальнай і турэмнай культуры.

Кожны постсавецкі чалавек, як і яго савецкі папярэднік, убірае з малаком маці ўменне выбару «правільнай» нарматыўнай сістэмы, г.зн. максімальна адпаведнай канкрэтнай сітуацыі.

«Сваім — усё, чужым — закон». Гэты базавы прынцып жыцця па паняццях не ў Беларусі вынайдзены, аднак і парламент не беларусы прыдумалі. Але ж жыць хочацца, і пажадана жыць так, каб потым не было пакутліва балюча за змарнаваныя гады.


Стужка Мёбіуса

«Дзяржаўная ўлада ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове падзелу яе на заканадаўчую, выканаўчую і судовую» (Канстытуцыя, артыкул 6). Вось такі прыклад з афіцыйнай нарматыўнай сістэмы. Для разумення яе суаднясення з сістэмай паняційнай рэкамендую чытачам правесці эксперымент са стужкай Мёбіуса.

Асаблівых ведаў і навыкаў не спатрэбіцца. Адрэжце палоску звычайнай паперы і з дапамогай клею злучыце яе канцы, папярэдне перавярнуўшы адзін канец адносна іншага на палову абароту. Колькі паверхняў у папяровага кальца? Той, хто мяркуе, што дзве, — памыляецца. Адна! Праверыць гэта вельмі проста. Вазьміце фламастар і паспрабуйце зафарбаваць адзін з бакоў стужкі, не адрываючыся і не пераходзячы на іншы бок. Атрымалася? Вось у тым і справа...

З нашымі нарматыўнымі сістэмамі тая ж гісторыя. Яны знаходзяцца на адным баку стужкі (жыцця) і пры гэтым умудраюцца не перасякацца. Зноў працытую Кардонскага: «Яны (нарматыўныя сістэмы. — Заўвага рэд.) існуюць у адной і той жа прасторы, у адных і тых жа людзях. Людзі расшчэпленыя: яны жывуць па паняццях, але інтэрпрэтуюць паводзіны навакольных у тэрмінах закона. І з іх пункту гледжання атрымліваецца, што ўсе парушаюць закон».

На першы погляд, выжыць у такіх спецыфічных умовах, а ўжо тым больш квітнець, практычна немагчыма. Аднак мільёны жылі, жывуць і яшчэ доўга будуць жыць, ды ўмудрацца пры гэтым зарабляць не толькі на хлеб з маслам, але і на    новыя легкавыя аўтамабілі, што пацвярджаецца статыстыкай. У прыватнасці, паводле дадзеных Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі, у 2018 годзе аб’ёмы продажаў новых аўтамабіляў у Беларусі выраслі на 56% у параўнанні з мінулым годам, а мяжа ў 300 аўтамабіляў у разліку на 1 тысячу чалавек была пераадоленая ў рэспубліцы-партызанцы яшчэ ў 2015 годзе.

Такі бурны рост быў бы немагчымы без крэдытнай падтрымкі, але што гэта мяняе? На які б тэрмін ні выдаваўся крэдыт, вяртаць яго ўсё адно давядзецца, ды яшчэ і з працэнтамі. Без стабільнага даходу рашыцца на афармленне крэдыту — справа рызыкоўная, а ў саслоўным грамадстве стабільнасць даходаў наўпрост зале­жыць ад здольнасці дэманстраваць лаяльнасць начальству.

Мастацтвам такой дэманстрацыі беларусы авалодваюць з дзяцінства. Без дапамогі з боку дзяржавы справа, зразумела, не абыходзіцца. Але для таго і існуюць так званыя «канструктыўныя структуры грамадзянскай супольнасці»: БРСМ, «Белая Русь», прафсаюзы, жаночыя і ветэранскія арганізацыі.


Калі гэтага не зразумеў — значыць, не міністр

Вернемся да нарады ў АП 15 студзеня. Акрамя выдатнага прызнання «На тэрыторыі Мінскай вобласці ў вёсцы я сам жыву», падзея запомнілася двума адкрыццямі вясковага жыхара наконт пытанняў адукацыі. Яны прагучалі пры прызначэнні Міхаіла Лусцянкова рэктарам Беларуска-Расійскага ўніверсітэта.

Першае тычылася неабходнасці прывядзення школьных праграм у нармальны выгляд: «У нас часам ужо ў восьмым-дзявятым класе вывучаюць тое, што мы раней вывучалі ў ВНУ. Няўжо так жыццё паскорылася? Няўжо ўсіх іх матэматыкамі рыхтуем? Таму трэба вельмі сур’ёзна заняцца адукацыяй. Калі міністр гэтага не зразумеў — значыць, ён не міністр».

Другое адкрыццё перакінула масток паміж сярэдняй адукацыяй і вышэйшай. Апошняя падпала пад крытыку за бесперапынныя спробы ўкараніць чужую нашай традыцыі дзвюхпрыступкавую сістэму падрыхтоўкі спецыялістаў: «У магістратуру павінны ісці пераважна людзі, якія будуць займацца навукай і выкладаннем. Усіх туды скопам пасылаць не трэба. Добра, мы прысвоім званне бакалаўра пасля заканчэння ВНУ, каб дыпломы падыходзілі, але будзем лічыць, што гэта чалавек з вышэйшай адукацыяй».

Цікава, як падобныя адкрыцці спалучаюцца з прадэклараваным курсам на пабудову IT-краіны, або перад намі чарговы прыклад стужкі Мёбіуса? Але калі гэта так, дык любое рашэнне АП, якім бы экстравагантным яно ні здавалася для іншых назіральнікаў, не будзе выходзіць за межы «беларускай мадэлі».

Нешта падобнае мае аднагодкі маглі назіраць на прыкладзе КПСС, што абвясціла сябе кіруючай і накіроўваючай сілай савецкага грамадства. Любыя рашэнні, якія прымалі верныя ленінцы, заўсёды былі адзіна правільнымі, у тым ліку і рашэнні па адмене папярэдніх рашэнняў. А ўсім астатнім заставалася толькі вагацца разам з лініяй партыі, што яны паспяхова і рабілі, пакуль нечакана не выявілася, што нейкі Гарбачоў разваліў краіну.