Фотафакт: Куды перасялілі мінскіх студэнтаў

Відаць, спорт у краіне дагэтуль важнейшы за адукацыю. Пакоі студэнтаў ператварыліся ў бочку з селядцамі.

240234_1548429218_big.jpg

Сёлета з 21 да 30 чэрвеня ў Менску пройдуць II Еўрапейскія гульні. Каб прапанаваць гасцям падзеі бюджэтны варыянт жылля, па традыцыі, вырашылі перасяліць студэнтаў са студэнцкай вёскі на «Пятроўшчыне».

У тэлеграм-канале «Адлічана» падрабязна апісалі, дзе студэнтам прапанавалі жыць. Цытуем:

«Усе ведаюць аб высяленні студэнтаў з інтэрнатаў на Пятроўшчыне. Ну так, высяляюць, ну так, перасяляюць у іншыя, дзе ёсць месцы. Але не ўсе ведаюць, як адбываецца падсяленне.

Яскравы прыклад — інтэрнат МДЛУ №2 на Слясарнай 35. Сам па сабе інтэрнат яшчэ з саўковых часоў, але тут перыядычна робяць рамонт (у асноўным касметычны).

Інтэрнат калідорнага тыпу. Прыбіральня на паверсе (4–5 кабінак), душ у склепе (у жаночы вечныя чэргі, так што часцяком мілых дам можна заспець у мужчынскім, гэта ж лінгвістычны, тут на 10 дзяўчат прыпадае 1 хлопец), ну і 2 невялікія кухні на паверсе. Пакояў на паверсе 38 (за выключэннем першага паверха), у кожным жыве па 4 чалавекі. У пакоі ёсць акрамя 4 ложкаў: лядоўня, шафа (дзесьці 2, а дзесьці 1), 2 пеналы, дзе-нідзе ёсць паліцы, стол і 2 крэслы.

 

240233_1548429218_big.jpg

А цяпер самае цікавае. Пры засяленні ў інтэрнат усіх запэўнівалі, што дадаваць у лютым нікога не будуць. Але ўжо ў студзені ўсім стала зразумела, што ўсё не так класна, як абяцалі.

Як стала вядома, у інтэрнаты збіраюцца дастаўляць пятыя ложкі. Пакоі невялікія, у іх і чацвёртаму дзецца няма куды, і добра хлопцам, а вось дзяўчатам сапраўды складана. Дастаўляюць ложкі за кошт вынасу сталоў, шаф і пеналаў. Добра, не будзе думаць пра чаргу ў душ. Але вось куды рэчы людзям складаць? Чаму ўніверсітэт загадзя не мог развязаць праблему? І куды трэба звяртацца студэнтам, бо там і так дыхаць няма чым, а тут яшчэ госці.

 

240235_1548429218_big.jpg

 Мы зазірнулі ў «Палажэнне аб інтэрнатах», зацверджанае Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, дзе сказана, што «жылое памяшканне (яго частка) у інтэрнаце прадстаўляецца ў памеры, не меншым за шэсць квадратных метраў жылой плошчы на аднаго чалавека». Гэта значыць, на пяць чалавек плошча павінна быць мінімум 30 кв. м, гадаць пра плошчу пакоя на фота не будзем, але, здаецца, усё зразумела.

«Панікі быць не павінна, усё будзе добра. У сітуацыі, якая склалася, мы ўсе павінны разумець, што лепш так, чым здымаць жыллё і плаціць вялікія грошы. Мы ж не можам проста выкінуць на вуліцу. А калі б вас, якія жывуць на Слясарнай, а не іх высялялі з інтэрната?». Як гаворыцца, у цеснаце ды не ў крыўдзе. Гэта часова, ужо зусім хутка ўсе будуць жыць у больш камфортных умовах. Таму пастаўцеся, калі ласка, з разуменнем і прыміце сваіх субратоў — патлумачылі ў адміністрацыі ўніверсітэта.

 

240236_1548429218_big.jpg

Толькі вось зусім хутка — гэта калі? Праз паўгода? І хто будзе жыць у камфортных умовах? Удзельнікі Еўрапейскіх гульняў?

Спорт у краіне дагэтуль важнейшы за адукацыю, якая ў нас на такім «высокім» узроўні?

Пытанняў шмат, у нас, у студэнтаў, пакоі якіх ператварыліся ў бочку з селядцом, у хлопцаў, якія пішуць нам, бо ва ўласным універсітэце ўсім усё адно, у якіх умовах яны жывуць».

Паводле charter97.org