На Алімпіяду-2020 у Токіё ад Беларусі замест Tut.by акрэдытавалі сайты прэзідэнта і НАК
Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі надрукаваў спіс СМІ, акрэдытаваных ад краіны для асвятлен0ня летняй Алімпіяды-2020 у Токіё, піша svaboda.org.
Такім чынам, акрэдытавалі газеты «Прессбол», «СБ. Беларусь сегодня», «Спартыўная панарама», агенцтва БелТА, а таксама сайт НАК (noc.by) і партал прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (president.gov.by).
Як звяртае ўвагу спартовы рэсурс «Трыбуна», наяўнасць двух апошніх «медыя» выклікае здзіўленне. На сайце кіраўніка дзяржавы не публікуюцца рэпарцёрскія матэрыялы, не звязаныя з дзейнасцю Аляксандра Лукашэнкі, як і няма раздзелу пра спорт. Старонка НАК таксама не прэтэндуе на значную аўдыторыю і пераважна публікуе навіны арганізацыі.
«Сярод прэтэндэнтаў на алімпійскую акрэдытацыю таксама быў інтэрнэт-партал Tut.by, — піша аглядальнік Андрэй Маслоўскі. — Яго на Гульні не ўзялі. Але давайце параўнаем маштабы сайтаў і іхную аўдыторыю. Згодна з дадзенымі сэрвісу similarweb.com, штомесяц на Tut.by фіксуецца больш за 37 мільёнаў карыстальніцкіх сэсій. На сайце прэзідэнта — 190 тысяч. Дадзеныя па НАК настолькі нязначныя, што сэрвісу складана іх праіндэксаваць».
Паведамляецца, што рашэнне аб выдачы акрэдытацый прымала адмысловая камісія «ва ўзаемадзеянні са сродкамі масавай інфармацыі». Яна вывучыла ўсе пададзеныя заяўкі і, абапіраючыся на крытэры адбору, склала выніковы сьпіс, які выканкам НАК зацвердзіў без якіх-небудзь карэктываў. Адметна, што парадак адбору вызначаў сам НАК.