Знос «Музею беларусаў» у Сочы — «чыста палітычнае пытанне»
Сочынская адміністрацыя падала пазоў у суд аб зносе «Музею беларусаў». Улады гораду маюць намер прызнаць дом-музей самавольнай пабудовай.
«Гэтыя будынкі павінны быць знесены, бо дазволу на гэтыя аб’екты адміністрацыяй не выдавалася», — цытуе прэс-служба мэрыі начальніка ўпраўлення муніцыпальнага зямельнага кантролю адміністрацыі Уладзіміра Літвінава.
Як сцвярджае старшыня беларускай суполкі ў Сочы і арганізатар «Музею беларусаў» Уладзімір Астапук, «гэта чыста палітычнае пытанне».
«Мне так помсцяць за маю актыўную пазіцыю», — растлумачыў “Радыё Свабода” Астапук, які таксама з’яўляецца старшынёй грамадскай экалагічнай рады пры кіраўніку гораду. Паводле ягоных словаў, ён неаднаразова ўздымаў вострыя пытанні абароны навакольнага асяроддзя ў Сочы, у прыватнасці, праблему абыходжання з адходамі.
«Мэр Анатоль Пахомаў даў каманду пасля таго, як мы казалі пра тое, што ў рэчышчы ракі Сочы ўтвараецца звалка, а фільтрат ад яе трапляе ў водазабор. Яму гэта не спадабалася — ён мне прама так і сказаў: я знясу твой музей», — распавёў Астапук.
Дом-музей беларускай суполкі ў Сочы быў пабудаваны паўтара дзясяткі гадоў таму. Апошнія шэсць гадоў Уладзімір Астапук спрабаваў аформіць зямлю пад будынак, але ўлады гораду адмаўлялі яму ў гэтым на розных падставах.
Астапук сказаў, што ў музеі, сярод іншага, знаходзяцца прадметы хатняга ўжытку, інструменты і прылады ды абутак і адзенне, якім карысталіся беларускія пасяленцы на Каўказе пасля адваявання гэтага рэгіёну Расіяй ад Турцыі. Музей таксама служыць месцам сходаў мясцовай беларускай суполкі.
Судовае пасяджэнне ў справе аб зносе музею прызначана на 19 верасня.