Журналісты горача паспрачаліся: лепш беларускі «орднунг», чым украінская карупцыя?

У Фэйсбуку разгарэлася дыскусія ў сувязі з блакаваннем беларускай мяжы украінскімі пакупнікамі «еўраблях».

eurabl.jpg

Шрайбман: «Я разумею, чаму страшылка «хочаце як ва Ўкраіне?» будзе працаваць яшчэ вельмі доўга»

Палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман распавёў пра свой вопыт паездкі на вяселле ў Украіну, калі яму і яго спадарожнікам давялося сутыкнуцца з чэргамі на мяжы. Прычына была ў перагоншчыках аўтамабіляў, якія трымалі чаргу для «сваіх», не даючы праехаць аўтамабілям з дзецьмі.
Беларусы не пабаяліся пайсці на канфлікт: «Дайшло да таго, што мае вясельныя госці аказваліся на капотах машын з літоўскімі нумарамі. На нас крычалі, пару разоў нават спрабавалі пабіць. Не ведаю ці дапамагло гэта ці справе, але праехалі назад мы ў два разы хутчэй, чым туды».
Арцём Шрайбман далей напісаў:
— Той момант на беларускай мяжы, якую мы прайшлі за 15 хвілін, быў першы раз, калі я так выразна адчуў, што вярнуўся ў еўрапейскую краіну, дзе хоць неяк працуюць законы...
І вось Вярхоўная рада захацела скончыць справу і штрафаваць «еўрабляхераў». Але паважаныя вырашылі адстаяць сваё богам дадзенае права нажывацца на дзіравых законах сваёй краіны і наладзілі прымежны майдан, у тым ліку, пад беларускай мяжой, заблакаваўшы рух фур і многіх легкавых аўто.
Што я хачу сказаць ўсёй гэтай меладрамай. Дрэнна, што ў нас аўтарытарная краіна. Але калі яе антыпод — грэбаванне да дзяржавы і закону вось гэтых самалійскіх маштабаў, то я разумею, чаму страшылка «хочаце як ва Ўкраіне?» Будзе працаваць яшчэ вельмі доўга.

Галко: «Калі ты на сваёй шкуры адчуў гэта дзяржава, пабяжыш хоць у Самалі»

Беларускі журналіст Зміцер Галко, які з'ехаў ва Ўкраіну з калегам не пагадзіўся:
— Калі ты на сваёй шкуры адчуў, што гэта дзяржава, дзе «хоць неяк працуюць законы», здольна расцерці цябе ў пыл і ты абсалютна нічога не можаш зрабіць і ніхто табе не дапаможа, ты пабяжыш хоць у самае што ні на ёсць Самалі .
Дзе, можа, наогул ні храна толкам не працуе, дзе жыццё — гэта суцэльная вавілонская латэрэя і руская рулетка, але няма гэтага адчування раскрытай сківіцы бязмозглага жалезнага стварэння, якое цябе можа папросту зжэрці ў любы момант.

Гурневіч: «Калі скажу, што на беларускай мяжы ніколі за 19 гадоў ня меў праблем, я буду адбельваць рэжым?»

Дзмітрый Гурневіч працягнуў дыскусію. Журналіст успомніў, як трапіў у непрыемную сітуацыю на ўкраінскай мяжы ў студэнцкія гады, калі вымушаны быў даць «на лапу», каб прайсці кантроль.
– Я не ўяўляю, як можна жыць у такой сітуацыі пастаянна, – напісаў журналіст аб праявах карупцыі ва Ўкраіне.
З ацэнкай Галко паста Шрайбмана ён не пагадзіўся.
Калі я скажу, што на беларускай мяжы я ніколі за 19 гадоў падарожжаў ня меў праблем, хамства, я буду адбельваць рэжым? Неа. Гэта халодны факт. Мы можам знайсьці мільён рэчаў, якія нас бесяць, але беларускі орднунг («парадак» у перакладзе на нямецкую – С.), які месцам стамляе, напружвае (я не кажу пра аўтарытарызм, палітыку, а пра бытавыя пытаньні), шчыра, адпавядае больш, чым адсутнасьць чытэльных правілаў.
Лукашэнка тут ні пры чым. Так было да яго, і так будзе пасьля. Нездарма Касьцюшка нарадзіўся ў Беларусі. А гэта ён сказаў: «Хто ня хоча прытрымлівацца правілаў, той ня варты свабоды». Дарога нашая доўгая, як ракам да Кітая, але тое-сёе ёсьць, – лічыць Гурневіч.
Паводле Салідарнасці