Зварот да брэнда «Бульбашъ»

Гаспадары гарэлачнага брэнда «Бульбашъ»! З самага пачатку ваш брэнд муляў вочы многім беларусам. Хіба прыстойна эксплуатаваць мянушку народа і прывучаць яго да яе? Мянушка – гэта паблажлівасць. Зводзіць сутнасць народа да яго ежы – ганьбіць народ. Паблажлівая і сама форма – як таргаш, алкаш і падобныя.

Фота з сайта 1863x.com

Фота з сайта 1863x.com

Тыя, хто кажа, што назва жартаўлівая, не заўважылі, як прынялі чужы стэрэатып. Беларусы ядуць бульбы не больш, чым іншыя народы былога ВКЛ, дзе бульба з’явілася раней, чым у Расіі. І не больш, чым у Расіі. Бульба фры ў нас асацыюецца з амерыканскім «Макдональдсам». У рэстаранах бульба ці бульбяное пюрэ – усяго толькі гарнір. Псеўданім ідэолага беларускасці Францішка Багушэвіча – Мацей Бурачок. Выраз «чарка і скварка» – не пра бульбу, як і традыцыя прыязджаць у вёску па свежыну. І паўкабанчыка – гэта не пра бульбу. Няма засілля бульбы і ў народным фальклоры. Дык адкуль гэты стэрэатып і нашто вы яго эксплуатуеце?
Слова «бульбаш» прыйшло ад расіян як рускае слова. Яно не фіксавалася як саманазва беларусаў і не паходзіць з беларускай. Не давалі нам бульбяных мянушак і іншыя суседзі. Але галоўнае не тое, чаму прыйшло з рускай, а чаму рускія не выкарысталі сваё слова «картошка» (бо, напрыклад, мянушка французаў «лягушатник» створана не з французскага слова).
Бо бульбашамі беларусаў пачалі зваць у савецкай арміі. Бульбу ў «вучэбках» СА чысцілі выхадцы з усяго СССР, але нашы хлопцы называлі яе па-свойму «бульба». За канкрэтнае слова «бульба», беларусы і заслужылі кляймо «бульбаш». Гэтак літоўцы атрымалі мянушку «лабусы» за вітанне «labas». І вось гэту салдафонскую мянушку вы распаўсюджваеце.
Ёсць здагадка, што ў вас не было намеру нікога абразіць. У рэкламных матэрыялах (у тым ліку, у вірусным відэароліку) вы пачалі выкарыстоўваць беларускую мову і беларускія атрыбуты. Магчыма, вы, імкняцеся пашырыць пакупніцкую аўдыторыю, гэткім дзіўным чынам апелюючы да нацыянальнай ідэнтычнасці? Калі так, то брэнд «Бульбашъ» гэтаму толькі шкодзіць.
Магчыма, вы б назвалі гарэлку «Беларус», але гэта слова нельга проста так ужываць у гандлёвых знаках. Дык ёсць жа і іншыя прыстойныя альтэрнатывы! Вам нават іх падкажуць. Я маю наўскідку некалькі варыянтаў. Калі ў вас сапраўды добрыя намеры, то змена брэнда вам толькі паспрыяе. Бо нацыянальныя атрыбуты ў годнай, а не карыкатурнай падачы шануюць усе.
Інакш разумнейшымі акажуцца тыя бізнесмены, якія звяртаюцца да нацыянальнага пачуцця з павагай. Напрыклад, тыя, хто падкрэслівае, што беларус беларусу – сваяк.


Чытайце таксама: Яшчэ раз пра бульбаша