Яшчэ раз пра бульбаша

Беларусаў чарговы раз прынізілі і плюнулі ў іх бок. І зрабіла гэта адміністрацыя Слуцкага хлебзавода, якая для новага гатунку хлеба прыдумала назву «Бульбаш».

7ab3b854512e4a4501d7b18fd981fc22.jpg


«Новы час» ужо пісаў і пра гэта і пра адказ, які прыйшоў ад Слуцкага хлебзавода. Не трэба быць філолагам ці моваведам, каб ведаць, што слова «бульбаш» — абразлівая мянушка для беларусаў.
І я думаю, што тыя людзі, якія новы гатунак хлеба назвалі «Бульбаш», гэта цудоўна разумеюць. Іх мэта, на маю думку, — паказаць усяму свету, што ў беларусаў няма нацыянальнай годнасці. Колькі не пісалі, колькі не змагаліся з гарэлкай «Бульбашъ», яна запаланіла ўсе беларускія крамы. На ўласныя вочы бачыў, як хіхікалі нейкія замежнікі, трымаючы ў руках пляшкі з гарэлкай.
Гэта пытанне з «бульбашом» мог бы вырашыць адзін тэлефонны званок. Але такога званка не дачакаюцца. І будуць слуцкіх беларусаў і ўсіх іншых карміць хлебам «Бульбаш».
Хацелася б распавесці пра адзін выпадак з уласнага жыцця. Масква, 2001 год. Я прыехаў на заробкі. Гаспадар, былы расійскі вайсковец, пытаецца: «Скуль прыехаў?». Адказваю: «З Беларусі». «А, бульбаш, — і працягвае, — тры дні пажывеш з узбекамі, а потым прыедуць трое хахлоў, што летась у мяне працавалі і будзеш жыць з імі. А цяпер паедзем на лецішча».
Прыехалі, выходзіць узбек. Гаспадар сустракае словамі: «Саід, гэта Саша — бульбаш, пакуль пажыве ў вас». Я прамаўчаў.
На наступны дзень, раніцай ідзе Саід і вітаецца: «Здароў, бульбаш!». Адказваю: «Здароў, Саід!» На другі дзень паўтараецца тое ж самае: «Здароў, бульбаш! — Здароў, Саід!» На трэці дзень: «Здароў, бульбаш!». Я адказваю: «Здароў, чурка!».
Трэба было бачыць твар гэтага чалавека: на імгненне мне здалося, што мне трэба развітвацца, калі не з жыццём, дык са здароўем. Але кулакі яго расціснуліся. І ён, бліжэй да мяне падышоўшы, спытаў: «Саша, за што ты мяне так пакрыўдзіў, што я табе кепскага зрабіў?».
«Саід, — адказваю, — ты мяне крыўдзіш ужо трэці дзень. Таму, што «бульбаш» — гэта тое самае, што для цябе «чурка».
«Саша, матуляй клянуся я, я не ведаў», — сказаў Саід, адразу паклікаў сваіх землякоў і сказаў ім: «Сашу бульбашом не называць, таму што бульбаш — гэта чурка».
Разам мы пражылі амаль што два месяцы…
Адміністрацыя Слуцкага хлебзавода разам са сваім дырэктарам пра гэта сказала б напэўна так: адзін бульбаш, трое хахлоў і сем чурак працавалі на аднаго маскаля! І гэта іх выказванне не супярэчыла б дзейснаму заканадаўству Рэспублікі Беларусь.