Адміністрацыя Слуцкага хлебазавода: «Бульбаш» — візітная картка нашай дзяржавы
Цікавы адказ атрымалі грамадскія актывісты са Слуцка ад адміністрацыі Слуцкага хлебазавода наконт змены назвы гатунку хлеба «Бульбаш».
Нагадаем, 30 жыхароў Слуцка ў калектыўным звароце на імя дырэктара Слуцкага хлебазавода выказалі думку, што назва хлеба «Бульбаш» прыніжае нацыянальную годнасць беларусаў, паколькі з’яўляецца абразлівай мянушкай у адносінах да нашага народа і папрасілі замяніць яе.
— Адказ мяне здзівіў як па змесце, так і па форме, — гаворыць слуцкая актывістка Зінаіда Цімошак. — Па-першае, на ім ёсць усе рэквізіты завода, але няма подпісу кіраўніка прадпрыемства Дзмітрыя Чырца, да якога мы звярталіся. Адказ наўпрост безыменны — ад усяго калектыву ААТ «Слуцкі хлебазавод». Да таго ж напісаны рускай мовай, што супярэчыць заканадаўству аб зваротах грамадзян, паколькі калектыўны зварот грамадзян быў напісаны па-беларуску.
Некаторыя вытрымкі з ліста проста просяцца, каб іх прывесці ў натуральным выглядзе:
«Главный продукт питания белорусов — это картошка. То наше традиционное, родное и близкое, на чем базируется самосознание людей».
«На международной выставке во Франции хлеб «Бульбаш» был помещен устроителями выставки на самое почетное место; хлеб (благодаря, отчасти, и колоритному названию) стал предметом высокого интереса для иностранных представителей и гордостью нашей делегации».
Таксама аўтары пісьмовага адказу лічаць, што «бульба» — «это то, что отличает белорусов от других наций, это — национальная «фишка» белорусов», а хлеб «Бульбаш» — візітная картка нашай дзяржавы.
Зразумела, што пасля такіх высноў «патрыятычныя» аўтары пісьмовага «шэдэўра» лічаць, што скарыстанне слова «Бульбаш» у назве хлеба не супярэчыць дзейснаму заканадаўству Рэспублікі Беларусь і прававых асноў для забароны вытворчасці і рэалізацыі хлеба «Бульбаш» няма.
Фактычна адказ дадзены не па сутнасці звароту, паколькі заяўнікі прасілі змяніць назву гатунку прадукцыі і нічога не мелі супраць самой бульбы і якасці дадзенага каравая. Большая частка адказу, аднак, прысвечана ўхваленню беларускай бульбы, замест назвы «беларус» ужытае слова «белорус», і нават зроблена выснова, што на бульбе грунтуецца «самасвядомасць беларусаў».
Наколькі хлеб «Бульбаш» сапраўды з’яўляецца візітоўкай нашай дзяржавы — гэта можна будзе высветліць толькі пасля звароту да кіраўнікоў дзяржавы. Пакуль жа карэспандэнт НЧ папрасіў пракаментаваць адказ ад «калектыву ААТ «Слуцкі хлебазавод» трох нацыянальна свядомых беларусаў.
Лідар хрысціянскіх дэмакратаў і абаронца Курапатаў Павел Севярынец адзначыў:
— Адказ Слуцкага хлебазавода зняважлівы адразу з некалькіх прычынаў. Па-першае, калі вам даслалі зварот па-беларуску, будзьце ласкавыя, у адпаведнасці з заканадаўствам, адказаць на мове звароту. Па-другое, давайце будзем шчырымі: прадстаўнікі хлебазавода «ўключаюць дурня» і замест адказу па сутнасці на пытанне «Чаму ўжываецца зняважлівая мянушка беларусаў?» пачынаюць разважаць «про значение картошки в жизни белорусов». Па-трэцяе, адказ увогуле абразлівы для заяўнікаў: не ўтрымлівае ніякіх прабачэнняў, маўляў, зневажалі і будзем зневажаць.
Па-чацвёртае: менавіта ААТ «Слуцкі хлебзавод» пастаўляе хлеб у рэстарацыю каля Курапат «Поедем, поедим». Мінчукі адмовіліся гэта рабіць. Па-мойму, усё тут зразумела. Патрэбна далучацца да байкоту Слуцкага хлебазаводу, абвешчанага абаронцамі Курапат — да таго часу, пакуль кіраўніцтва пекараў не выправіцца і не здыме мянушку з назвы тавараў.
Юрыст Ігар Случак кажа:
— З юрыдычнага пункту гледжання адказ парушыў два артыкулы Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях: артыкул 9.13 (парушэнне заканадаўства аб зваротах грамадзян — адказ дадзены невядомай асобай і на ім няма подпісу), артыкул 9.22 (атрыманне адказу не на мове заяўніка). Таксама тут ёсць спрэчныя пытанні, якія закранаюць Грамадзянскі кодэкс і могуць прывесці да грамадзянскага працэсу. Таксама з адказу вынікае, што прадпрыемства бярэ на сябе функцыі Міністэрства замежных спраў. Ёсць у адказе і спасылка на тое, што назва «Бульбаш» падабаецца большасці пакупнікоў. З гэтага вынікае, што прадпрыемства праводзіла сацыялагічнае апытанне, на правядзенне якога патрэбны спецыяльны дазвол. Цікава, ці ёсць такі дазвол у прадпрыемства? Парушана і інструкцыя па справаводстве, бо бланк ААТ «Слуцкі хлебзавод» аформлены з памылкамі як у рускамоўнай, так і ў беларускамоўнай частцы.
Случчанка Аліна Нагорная, грамадская актывістка,перакананая:
— Відавочна, што адказ парушае не толькі заканадаўства, але і маральныя нормы. «Бульбаш» — абразлівая мянушка беларусаў. Плануем зрабіць запыт у Міністэрства культуры і Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа з мэтай атрымаць пацвярджэнне таго, што «бульбаш», як і «маскаль», «пшэк», «хахол», «нігер», ёсць абразай па нацыянальнай альбо расавай прыкмеце. Пасля атрымання адказу плануем апублікаваць петыцыю да Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, каб гандлёвая марка «Бульбаш» была выведзена з публічнага ўжытку і сферы грамадска-прававых зносін. Любы жадаючы зможа падпісаць яе анлайн. Бо назва «Бульбаш» — гэта пытанне не толькі асобнага гатунку мясцовага хлеба, але, у першую чаргу, палітычнае, паколькі закранае гонар Беларусі на міжнароднай арэне.