Спыніць вытворчасць і продаж хлеба з назвай «Бульбаш»

Пад зваротам да кіраўніцтва прадпрыемства ААТ «Слуцкі хлебзавод» спыніць вытворчасць і продаж хлеба з назвай «Бульбаш» падпісаліся 30 чалавек.

img_0931_1_logo.jpg


Пра гэта паведаміла старшыня Слуцкага ТБМ Зінаіда Цімошак.
Неабыякавыя жыхары Слуцка лічаць, што хлебная прадукцыя з назвай «Бульбаш» утрымлівае зневажальна-абразлівую мянушку беларусаў, зневажае нацыянальны гонар і дадае адценне напаўнавартаснасці беларусам. Случчане лічаць, што беларуская мова вельмі багатая, і з яе назоўнікаў і прыметнікаў можна выбраць шмат іншых назваў, якія б упрыгожвалі хлеб.
— Я мела магчымасць наведаць дырэктара хлебнага завода Чырца Дзмітрыя Дзям’янавіча і паразмаўляць наконт гэтага сумніўнага хлебнага брэнда, — распавяла Зінаіда Цімошак. — Дырэктар па нацыянальнасці беларус, узначальвае завод толькі другі год. Мне падалося, што ён і сам крыху здзівіўся і задумаўся над гэтай назвай. Будзем спадзявацца, што пасля гэтага звароту адміністрацыя завода задумаецца над праблемай і вырашыць яе на карысць беларусаў.
А вось што наконт назвы хлеба думаюць людзі.
Ірына Паўлюшчык адпрацавала настаўніцай беларускай мовы ў адной з школ Капыльскага раёна амаль 40 гадоў.
— У слоўніку беларускай мовы ўвогуле адсутнічае такі назоўнік, як «Бульбаш», — гаворыць спадарыня Ірына. — Гэта слова ўжываецца звычайна ў асабістых адносінах з адценкам насмешкі ў дачыненні да людзей, якія ўжываюць шмат бульбы. Мякка кажучы, гэта неафіцыйная мянушка беларусаў. Паколькі слуцкі хлеб да таго ж не выпякаецца з бульбы, такая назва хлеба наўпрост здзіўляе.
Алесь Пашкевіч, першы намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў, нарадзіўся на Случчыне. Ён станоўча адносіцца да звароту случакоў:
— І я, і ўсе іншыя творцы Случчыны падтрымліваем зварот жыхароў Слуцка наконт змены назвы хлеба, — распавёў вядомы пісьменнік. — Мы — беларусы, ліцвіны, крывічы… Мы з’явіліся на гэтай зямлі за тысячы гадоў да таго, калі на нашай зямлі пачалі сеяць бульбу. Мы былі да бульбы і будзем пасля бульбы, хай ведаюць пра гэта ўсе, хто хоча абмежаваць нашы памкненні адно толькі бульбай.
Алесь Пашкевіч спадзяецца на патрыятызм і годнасць кіраўнікоў завода ў вырашэнні гэтыга пытання з тым, каб «у Слуцку было ўсё па-людску”.
А што думаюць пра назву «Бульбаш» іншыя жыхары і госці горада, якіх карэспандэнт НЧ апытаў на вуліцах горада?
— Па мне, дык хай будзе нават назва «гаршок», абы толькі хлеб быў смачны, — прыкладна так выказаліся некаторыя.
— Ну, абзываюць нас «бульбашамі», ну і што з гэтага? Мне ўсё роўна, — такое меркаванне можна было пачуць ад іншых «абыякавых».
Магчыма, пра такіх і распавядаюць у анекдоце пра беларуса, які сядзіць на цвіку і думае, што так і трэба.
Рэзка адмоўна выказаўся да брэнда «Бульбаш» Аляксандр Доўнар, які жыве ў Старых Дарогах і прыехаў на слуцкі базар:
— Хай бы выклалі на паліцы крамаў побач з «Бульбашом» яшчэ караваі з назвамі «Маскаль», «Хахол», «Жыд» і «Пшэк», — абураецца спадар Аляксандр. — Паглядзеў бы я, як палякі і ўкраінцы б аднесліся да такога брэнда. Ды і расіяне не былі б, я думаю, надта радаснымі. Гэта ж наколькі трэба маркетолагам не паважаць сябе і свой народ, каб з такой лёгкасцю пляваць у душу людзям з свядомасцю і знішчаць народ з яго спрадвечнай гісторыяй.
Мужчына лічыць, што гэты сумніўны «брэнд» трэба выкінуць на сметнік назаўжды.