Жыхары Слуцку перамаглі — галубіныя могілкі зніклі

Тры дні працавала брыгада камунальнікаў, заказалі нават спецтэхніку. Тэхнічны паверх дому ў Слуцку ўсё ж ачысцілі ад дохлых галубоў.

img_6081_logo.jpg


Жыхары дома №11 па вуліцы Жукава Слуцка святкуюць перамогу. Пасля напісання калектыўнага звароту на імя генеральнага дырэктара, якое падпісалі 59 чалавек, заявы ў цэнтр гігіены і эпідэміялогіі ды публікацыі артыкула ў "Новым Часе" пра могілкі галубоў на паддашшы камунальнікі нарэшце ачысцілі тэхнічны паверх дома ад мёртвых птушак.
На прыёме ў старшыні Слуцкага райвыканкама генеральны дырэктар КУП “Слуцкая ЖКГ” адрапартаваў, што ўсе мерапрыемствы выкананыя.
Святлана Цярэнцьева, якая арганізавала збор подпісаў, хоць і задаволена вынікамі, але не хавае свайго здзіўлення словамі генеральнага дырэктара КУП “Слуцкае ЖКГ” Мікалай Фёдаравіч Варанько, які падчас прыёму ў старшыні райвыканкама 13 красавіка распавёў, нібы камунальнікі аглядаюць тэхнічныя паверхі два разы на год, а таксама своечасова рэагуюць на звароты жыльцоў: "Падчас збору подпісаў у іншых пад’ездах я даведалася, што апрача мяне па гэтай праблеме ў ЖЭУ-1 звярталася шмат людзей, якіх там не пачулі. Атрымліваецца, што ў хлусні абвінавачаны 59 чалавек, якія падпісалі калектыўны зварот". Калі б камунальнікі сапраўды правяралі тэхнічныя паверхі два разы ў год ды рэагавалі на звароты жыльцоў, не было б патрэбы звяртацца да грамадскай актывісткі ініцыятывы “Утульны край” за кансультацыяй і дапамогай, адзначыла Святлана Цярэнцьева.

img_6085_logo.jpg


Тры дні каля дому працаваў цэлы дэсант супрацоўнікаў ЖКГ, прыехала нават вялікагрузная тэхніка, якую спецыяльна заказвалі ў ПМК. 8 красавіка на трактары грузілі рэшткі галубоў, 8 і 9 красавіка з дапамогай адмысловых прыстасаванняў разам з уцяпляльнікам выкідваліся рэшткі жыццядзейнасці птушак.
"Людзі былі проста ў шоку, бо ніколі не бачылі столькі тэхнікі каля дому. На чацвёрты дзень па прадпісанні санстанцыі наш пад’езд быў ачышчаны ад пылу і бруду, якія пападаў з люка", — распавяла Святлана Цярэнцьева. Марына Трафімчык, старшая па дому, таксама здзівілася расповеду камунальнікаў. Яна нават і не чула пра існаванне абавязковых вясенне-асенніх аглядаў тэхнічнага становішча дома: "Калі б два разы на год камісія з ЖКГ з прадстаўніком ад дому сапраўды праходзіла па дому і выслухоўвала заўвагі жыльцоў, не патрэбна б было пісаць дадатковыя скаргі", — робіць яна выснову.

img_6086_logo.jpg


Пракаментаваць сітуацыю з галубінымі могілкамі я папрасіла віцебскага праваабаронцу Паўла Левіна, які шмат гадоў займаецца праблемамі ЖКГ.
— Наша ЖКГ — залатая жыла для тых, хто ўмее “круціцца” і нажываць грошы, — выказвае сваю думку праваабаронца. — Ніхто нічога не можа падлічыць дакладна, можна прыпісваць, што заўгодна. Не сумняваюся, што правяраючым у Слуцку паказваюць патрэбныя паперы і акты пра агляды дома па першым жа патрабаванні. Нават зараз, калі Лукашэнка даў указанне, у камунальным ведамстве не могуць правільна падлічыць тарыфы і вызначыць аб’ёмы работ. Многія жыхары нават не здагадваюцца, што камунальнікі павінны не толькі класці латкі на прагніўшыя трубы, але штогод своечасова прачышчаць каналізацыю, ажыццяўляць вентыляцыю і многае іншае. Яны ўвогуле не павінны былі дапусціць такога дзікунства, як наяўнасць могілак галубоў над галовамі людзей.