Жылы дом у Слуцку ператварыўся ў брацкія могілкі для галубоў

Некалькі гадоў жыхары дома №11 па вуліцы Жукава ў Слуцку скардзяцца ў органы ЖКГ на непрыемны пах у пад’ездах. Тэхнічны паверх 5-павярховага дома вонкава напамінае адмысловыя птушыныя могілкі.

Тое, што галубы любяць сяліцца пад дахамі многакватэрных дамоў — звычайная з’ява, якая нікога не здзіўляе. Хтосьці спрабуе змагацца з гэтым, а хтосьці нават радуецца іхняму буркаванню і вясёлай мітусні пад дахамі.

 

Жыхары Слуцка, якія пражываюць у доме №11 па вуліцы Жукава, сутыкнуліся з жахлівымі наступствамі такога суседства. Справа ў тым, што ўвесь тэхнічны паверх пяціпавярховага дома з двухскатнымі дахамі ператварыўся ў адмысловыя птушыныя могілкі.

 

Рэшткі птушак туляцца на люку, праз які можна падняцца на тэхнічны паверх, а таксама раскіданыя па ўсяму перыметру дома ў неверагоднай колькасці. Усе канструкцыі загаджаны адходамі іхняй жыццядзейнасці.



 

«Праблема пранікнення галубоў пад дах дома ўзнікла яшчэ дзесяць гадоў таму назад, пасля дажынак, калі над домам узвялі двухскатны дах, — успамінае жыхарка дома Святлана Цярэнцьева. — На верхніх паверхах цяжка было заснуць: не давала спаць галубінае буркаванне. Але некалькі гадоў таму становішча стала зусім катастрафічным. У цёплы перыяд году з вясны да восені ў нашым пад’ездзе, дзе знаходзіцца выхад праз люк на дах, стаіць невыносны смурод, а з люка на пляцоўкі 5-га і 4-га паверху сыплюцца пер’е, галубіны памёт, нейкія чарвякі».

 

Яе суседка па пад’езду Ганна Заяц падзялілася непрыемнай гісторыяй, якая здарылася ў жніўні 2015 года: «Стаяла страшэнная гарачыня. У Слуцку былі выпадкі, калі адзінокія людзі паміралі ў сваіх кватэрах, і іх смерць адразу была незаўважанай. Суседзі праз некалькі дзён звярталіся ў міліцыю па прычыне непрыемнага паху і разам з міліцыяй знаходзілі памёрлых людзей. А ў нашым пад’ездзе стаяў моцны трупны пах таксама, і жыльцы з 4-га паверху  вызвалі міліцыю, каб тая праверыла, ў чым справа. Участковы міліцыянт абышоў кватэры і высветліў, што смурод зыходзіць з тэхнічнага паверху. Вызвалі прадстаўнікоў ЖКГ, прыходзіў работнік з вялікім палітыленавым мяшком. Думалі, што ЖКГ выканае нейкія сур’езныя мерапрыемствы і ліквідуе праблему, аднак, гэта не здарылася».

 

Святлана Цярэнцьева, якая жыве якраз пад «брацкімі могілкамі» галубоў, сцвярджае, што і яна, і суседзі, звярталіся неаднойчы ў ЖЭУ-1 па гэтым пытанні. «І званілі, і пісьмовы зварот я заносіла — скардзіцца маладая жанчына. — Ніякіх захадаў ЖКГ не прымае. Ужо нават парэшткі маленькіх галубянят сведчаць пра тое, што іх не ніхто не прыбіраў. А іх жа, здохлых, там сотні».



 

«Уявіце цяпер, з якім настроем мы жывём, ведаючы, што над нашымі галовамі знаходзяцца могілкі галубоў. І гэта ў той час, калі мы штомесяц плоцім за прыбіранне падсобных агульных памяшканняў, іхнія дэзінфекцыі і гэтак далей», — адзначае Цярэнцьева.

 

Зараз жыхары дома падпісваюць калектыўны зварот да генеральнага дырэктара КУП «Слуцкае ЖКХ» і просяць, каб была створана камісія з адмыслоўцаў, якія б устанавілі прычыну масавай гібелі птушак пад іх дахам і прынялі захады да ліквідацыі праблемы назаўсёды.

Дарэчы, як сцвярджаюць ветэрынарныя дактары, нават жывыя галубы могуць быць распаўсюджвальнікамі розных інфекцый, небяспечных для людзей. А іхнія трупы — тым болей. Да таго ж невядома, ад чаго яны гінуць у такой колькасці пад гэтым дахам.

 

У гэтай гісторыі шмат пытанняў, таму працяг будзе.