20 гадоў прыгодаў «Старога Ольсы»: падборка малавядомых фактаў да Каляднага Фэста

25 снежня ў мінскім клубе Re:Public адбудзецца галоўная штогадовая падзея для ўсіх аматараў беларускай фальклорнай музыкі — святочны «Калядны фэст». Традыцыйна на сцэне выступяць выбітныя калектывы і выканаўцы сярэднявечнай і фолк-музыкі.

6_stary_olsa_.jpg


Візітная картка беларускай музычнай фолк-культуры, у гэтым годзе «Калядны фэст» пройдзе ўжо ў дванаццаты раз. Але ўпершыню мерапрыемства адбудзецца пад знакам урачыстай падзеі: фэст будзе прысвечаны 20-годдзю творчага шляху гурта «Стары Ольса» — калектыва, які зрабіў бескаштоўны ўнёсак у развіццё беларускай культуры і без якога твар беларускай мідывал-фолк музыкі сёння быў бы зусім іншым. 

Напярэдадні «Каляднага Фэста» музыкі ўзгадалі шэраг цікавых, незвычайных, малавядомых фактаў і гісторый з творчай біяграфіі калектыву «Старога Ольсы». Такога вы дакладна яшчэ не чулі!

 

kaljadny_fest_h.jpg

МУЗЫЧНЫЯ ПАДАРОЖЖЫ

Амстэрдам

У Амстэрдаме мы адсталі ад самалёта, на які павінны былі перасаджвацца. Давялося выбіраць: альбо вяртацца дадому з малымі стратамі грошай, альбо ляцець далёка і дорага за свой рахунак, але выканаць свае абавязкі і не падставіць фэст, які нас запрасіў (Азорскія выспы, роўна пасярод Атлантыкі). Адзінагалосна вырашылі, што ў гэтым выпадку грошы не галоўнае, а самае важнае захаваць імя гурта і не падставіць фестываль. Дай курортныя выспы, ліпень, сезон у разгары...  З цяжкасцю, але ўдалося замовіць новыя квіткі! Тры дні мы літаральна жылі ў аэрапорце, затое пагулялі па Амстэрдаму (ва ўсіх сэнсах). Гэтым разам удала даляцелі. Фестываль і мэр горада вельмі добра сустрэлі нас, нават кампенсавалі кошт новых квіткоў.

Р.S. Праўда, першая ж хваля змыла ў акіян новую падводную камеру Алеся Чумакова. Уключаную і з зараджаным на поўную акумулятарам… Яна, напэўна, яшчэ месяц здымала падводнае жыццё! Можа, у якім-небудзь 28-м стагоддзі яе знойдуць і паглядзяць падводныя археолагі!

 

Шлях

Ехалі мы на канцэрт у Сыктыўкар (арганізоўвала МГА «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына»). Грошай на самалёт не было, таму вырашылі дабірацца цягніком. А гэта двое сутак! Дарога так надакучыла, што Алесь Чумакоў і Андрык Апановіч сядзелі на верхніх паліцах і паігрывалі на інструментах. Да нас у купэ пастаянна зазіралі розныя спадарожнікі з іншых купэ і вагонаў — паслухаць дзіўныя інструменты. Натуральна, заходзілі з адпаведнымі для Расіі пачастункамі...

Праз некаторы час у хлапцоў пачало нешта атрымлівацца, а потым нарадзілася мелодыя, якая пазней была аформлена ў кампазіцыю «Шлях». Дарэчы, беларуская дыяспара нам учыніла такі прыём на вакзале — усе беларускамоўныя, дранікі, кветкі, беларуская музыка… Нібыта праз двое сутак мы зноў вярнуліся ў Менск, але ўжо сапраўдны, наш беларускі Менск!

 

Сургут

Пасля перасадкі ў Маскве аказалася, што мы ляцім у адным самалёце з расейскім гуртом «Мумий Тролль». На пасадцы ў Сургуце літаральна да трапа самалёта пад’ехала нейкая важная калона з саліднымі машынамі і аўтобусам (што забаронена правіламі бяспекі, за выключэннем урадавых дэлегацый!). Мы кажам — вось як сур’ёзна сустракаюць «Мумий Тролль», а «Мумий Тролль» кажуць — вось як нейкую шышку ў нашым самалёце сустракаюць! І калі гэтыя знаныя музыкі пагрузіліся ў звычайны аэрапортавы аўтобус і на трап вылезлі мы — з гэтых салідных машынаў выйшлі людзі ў афіцыйных гарнітурах і закрычалі: «Стары Ольса!» Арганізавалі гэта (і ўвогуле ўвесь наступны прыём) чыноўнікі і бізнесмены-беларусы. А на банкет пасля канцэрта прыехаў расійскі федэральны чыноўнік па Сібіры, падсеў да Зміцера Сасноўскага і на чысцюткай беларускай мове сказаў: «Зміцер, мы з табой, аказваецца, сваякі! Месяц таму я прылятаў у Старакраснае на пахаванне дзеда Франака і сядзеў побач з тваімі бацькамі!»

 

Штурм

Пасля аднаго з фестываляў у Польшчы арганізатары запрасілі выступіць «Ольсаў» на піры, але за чатыры канцэрты ў дзень гурт так стаміўся, што з гатэля пешшу да замка выправіліся толькі Тапчэўскі і Сасноўскі. Калі яны падышлі да брамы, мост праз роў быў ужо падняты, а ахова на вежах нічога не ведала пра музыкаў, якіх трэба было прапусціць на пір. Ахова папрасіла пачакаць, пакуль паклічуць іх начальніка (важна — з гэтага боку ў замак гурт ніколі не заходзіў). Але ж ліцвінскім музыкам такая перашкода здалася не істотнай, і яны прынялі рашэнне залезці на вежу над ірвом проста па канаце, які злучаў вежу і дарогу. І вось уначы, пры святле паходняў, з дудамі і барабанам музыкі паціху далезлі да вежы. На той час да ўваходу ўжо прыбег начальнік аховы і чамусьці па-вар’яцку крычаў, што нельга, не лезьце, вярніцеся. Калі ж хлопцы апынуліся на вежы, ён нервова сказаў, што ўсе беларусы шалёныя, і папрасіў паглядзець туды, куды ён зараз пасвеціць. Ахоўнік накіраваў ліхтар у роў — а там дзеля рэканструкцыі перад фестывалем было ўбіта ў зямлю мноства завостраных калоў…

 

a36dv6nq4gc.jpg

АСОБЫ

Арына Вячорка і Алена Макоўская 

У гісторыі «Старога Ольсы» ёсць дзве жанчыны, якія адыгралі ў біяграфіі гурта велізарныя ролі — прадзюсар і мецэнат Арына Вячорка і грамадскі дзеяч Алена Макоўская. Першая літаральна ў сваім рыцарскім клубе «Вялікае княства» сабрала першы склад гурта, арганізавала шмат канцэртаў, пазнаёміла з польскімі прадзюсарамі, падаравала кіпу літаратуры па гісторыі музыкі, зрабіла поўную копію «Полацкага сшытку». Другая арганізавала безліч канцэртаў у замежжы, дала офісную тэхніку, памяшканне, здабыла грошы на запіс і выпуск 4 студыйных альбомаў.

Напэўна, самі Нябёсы падаравалі гурту на пачатку творчага шляху такіх спрыяльніц!

 

Марыя Шарый

У 2004 годзе Марыя брала аўтографы ў гурта пасля аднаго з мінскіх канцэртаў. Тады яна яшчэ нават не марыла, што ў 2008 годзе будзе граць у складзе «Старога Ольсы», а пасля паралельна стане менеджэрам калектыву.

 

Тапчэўскі і Войцех

У 2009 годзе Сяржука Тапчэўскага прызвалі ў войска. Сталі шукаць яму замену. Калежанка Марыі Шарый на пытанне «Ці ведаеш ты каго з бубначоў?» адказала: «О, са мной у ансамблі на барабанах грае Аляксей, ён умее граць piano (ціха)!» Так мы знайшлі Аляксея Войцеха. І так сталася, што пасля вяртання Сяржука з войска Аляксей застаўся ў асноўным складзе назаўсёды! Яшчэ і паралельна нашым гукарэжысёрам стаў.

 

10_stary_olsa_.jpg

ТВОРЧЫЯ ПЕРАМОГІ

Рок-каранацыя

На апошняй «Рок-каранацыі» мы былі намінаваны на рок-карону «Традыцыі і сучаснасць», але не атрымалі яе. Пасля выступу троху ў сумным настроі паехалі на офіс, разгрузілі інструменты і раз’ехаліся па хатах. Аднак праз некаторы час удзельнікам гурта пачалі перыядычна званіць і віншаваць з рок-каронай. Аказваецца, у зале стаялі датчыкі дэцыбелаў і запісвалі воплескі і шум — рэакцыю публікі на кожны гурт. «Стары Ольса» выклікаў найгучнейшую за ўсіх рэакцыю і атрымаў рок-карону «Глядацкія сімпатыі». На шчасце, апынулася, што не ўсе музыкі раз’ехаліся па хатах: Сяржук Тапчэўскі і Андрык Апановіч вярнуліся ў КЗ «Мінск», каб з сябрамі адзначыць паражэнне… Якраз яны і пабеглі з буфету на сцэну, каб узяць рок-карону і запрасіць усіх зноў у буфет (рок-кароны зручна перакульваліся і ператвараліся ў велізарны крыштальны кубак — пра гэта ў той час ведалі ўсе музыкі!).

 

Курдэш, Маразуля…

 Калі на пачатку творчасці гурт дазваляў сабе ствараць шмат стылізацый сярэднявечнай музыкі, то ў апошняе дзесяцігоддзе мноства гісторыкаў, архівістаў, мовазнаўцаў, даследчыкаў музыкі дасылаюць «Старому Ольсу» свае знаходкі. Таму зараз проста знікла неабходнасць нешта сачыняць — хаця б «пералапаціць» атрыманае! Напрыклад, «Полацкі сшытак», славутую застольную песню Нясвіжскага замку «Курдэш», познелацінскі тэкст сярэднявечнай містэрыі «Маразуля» і інш.

 

«Легенды Лайф»

«Стары Ольса» запрасілі да ўдзелу ў праекце тэлеканала ОНТ «Легенды Лайф». Для першага выпуску была абрана балада гурта Metallica «One». Ніхто не чакаў, што неўласцівы для мідывал-гурта кавер на вядомы метал-твор збярэ ў YouTube больш за 3 мільёны праглядаў, выкліча па ўсім свеце ўвагу да беларускага медывальнага руху, і што «Стары Ольса» паедзе граць не праграму кавераў, а менавіта старадаўнюю СЯРЭДНЯВЕЧНУЮ музыку ў пяці турах па Амерыцы (універсітэты, канцэртныя пляцоўкі, філармоніі, фестывалі)!

 

15_stary_olsa_.jpg

АМЕРЫКА

Юта

Першы канцэрт у штаце Юта вельмі напружыў музыкаў, бо ніхто не патлумачыў асаблівасці гэтага штата і ягоных жыхароў, пра якія ведае ўся Амерыка. На піры пасля выканання асноўнай праграмы нас папрасілі зайграць яшчэ. Мы пажартавалі, што ў сярэднявеччы музыкі гралі дагэтуль, пакуль у іх было ля ног пітво. Нам тут жа прынеслі «Кока-колу» і мінералку. Але гэта яшчэ не ўсе дзівосы! Ідзе канцэрт, падчас яб’яваў кампазіцый амаль ніякай рэакцыі, нават пры аб’явах і тлумачэннях застольных песняў, што выклікалі бурныя воплескі і радасць ва ўсіх іншых штатах (агулам гурт выступаў у 27-мі). Нават пасля кампазіцый амаль ніякай рэакцыі, людзі проста сядзяць, не пляскаюць, сціпла і ветліва ўсміхаюцца. На сцэне здавалася, што гэтая музыка альбо зусім не падабаецца, альбо незразумелая. Аказалася вось што: Юта — мармонскі пратэстанцкі штат, тут не ўжываюць алкаголь, не парушаюць хуткасны рэжым і не крычаць на канцэртах!

 

Майк Сайдар

Адзін з арганізатараў нашых канцэртаў у Амерыцы зрабіў у наш гонар прыём у сваім доме і прапанаваў розныя напоі. Амаль усе выбралі пакаштаваць сідар. Зміцер Сасноўскі пракаментаваў, што адзін з гатункаў сідара сярэдняй якасці, а адзін добры, класічны і па смаку, і па градусах. А потым (як яму здалося, на зразумелай ангельскай мове) дадаў: «Я таксама раблю сідар». Гаспадар працягнуў Зміцеру руку і адказаў: «О! Ты Майк Сайдар? Рады з табой пазнаёміцца!» Зміцер хацеў патлумачыць, але Марыя Шарый спыніла — хай і далей так мяркуе. Так гэтая мянушка да Зміцера і прычапілася, нават нашыя сябры з іншых амерыканскіх гуртоў называлі яго Майк ці Майкл Сайдар!

 

eajk_rhmcki.jpg

Пастыр Рычард

У штаце Мэрылэнд акрамя Рэнесанс-фестываля гурт запрасілі выступіць у пратэстанцкай царкве. Ведаючы, як беларускія пратэстанты ўважліва ставяцца да рэпертуару гуртоў, якія выступаюць у царкве, была складзена адпаведная стрыманая рэнесансна-барочная праграма.

Прыязджае перад выступам пастыр гэтай царквы, знаёміцца і кажа: «Я даведаўся, што ў вас ёсць кавер-версія кампазіцыі гурта AC/DC «Highway to Hell», хачу, каб вы выканалі яе на канцэрце. Здолееце?». Гурт троху зніякавеў, а Зміцер запытаўся, ці ведае шаноўны пастыр змест песні, там жа «пра выпіванне і поўны адрыў». Пастыр палез праз мабільнік у інтэрнэт, прачытаў словы і сказаў: «No problem. Play please! This is a good song!»

Хуценька была перагледжана праграма на прадмет ухілу ў весялосць і зухаватасць. Канцэрт, дзе было нямала людзей сталага веку, адбыўся веееельмі задорна, пад «Highway to Hell» асабліва актыўна адрываліся бабулькі ў першым шэрагу!

 

5_stary_olsa_.jpg

КЛІПЫ

З усімі здымкамі кліпаў звязана шмат цікавых гісторый,  але некаторыя «адзначыліся» асабліва.

Кліп «Карчма». Не знайшлі ўжо зарэзанага парсючка для верцелу і давялося набыць жывога, які вельмі не хацеў станавіцца зоркай, ехаў на здымкі бурна, таму нарабіў спраў на ўвесь бус… На месцы давялося самім гатаваць стэарынавую лампаду, падчас чаго злучэнне стэарыну і ацэтону выбухнула, абпаліла Алесю бараду, бровы і валасы, потым ледзь не выбухнулі балоны з газам. Акторы пасмажылі ў коміне хлеб на мячах, чым абсалютна сапсавалі мячы. Падчас перавозкі сталовага начыння яно амаль усё перабілася, таму на сталах пачастункі расклалі ў пабіты посуд. Аўтаномная электрастанцыя ламалася тры разы, усе вырашалі, што здымкаў болей не будзе і пачыналі піць і есці рэквізіт, а потым ляснік зноў сваёй «Волгай» заводзіў станцыю. Лампада пры тушэнні ледзь не ўдушыла ўсіх, здымкі спынілі на некалькі гадзінаў, каб эвакуіраваць людзей. Гарматы не стралялі з-за вільготнага пораху, давялося яго сушыць. І на закуску прыгодаў Сасноўскі паламаў ключыцу і яго тэрмінова павезлі ў бальніцу!

Кліп «Літвін». Дзякуючы працы і апантанасці вядомага актора і рыцара Фёдара Міхеева на здымкі з ўсёй Беларусі была сабраная рэкордная колькасць узброеных і экіпіраваных рыцараў — 92! Па сцэнару гусляр Алесь Чумакоў пасля выбуху гарматы мусіў хапацца за твар, па якім павінна цячы кроў. У прэзерватыў налілі таматны сок, але ён не ірваўся аніяк, ні праз біццё, ні праз шматлікае пракалванне, ні нават пры кусанні (марку і фірму не памятае ўжо ніхто).

Кліп «Шлях». На конным турніры падчас здымкаў усе паступова зразумелі, што два галоўныя рыцары не граюць ролі. Яны па-сапраўднаму біліся і коннымі на дзідах, і пешымі на мячах. Аказалася, што гэта бойка за дзяўчыну, якая была жонкай аднаго і сышла жыць да другога. Спыніць іхную бойку не адважваўся ніхто. Аператары здымалі, а мы маліліся, каб абышлося без сур’ёзных траўмаў і калецтва… Усё скончылася добра — прафесіяналы!

 

kaljadny_fest_internet.jpg

***

Штогадовы фестываль «Калядны Фэст» адбудзецца 25 снежня ў клубе Re:Public.

Не ўпусціце шанец адзначыць святочную імпрэзу  разам з улюбёнымі музыкамі!