50 гадоў і 50 віншаванняў Лявону Вольскаму
Сёння адзначае 50-годдзе бадай што галоўны музыка ў гісторыі беларускага рок-н-рола — Лявон Вольскі. Будзьма апытала людзей розных пакаленняў і музычных густаў пра ўплыў Волькага на іх жыццё і беларускую музычную культуру.
Аляксандр Кулінковіч, музыка: Лявон — нашае ўсё. Як Пушкін. Найталенавіцейшы музыка і паэт. Гучыць пафасна, але я напраўду ганаруся, што гэта мой калега, што жыву з ім у адной краіне і спяваў з ім на адной сцэне ў адзін мікрафон. Уплыў гэтага чалавека на беларускую культуру вызначаць нашчадкі, а ў сучаснікаў — проста захапленне! І гэта правільна. Доўгіх гадоў.
Вінцук Вячорка, грамадскі дзеяч: Ён належыць да невялікага кола людзей, якія паклалі жыццё на адбудову, дабудову храму беларускай культуры. Ён браўся за розныя жанры і падвіды року і лягчэйшай музыкі. І сцэнары, і сцэнічныя паводзіны. Гэта высокаталенавіта і па-беларуску, ні разу не адышоў ад прынцыпаў спеваў па-беларуску.
Андрэй Дынько, шэф-рэдактар “Нашай Нівы”: Лявон Вольскі — гэта геній нашага часу.
Уладзімір Пугач, музыка: Я ўжо неаднаразова казаў, магу паўтарыць: мне падаецца, што калі не праз сто гадоў пра беларускую культуру пачатку ХХІ ст. будуць меркаваць менавіта па тым, што рабіў Лявон, а не па аднамомантных артыстаў, якія тухнуць праз змену кан’юнктуры. Ён робіць маштабныя рэчы, я б хацеў, каб ягоная творчасць характарызавала тое, што адбывалася на мяжы стагоддзяў. Адзін з нешматлікіх людзей, якія робяць шчыра.
Альгерд Бахарэвіч, літаратар: “Калі б не Лявон Вольскі, наўрад ці я зрабіўся б Альгердам Бахарэвічам. Жыў бы сабе Олегом Івановічем — і пісаў бы па-расійску вершыкі пра вешчіх олегов і іншыя правільные вешчі. Упершыню я пазнаёміўся з творчасцю Лявона недзе ў 1988 або 1989 — і гэта быў шок, інерцыі якога хапіла, каб зрабіцца першым беларускамоўным жыхаром Шабаноў, першым беларускамоўным вучнем тамтэйшай школы, літаратарам, беларусам і вольным чалавекам. Творчасць Лявона пераканала мяне, што можна быць нонканфармістам і пры гэтым пісаць па-беларуску, што рок-музыка (а я тады большасць часу марнаваў на яе) магчымая па-беларуску, што пісаць далей мне варта і што беларускае можа быць сучасным, прыгожым і еўрапейскім. Лявон Вольскі — гэта чалавек, які заўжды эксперыментуе, ніколі не спыняецца, без шкадавання развітваецца з тым, што больш не дае творчай асалоды, чалавек самых разнастайных талентаў. Ягонай харызмы хапіла, каб выхаваць некалькі пакаленняў беларусаў. Лявон — вельмі важны для маёй асабістай гісторыі чалавек, файны музыка, які не старэе, дужа цікавы літаратар і арыгінальны мастак, сапраўды вольны чалавек у несвабоднай краіне.
Сяргей Будкін, кіраўнік tuzin.fm: Вольскі быў з першых беларускіх выканаўцаў, якіх я пачуў свядома, зразумеў і асэнсаваў — гэта лягло на душу 14-гадовага падлетка і было прынятае ва ўнутраны свет. Было вялікім адкрыццём тое, што па-беларуску так можна спяваць і выказваць свае думкі, бо школа сцвярджала адваротнае.
Віталь Рыжкоў, літаратар: Неяк мы з сябрамі напаўжартам прыкідвалі, хто з жывых культурных дзеячаў Беларусі заслугоўвае помніка пры жыцці. Першым жа на памяць прыйшоў Лявон Артуравіч!
Павел Доўнар, стваральнік брэнда Honar: Лявон Вольскі — гэта прыклад таленавітага, паспяховага, рознабаковага беларуса, чыя дзейнасць суправаджае мяне ўсё жыццё. Яго творчасцю ў складзе N.R.M. я захапляўся, калі вучыўся ў школе і ліцэі, а яго голас (песні “Крамбамбулі”) гучаў на маім вяселлі. Ён дапамог майму жыццю стаць больш беларускім, але пры гэтым не згубіць у нейкай якасці, бо творчасць Вольскага — гэта не местачковы, а сапраўды сусветны ўзровень.
Стась Карпаў, публіцыст: У юнацтве я выйграў паэтычны конкурс, дзе прызам было асабістае знаёмства з Артурам Вольскім. Для мяне гэта было асабістае свята — знаёмства з бацькам “таго самага Вольскага”. Але Артур Вітальевіч неўзабаве памёр. У прынцыпе, і тады, і цяпер Лявон для мяне — арыенцір у пэўным сэнсе. І творчы, і чалавечы. А яшчэ такая беларуская прыемнасць. Справа ў тым, што Беларусі і ў свеце наогул няшмат людзей, чыя творчасць не носіць прыкметы выпакутаванасці. Я не кажу пра усе ягоныя песні да адной, але слухаеш які-небудзь “Сталінград” і разумееш: вось чувак проста ўзяў і напісаў абсалютна геніяльную песню-афарызм. Дакладней, яна сама ўзяла і напісалася, ён яўна не сядзеў, не гвалціў басуху тыдзень, каб прыдумаць мелодыю, не скрэмзаў сшытак, каб напісаць тэкст. І як крута, што у нашай краіне “жывёт такой парэнь”. А яшчэ для мяне Вольскі — чалавек, з якім бы я хацеў бухнуць, але ён не прапануе, на жаль.
Юрась Ускоў, журналіст, музыка: У мае школьныя часы касета з альбомам “Дом культуры” гуляла па паралелі, як ні адзін Pink Floyd не мог. Дэбютнік “Крамбамбулі” падарыў, здаецца, усім знаёмым эмігрантам, шкада, што цяпер гэты дыск не знайсці. “Трох чарапах” даводзілася спяваць у дыяметральна розных кампаніях — ад калег-музыкаў да суседа, якога пасля судзілі за крадзеж уласнай пральнай машыны. Больш значнай песні ў гісторыі Беларусі я нават не ведаю.
Атмараві, музыка: У свой час “МРОЯ” была натхненнем. “Я рок-музыка старых традыцый” гучыць у галаве дагэтуль.
Наста Кудасава, літаратар: Я не помню, як і калі я ўпершыню даведалася пра існаванне Лявона Вольскага. Гэта як адна з тых самых чарапах, што цягне нашу беларускую зямлю. Ніхто не задаецца пытаннем, хто яна і адкуль, усе проста ведаюць, што яна была, ёсць і будзе заўсёды. Прынамсі ў канцы 90-х мы ўсёй школай, без перабольшанняў, слухалі N.R.M., нават зусім далёкія ад беларушчыны таварышы. Гэта было проста паветра, якім мы дыхалі, на якім узгадавалася маё пакаленне. А што можна сказаць пра ўнёсак паветра ў маё жыццё, калі гэта і ёсць само жыццё?
Дар’я Бялькевіч, літаратар: З песень Лявона Артуравіча пачалася мая зацікаўленасць беларускай музыкай, ды не толькі музыкай, увогуле беларускай культурай. Менавіта праз яго творчасць прыйшло разуменне таго, што беларускае можа быць прыгожым, цікавым і захапляльным. Хто ведае, ці размаўляла б я на беларускай мове цяпер і ці пісала б беларускамоўныя вершы, калі б у дзявятым класе не пачула кранальныя “Простыя словы” ў выкананні Вольскага.
Аляксандр Чарнуха, журналіст: Вольскі — гэта ў нейкай ступені сімвал эпохі. Адзін з самых таленавітых і яскравых рок-музыкаў Беларусі, выдатны паэт, цудоўны вакаліст, аўтар самай вядомай сучаснай беларускай песні — чалавек, якога павінен ведаць і паважаць кожны беларус. Упершыню я пачуў песню Вольскага на нейкім злёце паэтаў. Я быў малы, слухаў ганста-рэп і амаль нічога не ведаў пра беларскую музыку. Хлопец, старэйшы за мяне на два ці тры гады зайграў на гітары “Песню пра каханне” і пачаў адразу з другога куплета. І вось гэты радок пра санітараў і гітару мне падаўся вельмі сапраўдным і шчырым. Пасля злёту сядзеў дома і падбіраў на гітары гэтую песню. Ужо потым былі “Тры чарапахі”, “Паветраны шар”, “Лёгкія-лёгкія” — песні, без якіх немагчыма ўявіць сучасную беларускую рок-музыку. Лявон Артуравіч — гэта чалавек, які сапраўды заслугоўвае збіраць найбуйнешыя пляцоўкі ў Беларусі.
Дзяніс Бурко, стваральнік платформы Litara-A: Лявон Вольскі для мяне — гэта салодкія, светлыя ўспаміны дзяцінства, часу станаўлення мяне як асобы. Першае самастойнае знаёмства з беларускай музыкай адбылося праз набыццё касеты гурта N.R.M., акустычны канцэрт, першая частка. Песні, пачутыя тады, гарачым адбіткам застануцца ў памяці. Тэксты яго песень дасюль лунаюць па лабірынтах памяці.
Стась Сілка, музыка: Лявон Вольскі — для мяне персанаж вельмі значны, менавіта з яго песень я пачаў знаёміцца з сучаснай беларускай культурай, і доўгі час толькі яго і ведаў, і ён быў для мяне своеасаблівым узорам, беларускамоўны нефармал — гэта для мяне было бомбай проста. Я абсалютна ўпэўнены, што я такі не адзін.
Сяргей Скрыпнічэнка, музыка: Адразу заўважу, што на Беларусі рок-музыка — дагэтуль занятак, які цягне хутчэй на подзвіг, чымся на руціну. І бесперапынная прысутнасць Лявона ў беларускім року сведчыць пра неверагодную прафесійную сканцэнтраванасць і пэўную самаахвярнасць. Можна (і трэба) плён Лявонавае творчасці разглядаць, прэпараваць і крытыкаваць. Аднак заўжды здымаю капялюш і зычу яшчэ па пяцьдзясят!
Таццяна Беланогая, музыка: Я яскрава памятаю момант, калі мае сябры далі паслухаць аўдыёкасету з альбомам гурта N.R.M. “Одзірыдзідзіна”. Гэта быў 2000 год. Можна сказаць, што свет перакуліўся пасля праслухоўвання, бо альбом сімвалічна абазначаў, што ёсць твар у беларускай музыкі.
Антон Рудак, літаратар: Вольскі нарадзіўся 14 верасня 1965 года, а мая мама — 15-га. У Менску тады была адна радзільня, таму маці лічыць, што яны там загаралі недзе побач. У нашай сям’і Вольскі, відаць, перадусім асацыюецца з супольнымі праектамі — “Народным альбомам”, “Я нарадзіўся тут”, “Крамбамбуляй”.
Сяргей Пукст, музыка: Для меня Вольский — это прежде всего личность. У него есть отчетливая позиция, стержень, которого, скажем, нет у меня. Я помню группу “Мроя” еще со времен художественного училища — мы только поступили, а они были на старших курсах. Так вот, уже тогда были дискуссии “за мову”, где Лявон был по-хорошему несгибаем. Что важно и чему стоит поучиться — это то, что эта внятность всегда была выражена лирически, через образ. Я не все работы N.R.M. и Лявона знаю, но последний его альбом вновь подтверждает его особое место в нашей музыке.
Сяргей Смірноў, музыка: С творчеством Лявона Вольского я познакомился очень давно и сейчас являюсь его поклонником. Благодаря Лявону я понял, как красив и многогранен беларусский язык, как естественно, искренне, и неповторимо звучат песни на нем. Благодаря Вольскаму во мне сохранилось то, что должно быть в каждом белорусе: любовь к родной культуре, языку, национальной символике.
Фёдар Жывалеўскі, музыка: Я пазнаёміўся з творчасцю Вольскага, яшчэ калі вучыўся ў школе. На той момант, калі мне толькі даводзілася бавіцца драйвам на гітарным самапале праз бабінны магнітафон, я ўжо меў трывалае захапленне рок-музыкай і цвёрды намер ёй займацца. Маё ўражанне ад беларускага року ў выкананні Вольскага нельга назваць проста захапленнем — гэта быў харошы прыклад, дзякуючы якому я сам пачаў пісаць песні па-беларуску, не сумняваючыся ў іх паўнавартаснасці.
Павел Бялінскі, музыка: Лявон Вольскі — гэта выдатны беларускі музыка, які многія гады ўпэўнена грае тую музыку, што яму падабаецца. На яго прыкладзе я зразумеў, што сучасная беларуская музыка мае будучыню і спяваць на беларускай мове — гэта не толькі прыгожа, але і вельмі карысна для самаадчування.
Ягор Супастатаў, музыка: Лявон Вольскі — шматгранны мастак, полікультурны аўтар, але, як ні паглядзі, з усіх бакоў беларускі. У яго песнях — наша рэчаіснасць. Гэта цікавіла, хвалявала, штурхала да развіцця. У пэўны перыяд з’явілася жаданне не толькі слухаць, але і рабіць нешта сваё.
Сяргей Башлыкевіч, музыка: Калі казаць пра маё першае ўсвядомленае сутыкненне з Лявонам, то яно адбылося на мяжы 9-10 класаў школы, калі ў маёй галаве намёртва засела, што “мы жывем пад зямлёю, мы жывем пад асфальтам”. Ужо пасля той самай “Песні падземных жыхароў” у мяне з’явіўся і “пашпарт грамадзяніна N.R.М.”, і сяброўства, і наогул жаданне граць на гітары песні N.R.М і спяваць па-беларуску. Як мне тады падавалася, мой голас паходзіў на голас Лявона Артуравіча, і гэта павінна было вылучаць мяне сярод дваровых спевакоў.
Арцём Мартыновіч, журналіст: На першы канцэрт Вольскага, у складзе NRM я трапіў у 14 гадоў. На той момант у мяне было тры касеты NRM і “Дваццаць восьмая зорка” МРОІ. Памятаю, як танчыў пад песні Мроі, поруч з нейкай жанчынай за 30. Было нязручна, бо танцполу не было. Але нас гэта мала хвалявала. Пасля я намагаўся не прапускаць ніводнага канцэрта, хоць грошаў у мяне, школьніка тады, вядома, не было. Гэта было самае багатае адкрыццё ў беларускай музыцы для мяне. Нічога падобнага за 14 год, што прайшлі з таго часу,у беларускай музычнай культуры я не знайшоў.
Алесь Кот-Зайцаў, музыка: У 16 гадоў я паехаў у Мінск на свой першы ў жыцці рок канцэрт — рок-каранацыя, хэдлайнерамі якой былі N.R.M.. Мама не надта хацела пускаць, але выбару ў яе асабліва не было, бо заціранне да дзіраў касет з “Трыма чарапахамі” і “Песнямі пра каханне” мусіла атрымаць свой лагічны працяг. Першы ў жыцці рок-канцэрт — як гэта было? Шок, захапленне, эмоцыі цераз край і непераадольнае жаданне аказацца па той бок сцэны. У пэўным сэнсе мне ўдалося. І ў пэўным сэнсе не без удзелу Лявона Вольскага.
Марына Савіцкая, радыё-журналіст: У першую чаргу Лявон Вольскі для мяне — гэта чалавек, які заклаў падмурак легендарнай ўжо каманды N.R.M. Сольная ж творчасць спадара Вольскага, яго ўдзел у гурце “Крамбамбуля”, праектах “Народны альбом”, “Я нарадзіўся тут”, “Такога няма нідзе” прымушаюць часам толькі пачасаць патыліцу ды падумаць: гэта ж наколькі трэба быць рознабаковым чалавекам, каб настолькі арганічна паўсюль упісацца.
Калі мне гавораць пра мілагучнасць і прыгажосць нашай мовы, у галаву нярэдка прыходзіць нрмаўскія “Простыя словы”. Вельмі чуллівая і шчырая (зноў жа!) кампазіцыя.
Ігар Назаранка, дызайнер: Выпадкова да мяне трапіла касета N.R.M. “Одзірыдзідзіна”. А потым выпадкова я пазнаёміўся з Лявонам. Гэты шэраг выпадковасцяў змяніў маё жыццё зусім не выпадкова. Вельмі удзячны Лявону — без яго не было б сучаснай беларускай культуры, не было б і маіх поспехаў.
Ігар Варашкевіч, музыка: Вольскi — адзін з бацькаў беларускага року. І вельмі таленавіты.
Алесь Аркуш, літаратар: З Лявон Вольскім пазнаёміўся ў 1988 годзе, калі “Мроя” прыехала высупіць на рок-фестываль “Наваполацк-88”. Мы з Сокалавым-Воюшам мелі размову з музыкамі перад выступам. Бліжэй ужо сышліся на Басах у пачатку 90-х, калі двойчы я ездзіў з “Мясцовым часам” на гэты фэст. Мне Вольскі падаўся аднадумцам — прагрэсіўным чалавекам, нацыянальнацэнтрычным і вельмі працавітым. Спадабалася, што не разглядаў “Мясцовы час” як канкурэнта, а наадварот, спрыяў палачанам чым мог. Можна сказаць, што Вольскі працерабіў шлях усяму беларускамоўнаму рок-руху. Ён легалізаваў гэты рух і нават надаў яму нейкі дух элітарнасці. Сваімі тэкстамі ён стварыў моладзевы гарадскі беларускі слэнг. А некаторыя ягоныя песні, сталі гімнамі моладзевага супраціву таталітарызму, як, напрыклад, “Тры чарапахі”, гэтыя песні моладзь спявала нават у турмах.
Аляксандр “Таранціна” Ждановіч, фатограф: Пачуў Вольскага ў медыцынскім універсітэце. “Спявай мне песні пра каханне” гадоў шэсць ці сем свярбела у галаве. Калі што, адразу напяваў “Калі за мною прыйдуць санітары…”