Абраду «Ваджэнне Сулы» прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці
Гэты абрад стаў 11-й нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю Гомельскай вобласці, уключанай у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі, паведамілі БелаПАН у прэс-службе Гомельскага аблвыканкама.
«Ваджэнне Сулы» праводзяць на другі дзень праваслаўнага Вялікадня. У гэтым годзе абрад адбудзецца 29 красавіка. Гэта асаблівае праяўленне вясновай абраднасці, накіраванае на забеспячэнне добрай ураджайнасці, здароўе ўсіх мясцовых жыхароў і абарону ад прыроднай стыхіі — маланкі.
Слова «Сула» ў разуменні вяскоўцаў азначае як само абрадавае дзейства, так і сукупнасць усіх яго ўдзельнікаў. У Суле аб’ядноўваюцца дзве суседнія вёскі Гомельскага раёна — Гадзічава і Маркавічы — і іх жыхары. Асноўныя ўдзельнікі — мясцовая моладзь, выканаўцы абрадавых дзействаў — жанчыны і дзяўчаты, якія апранаюцца ў прыгожыя і па-мясцоваму адметныя самаробныя касцюмы.
Пасля Пасхальнай літургіі ў Свята-Кацярынінскай царкве ў вёсцы Гадзічава жанчыны і дзяўчаты выходзяць на скрыжаванне дарог каля храма і водзяць старажытныя мясцовыя карагоды — «танкі». Узяўшыся пад рукі, радамі ідуць з песняй «Як ішла Сула», а затым з прыпеўкамі пад гармонік рухаюцца ў бок вёскі Маркавічы ўздоўж старога Кацярынінскага шляху.
У Маркавічах на ўсіх скрыжаваннях дарог, якія трапляюцца ўдзельнікам Сулы падчас абыходу вёскі, «танкі» паўтараюцца, а рух уздоўж дарогі суправаджаецца абрадавым спевам, гульнямі і прыпеўкамі пад гармонік.
На ўсім шляху да Сулы далучаюцца жадаючыя. Завяршаецца абрадавае свята каля сельскага дома культуры сумесным пачастункам і гуляннем.
Штогадовае правядзенне «Ваджэння Сулы» ў вёсках Гадзічава і Маркавічы было перапынена ў 1967 годзе мясцовай уладай і адноўлена праз 40 гадоў, у 2007 годзе, намаганнямі мясцовых энтузіястаў пры падтрымцы настаўнікаў і кіраўнікоў Маркавіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы.
Паводле дадзеных прэс-службы Гомельскага аблвыканкама, у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі цяпер уключана 5445 матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў і ўсяго 125 — нематэрыяльных.
racyja.com