Абвешчаны доўгі спіс прэміі Шэрмана для перакладчыкаў

Журы зацвердзіла доўгі спіс намінантаў на прэмію імя Карласа Шэрмана для перакладчыкаў.

premija_szeramana__10_.jpg

Журы будзе абіраць трох пераможцаў у трох намінацыях: пераклад прозы, пераклад паэзіі і пераклад дзіцячай кнігі. Пераможца ў кожнай намінацыі атрымае прыз у 1500 даляраў у эквіваленце.

“У гэтым годзе намінацыя “пераклад паэзіі” не надта багатая на кнігі, іх усяго 11, гэта зрабіла складаным вызначэнне доўгага спісу. Намінацыя “пераклад дзіцячай літаратуры” ўразіла, вельмі прыемна, што дзіцячай перакладной літаратуры становіцца болей. У гэтым сезоне прэміі спіс моў, з якіх перакладалі кнігі, крыху менш разнастайны ў параўнанні з мінулымі гадамі, большасць перакладаў зробленыя з польскай, англійскай і шведскай”, – дзеліцца думкамі сябра журы прэміі Ганна Бутырчык.

У журы прэміі Шэрмана ўвайшлі: перакладчык, кандыдат філалагічных навук Лявон Баршчэўскі, выкладчыца, кандыдат філалагічных навук, загадчыца кафедры замежнай літаратуры Ганна Бутырчык, перакладчыца, выкладчыца пісьмовага перакладу Вольга Марозава, філолаг, перакладчык, рэдактар Сяргей Сматрычэнка, перакладчык, журналіст, лаўрэат прэміі Карласа Шэрмана 2019 Сяргей Шупа.

Прэмія за найлепшую перакладную кнігу заснаваная ў 2016 годзе ў гонар выдатнага літаратурнага перакладчыка Карласа Шэрмана. Заснавальнікамі прэміі з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Мясцовы дабрачынны фонд “Вяртанне”.

У 2019 годзе лаўрэатамі прэміі імя Карласа Шэрмана сталі Антон Францішак Брыль (пераклад паэзіі), Надзея Кандрусевіч (пераклад дзіцячай кнігі) і Сяргей Шупа (пераклад прозы). Раней прэмію атрымлівалі Вера Бурлак, Андрэй Хадановіч і Якуб Лапатка.

Уручэнне прэміі Шэрмана адбудзецца на фестывалі інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA, які адбудзецца 15-18 кастрычніка ў Палацы мастацтва.

Сачыць за навінамі прэміі можна на старонцы ў Facebook і на сайтах арганізатараў.
Доўгі спіс прэміі Карласа Шэрмана 2020

premija_szeramana__11_.jpg


Павел Касцюкевіч, пераклад з англійскай – Джэром Клапка Джэром “Трое ў чоўне і пёс з імі”. Выдавецтва “Логвінаў”, Вільня.
Якуб Лапатка, пераклад з фінскай – Франс Эміль Сіланпя “Праведная галеча”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.
Кацярына Маціеўская, пераклад з польскай – Анджэй Сапкоўскі “Вядзьмар. Апошняе жаданне”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.
Марына Шода, пераклад з польскай – Антоні Лібера “Мадам”. Выдавецтва “Мастацкая літаратура”.
Ганна Янкута, пераклад з англійскай – Кадзуа Ісігура “Не адпускай мяне”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.
Ганна Янкута, пераклад з англійскай – Джэйн Остэн “Пыха і перадузятасць”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.

premija_szeramana__12_.jpg


Алеся Башарымава, пераклад са шведскай – Вернэр Аспенстрэм “Літанне”. Выдавецтва “Медысонт”, Мінск.
Алеся Башарымава, Наталля Паваляева, Ганна Янкута, пераклад са шведскай – Эдыт Сёдэргран “Выбраная паэзія”. Выдавец Зміцер Колас, Мінск.
Ігар Кулікоў, пераклад са стараангельскай – “Стараангельская паэзія”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.
Алег Мінкін, пераклад з украінскай – Мікола Зэраў “Выбраная паэзія”. Выдавец Зміцер Колас, Мінск.
Андрэй Хадановіч, пераклад з польскай – Ільдэфанс Галчыньскі “Выбранае”. Выдавец Зміцер Колас, Мінск.
Юля Цімафеева*, пераклад з шумерскай – Энхедуанна “Сакральная паэзія”. Выдавец Зміцер Колас, Мінск.

premija_szeramana__13_.jpg

 

Алеся Башарымава, пераклад са шведскай – Астрыд Ліндгрэн “Малы і Карлсан, які жыве на даху” і “Карлсан прылятае зноў”. Выдавецтва “Папуры”, Мінск.
Надзея Кандрусевіч, пераклад са шведскай – Сара Лундберг “Птушка ўва мне ляціць, куды захоча”. Выдавецтва “Koska”, Мінск.
Сяргей Матырка, пераклад з нямецкай – Эрвін Мозэр “Неверагодныя гісторыі на дабранач”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.
Марыя Пушкіна, пераклад з польскай – Раксана Енджэеўска-Врубель “Пераменлівыя настроі Іпаліта Шланга”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.
Алена Пятровіч, пераклад з англійскай – Дж. К. Роўлінг “Гары Потэр і філасофскі камень”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.
Марына Шода, пераклад з польскай – Анджэй Малешка “Магічнае дрэва. Чырвонае крэсла”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.

  Паводле прэс-службы Беларускага ПЭН-цэнтру