Абвешчаны шорт-ліст прэміі Ежы Гедройца
16 мая ў кнігарні “Логвінаў”быў абвешчаны шорт-ліст літаратурнай прэміі Ежы Гедройца. Першапачактовы спіс намінантаў налічваў 46 намінантаў. У шорт-ліст выйшлі 6 фаварытаў з лонг-ліста, які складаўся з 20-ці намінантаў.
Альгерд Бахарэвіч зачытвае шорт-ліст прэміі Геройца
У шчаслівую шасцёрку ўвайшлі: Ігар Бабкоў “Хвілінка. Тры гісторыі” (выдавецтва “Логвінаў”); Алена Брава “Дараванне. Прощение. Vergebung” (выдавецтва “Звязда”); Сяргей Вераціла “Разбітае сэрца Вітаўта” (выдавецтва “Мастацкая літаратура”) Артур Клінаў “Шклатара”(выдавецтва “Логвінаў”); Вінцэсь Мудроў “Багун” (выдавецтва “Полацкае ляда”); Людміла Рублеўская “Ночы на Плябанскіх млынах” (выдавецтва “Мастацкая літаратура”).
Вячаслаў Ракіцкі і Альгерд Бахарэвіч
На імпрэзе, акрамя мадэратара і па сумяшчальнасці сябра журы конкурса Альгерда Бахарэвіча, прыстунічалі Алена Брава, Вячаслаў Ракіцкі і Анатоль Івашчанка.
Алена Брава прэзентавала сваю кнігу “Дараванне. Прощение. Vergebung”. Галоўны герой кнігі Ганс — былы ўдзельнік Другой сусветнай вайны. Але мэтай кнігі не з’яўлялася распавесці пра ўспаміны былога салдата. Праз вобразныя малюнкі аўтарка паказвае шлях да міласэрнасці і даносіць думку, што варта ўжо руйнаваць стэрэатып пра, тое, што ўсе салдаты Вермахта былі “фашыстамі-робатамі”. Кніга ўжо перакладзена на нямецкую мову.
Алена Брава прэзентуе кнігу "Дараванне. Прощение. Vergebung"
Вячаслаў Ракіцкі прадстаўляў кнігу Аляксандра Лукашука “Зкімбы-зымбы”. Альгерда Бахарэвіча хвалявала пытанне пра тое, якпершая частка кнігі, якая па сутнасці адлюстроўвала жыццё самога аўтара, звязваецца з другой, героемякой з’яўляецца Васіль Быкаў. Ракіцкі патлумачыў, што ўся кніга — гэта шлях да чалавечага сумлення. А Васіль Быкаў для пісьменніка — найвышэйшая кропка сумлення.
Анатоль Івашчанка, які прадстаўляў інтарэсы Сяргея Дубаўца, стаў казаць пра памылковы склад анатацыі да кнігі “Errata”. У анатацыі гаворыцца, што галоўным героем твора з’яўляецца мова. Анатоль жа сцвярджаў, што “Errata” — гэта спроба пошукаў народа, а не мовы. Сяргей Дубавец называе беларусаў тут “нацыяй двухмоўных зэдлікаў”. Але, як падзяліўся Анатоль Івашчанка, аўтар лічыць, што “кніга не для гэтай прэміі”.
Алена Брава, Анатоль Івашчанка, Вячаслаў Ракіцкі
Аляксандр Лукашук і Сяргей Дубавец не змаглі прысутнічаць на мерапрыемстве, бо жывуць і працуюцьу Празе і, як выразіўся Анатоль Івашчанка, “гледзячы на Кафку, папіваюць каўку”.
Гэта была апошняя літаратурная вечарына у межах прэміі Ежы Гедройца. Прэмія прысуджаецца штогод за найлепшую кнігу, напісаную на беларускай мове, у жанрах “мастацкая проза” і “эсэістыка”. Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў, Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, Польскі Інстытут у Мінску. Лаўрэат конкурсу будзе абвешчаны ў чэрвені. Нагадаем, што ў мінулым годзе перамагла кніга Уладзіміра Някляева “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без”.
Фота аўтара