Ад Міцкевіча да Вакарчука. Другі беларускі рэліз ад Мілы Ражковай

Cпявачка з Масквы запісала другі студыйны беларускамоўны альбом, у які сярод іншага ўвайшлі творы на словы Адама Міцкевіча, Ёсіфа Бродзкага, Сяржука Сокалава-Воюша і Святаслава Вакарчука. Пра гэта піша tuzinfm.by.

 

 

Альбом атрымаў назву «Беларуская мазаіка». Уласна ў гэтым і была ягоная задума – сабраць песні розных часоў, розных жанраў і розных аўтараў на адзін дыск паводле галоўнага крытэра для спявачкі – гэта мусіць быць выдатная паэзія.
«Я люблю добрыя вершы ў незалежнасці ад мовы, на якой яны напісаныя. Мая музыка нараджаецца акурат з вобразаў, якія прысутнічаюць у паэзіі. І ў перакладах маіх песень я знаходжу зусім новыя вобразы, таму яны пачынаюць гучаць для мяне зусім інакш. А па-беларуску я спяваю, бо гэта надта меладычная мова і мне цікава адкрываць для сябе вашую культуру і спазнаваць беларускую душу», – зазначыла сьпявачка ў каментары для TuzinFM з нагоды рэлізу.
У альбом расейскай спявачкі ўвайшлі санэты Адама Міцкевіча ў перакладзе Кастуся Цвіркі, песні Мілы ў перакладзе паэткі з Гародні Альжбэты Кеды, пераклад свінга Сісі Рэдвік, які зрабіў Сяржук Сокалаў-Воюш. Беларускі паэт і бард адмыслова для гэтага альбому пераклаў таксама яе песні «Рамонкі», «Вясковую песню» на верш Ёсіфа Бродзкага, вядомую грузінскую песню «Тбілісо» і кампазыцыю Сьвятаслава Вакарчука «Маці». Міла таксама выканала «Разьвітанне з Радзімай» на словы Сокалава-Воюша і музыку Міхала Клеафаса Агінскага. Знайшлося месца ў «Мазайцы» таксама для аўтарскага прачытання беларускай народнай песні «Цячэ вада ў ярок».
Міла кажа, што далёка ня ўсе напрацоўкі ўвайшлі ў альбом, так што ў будучыні можна будзе чакаць яшчэ адзін беларускамоўны альбом.