Kolobike пачаў выкарыстоўваць беларускую мову
12 верасня ў мабільнай аплікацыі першага беларускага байкшэрынгу Kolobike з'явілася беларуская мова, звяртае ўвагу svaboda.org. У жніўні вакол кампаніі разгарэўся скандал, бо ў Twitter ад імя кампаніі адмаўляліся адказваць па-беларуску.
Што за скандал?Пасля допісу ў Twitter Kolobike «Адказ будзе па-расейску […], каб больш чытачоў маглі лепш зразумець» карыстальнікі сацыяльных сетак абурыліся.
На гэта дырэктар кампаніі Вадзім Осіпчык сказаў, што акаўнт быў фэйкавы. Па ягоных словах, Kolobike увогуле не прадстаўлены ў Twitter.
«Учора адкрыў фэйсбук і не зразумеў, што адбываецца, — казаў Вадзім Осіпчык. — Гэта поўная лухта і чыясьці правакацыя».
Планавалі налета — зрабілі праз месяц
У жніўні ён казаў, што калі будзе запыт на беларускую версію для праграмы, то яе зробяць.
«Не сёлета, але ў наступным годзе гэта магчыма», — казаў ён.
Абнаўленне на Android праграмы выйшла менш чым праз месяц пасля яго словаў. Раздзел «Дапамога» застаўся па-расейску. Беларуская мова інтэрфэйсу ў iOS-праграме таксама мае з'явіцца (згодна інфармацыі з AppStore), але запусьціць беларускі інтэрфэйс карэспандэнтам Свабоды на момант публікацыі не ўдалося. Сайт «Kolobike» мае толькі расейскамоўную версію.
У іншага мінскага «шэрынгу» транспартаў, пракату электрасамакатаў Eleven, нядаўна таксама з'явіліся беларускія інтэрфэйсы мабільных праграмаў, а сайт застаецца без беларускай версіі.