Мінчуку не хацелі павялічваць пенсію, бо запіс у працоўнай кніжцы быў па-беларуску

Справядлівасць давялося ўстанаўліваць праз суд пры дапамозе пракуратуры.

4esnok.by

4esnok.by

Суд Першамайскага раёна Мінска разгледзеў грамадзянскую справу па заяве жыхара сталіцы аб устанаўленні факта атрымання ім заработнай платы ў некалькіх арганізацыях.
У заяве суду мінчук паказаў, што з 17 ліпеня 1995 года па 12 траўня 1997 года ён працаваў кіроўцам-экспедытарам ў латвійскай кампаніі. Гэта пацвярджалася запісам у яго працоўнай кніжцы. Аднак звесткі аб памеры яго заработнай платы адсутнічалі і атрымаць іх у пазасудовым парадку не ўдалося.
Факт працы ў гэтай арганізацыі быў важны для вызначэння працоўнага стажу і налічэння пенсіі.
Рашэннем суда Першамайскага раёна г.Мінска патрабаванні мінчука задаволены часткова, пры гэтым ва ўсталяванні факту атрымання заработнай платы ў кампаніі яму адмоўлена. Справа ў тым, што ў Адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў Рэспублікі Беларусь не было звестак пра прадстаўніцтва латвійскай кампаніі.
Пракуратура раёна запрасіла дадатковыя звесткі аб гэтай арганізацыі ў тэрытарыяльнай інспекцыі МПЗ і выявілася, што назва прадпрыемства ў працоўнай кніжцы заяўніка была напісаная па-беларуску, а яго рускамоўная версія ў гэтым выпадку гучала і пісалася інакш.
Атрыманыя з інспекцыі МПЗ звесткі пацвердзілі дадзены факт: прадпрыемства сапраўды было на падатковым уліку ў інспекцыі МПЗ па Савецкім раёне Мінска з 17 ліпеня 1995 года, калі заяўнік быў прыняты на працу, да канца студзеня 2000 года — даты ліквідацыі арганізацыі.
Пракуратура Першамайскага раёна прынесла апеляцыйны пратэст на рашэнне суда ў частцы адмовы заяўніку ва ўсталяванні факту атрымання заробку ў названай арганізацыі. У выніку рашэнне суда першай інстанцыі было адменена, па справе прынята новае рашэнне аб задавальненні патрабаванняў заяўніка, якi атрымаў заработную плату.
prokuratura.gov.by