Як выжыць на 260 рублёў? «Майстар-клас» ад случчанкі Валянціны Курлыковай
Пытанне да пенсіянеркі Валянціны Курлыковай наконт таго, колькі адсоткаў ад пенсіі яна траціць штомесяц на жыццё, паставіла яе ў тупік. З той прычыны, што Валянціна атрымала пенсію 20 жніўня, а сёння, 9 верасня, на грашовай картцы ўжо няма ніводнага рубля.
Жыхарцы Слуцка 64 года. На пенсію выйшла ў 58 гадоў у Кыргызстане. У Беларусі жыве на працягу 5 гадоў — пераехала з Бішкеку ў 2014-м. Яе бацька нарадзіўся ў Беларусі.
— Беларускія родзічы клікалі вярнуцца на радзіму бацькі, бо тут нібыта добра жывецца. Абяцалі залатыя горы, — распавядае жанчына. — На самай справе, тут мне прыходзіцца не жыць, а выжываць.
Працоўны стаж жанчыны складае каля 40 гадоў. Аднак пры налічэнні пенсіі ў Беларусі пенсія па ўзросту была прызначаная толькі з улікам працы ў Савецкім Саюзе да 1992 года і складае зараз 266 рублёў з усімі дабаўкамі. Улічаны толькі 20 гадоў працы.
Валянціна Міхайлаўна плаціць за камунальныя паслугі і за сувязь больш за 50 рублёў. Пры атрыманні пенсіі адразу ж адкладае ўбок 30–40 рублёў на лекі.
— Калі наведваю паліклініку, папярэджваю дактароў, каб не выпісвалі дарагія замежныя лекі. Ужываю толькі беларускія, — гаворыць жанчына. — Намагаюся верыць, што лекі — ёсць лекі, яны павінны лячыць.
Асноўныя прадукты харчавання — крупы. У штодзённы рацыён абавязкова ўваходзіць каша з алеем. Валянціна Міхайлаўна падлічыла, што ўжываць алей сланечніку танней, чым сметанковае масла. Яго хапае на цэлы месяц і каштуе 2 рублі за бутэльку. Пенсіянерка добра ведае, якія прадукты і ў якой краме можна купіць танней. Ад крамы да крамы ходзіць пешшу, гарадскім транспартам не карыстаецца, нягледзячы на тое, што жыве на ўскрайку Слуцка.
— Свіное мяса, ялавічыну, курэй ды іх грудак не купляю, бо яны для мяне занадта дарагія, — гаворыць жанчына. — Бяру супавы набор з курыных абрэзаных хрыбтоў па 1 рублю і 20 капеек, вантробы. Курыныя хрыбты абрэзваюць так, што там застаецца і мяса. Аднойчы ў краме “Радуга” папрасіла ўзважыць свіных касцей, дык прадавачка папярэдзіла, што звычайна іх купляюць толькі для сабак.
Купляю слуцкі тварог: ён таннейшы і даволі смачны. Тварог “Савушкін хутарок” брэсцкай вытворчасці можа і смачнейшы, але ж і даражэйшы ў 2 разы.
Пенсіянерка дзівіцца, што ў нашых крамах вельмі дарагая ялавічына. Пры тым, што ў кожным раёне шмат кароўнікаў.
Свежая ці марожаная рыба Валянціне Міхайлаўне таксама не па кішэні.
— 1 раз на месяц раблю сабе свята — набываю 1 селядца, — кажа пенсіянерка. — Добра ад голаду ратуе хлеб, лічу, што ў Беларусі ён нядрэнны. 2 боханы хлеба хапае амаль на месяц.
Прыкладнае меню на 1 дзень у пенсіянеркі выглядзіць наступным чынам:
· 1-сняданак: грэцкая каша з алеем. Чай з хлебам.
· 2-гі сняданак: салата.
· Абед: суп з косткамі, бульбай, морквай і крупамі. (Альбо курыныя трыбухі з крупамі, гародніна).
· Падвячорак: тварог альбо яблык.
· Вячэра: кефір.
Нягледзячы на жорсткія ўмовы выжывання, Валянціна Міхайлаўна з гумарам ацэньвае сваё пенсіянерскае жыццё: “У цэлым, маё жыццё можна абазначыць трыма літарамі “Д”: даношваю, даядаю, дажываю”.
Цікава, што былы грамадзянскі муж Міхайлаўны пераехаў у Італію з Кыргызстана ў тым жа 2014 годзе, калі Валянціна пераехала ў Беларусь. У адрозненне ад Валянціны Міхайлаўны, якая адразу ж займела беларускае грамадзянства, Анатоль мае толькі від на жыхарства ў Італіі. У параўнанні з італьянцамі, якія атрымліваюць ад 700 да 1000 еўра пенсіі, ён атрымлівае толькі 300 еўра. Але лекуецца бясплатна, бясплатна ездзіць і ў гарадскім транспарце. Пры гэтым лекар выпісвае яму лекі не танныя, а такія, якія неабходны для яго стану здароўя. Ён, дарэчы, дорага абыходзіцца для Італіі, паколькі ў яго хворыя ныркі, і яму рэгулярна робяць бясплатны гемадыяліз. Чакае нырку для бясплатнай перасадкі. 1 раз на месяц атрымлівае скрынку самых неабходных прадуктаў. На вялікія святы яму выдаюць двайную пенсію. Калі-нікалі ён нават умудраецца фінансава падтрымаць сваю былую жонку.
— Па натуры я актыўны і творчы чалавек, але хаджу толькі на бясплатныя канцэрты і езджу толькі на бясплатныя экскурсіі, — працягвае расповед случчанка. — Наведваю бясплатны курс пры мясцовым ТБМ “Размаўляем па-беларуску”. Мяне цікавіць беларуская мова, запісваю словы ў слоўнік. На першых уроках нічога не разумела, цяпер пакуль яшчэ размаўляць не магу, але ўжо пачынаю разумець, і нават гляджу беларускія фільмы. Мару наведаць тэатр імя Янкі Купалы і Беларускі тэатр драматургіі.
Звярталася па дапамогу ў райвыканкам — некаторы час на працягу паўгода выдавалі дапамогу ў памеры 40 рублёў. Але такую дапамогу можна атрымліваць 1 раз на 5 гадоў. У аддзеле сацыяльнай абароны выдалі адзін раз дапамогу памерам у 40 рублёў і праінфармавалі, што такіх, як я, — многа, і ёсць яшчэ больш бедныя. Было сорамна, і больш я ўжо туды не пайшла.
Маю сына, які жыве асобна са сваёй сям’ёй. Зарабляе крыху больш за 500 рублёў, жонка — крышку больш за 300. Здаецца, і неблагія грошы, але ім, чамусьці, не хапае.
На пытанне карэспандэнта НЧ пра яе ўяўленне пра дастойную пенсію для годнага жыцця, Валянціна Міхайлаўна адказала так: “Мае запатрабаванні зусім сціплыя. Добра б было, каб плацілі 500 — 600 рублёў. Тады можна было б крыху эканоміць і не трымаць сябе ў занадта жорсткіх рукавіцах”.