У Мінску канцэртам ушануюць памяць музычнага крытыка Вітаўта Мартыненкі
Аўтару азначэння «беларускі рок» 29 верасня споўнілася б 60 гадоў.
Беларускія музыкі ўшануюць памяць вядомага крытыка, пісьменніка і паэта Вітаўта Мартыненкі, якому б 29 верасня споўнілася 60 гадоў. У гэты дзень Кася Камоцкая, Аляксандр Памідораў,Алесь Лютыч, Ігар Варашкевіч, Алег Хаменка, Андрэй Плясанаў, Алесь Камоцкі і іншыя героі кніг аўтара выступяць з акустычным канцэртам у палацы культуры імя Шарко (Мінск, вул. Уральская, 3).
«Для мяне Вітаўт Мартыненка — не проста сябар, настаўнік, але і чалавек, які спрычыніўся да з’яўлення беларускага рока. Гэты чалавек разам з Анатолем Мяльгуем у 80-х гадах рабіў сапраўдную музычную рэвалюцыю, засноўваючы першыя беларускія рок-клубы і фестывалі, — расказвае арганізатар канцэрта Віталь Супрановіч. — Невядома, як бы сёння выглядала наша музыка, калі б не было Вітаўта. Але ён быў, і мы маем выбітных беларускіх артыстаў, аншлагавыя канцэрты і беларусаў, якія ведаюць і слухаюць сваё. Вітаўта Мартыненкі няма з намі ўжо тры гады. Увесь час мы думалі, як ушанаваць яго памяць, і вось вырашылі гэта зрабіць да юбілею. Сёлета Вітаўту споўнілася б 60 гадоў».
Да канцэрта будзе выдадзены зборнік песень, напісаных на вершы Мартыненкі або перакладзеных ім.
Вітаўт Мартыненка — журналіст, пісьменнік, паэт, музычны крытык. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, працаваў у «Чырвонай змене», на беларускім тэлебачанні і радыё «Свабода», арганізаваў і праводзіў першы беларускі музычны хіт-парад. У 1985 годзе разам з Анатолем Мяльгуем стварыў першы ў Беларусі рок-клуб «Няміга». Удзельнік арганізацыі фэстаў «Тры колеры», «Басовішча». Пісаў прозу, вершы і тэксты для беларускіх і ўкраінскіх гуртоў. Аўтар музыказнаўчых кніг «Праз рок-прызму», «222 альбомы беларускага року і не толькі», «Rock on-line», а таксама шматлікіх публікацый на тэмы нацыянальнай музыкі, літаратуры, грамадска-палітычнага жыцця. Мартыненка прыдумаў азначэнне «беларускі рок». У 2016 годзе з ускладненнямі дыябету трапіў у шпіталь, памёр 17 красавіка 2016 года.
Дзе: Мінск, палац культуры імя Шарко (вул. Уральская, 3)Калі: 29 верасня, 19.00Даведкі: 44 551 77 06, 29 851 77 06
Паводле прэс-рэлізу