Адам Клакоцкі і яго перспектывы: «Добрая літаратура за сябе пастаіць»
На мінулым тыдні польскі пераклад кнігі Ігара Бабкова «Адам Клакоцкі і ягоныя цені» трапіў у шорт-ліст прэміі «Ангелус». Прэмія ўручаецца ўладамі горада Вроцлаў супольна з газетай «Dziennik». Штогод журы выбірае найлепшую з кніг пісьменнікаў Цэнтральнай Еўропы, выдадзеных цягам года ў Польшчы. Сёлетні пераможца атрымае 150 тысяч злотых (каля 53 тысяч долараў).
На мінулым тыдні польскі пераклад кнігі Ігара Бабкова «Адам Клакоцкі і ягоныя цені» трапіў у шорт-ліст прэміі «Ангелус». Прэмія ўручаецца ўладамі горада
Вроцлаў супольна з газетай «Dziennik». Штогод журы выбірае найлепшую з кніг пісьменнікаў Цэнтральнай Еўропы, выдадзеных цягам года ў Польшчы. Сёлетні пераможца атрымае 150 тысяч
злотых (каля 53 тысяч долараў).
Наяўнасць беларускага пісьменніка ў спісе намінантаў на адну з прэстыжных прэмій для еўрапейскай літаратуры нарабіла значна больш шуму ў Польшчы, чым у Беларусі. «Калі год таму мы хваліліся,
што знайшлі і рыхтуем да друку беларускі раман, які возьме «Ангелуса», знаёмыя лічылі нас вар’ятамі», — прызнаюцца ў невялікім варшаўскім выдавецтве
«Oficyna 21». Цяпер жа, калі лік прэтэндэнтаў скараціўся да запаветнай сямёркі, Ігар Бабкоў ужо мае права зазначаць факт намінацыі ў сваім жыццяпісе. Галоўнага рэдактара выдавецтва
Міхала Стэфаньскага пра падрабязнасці поспеху распытвае журналіст «НЧ» Алесь Гінзбург.
— Першае лагічнае пытанне ад вечна бедных беларусаў: за што такія грошы?
— Гэта проста: вялікія грошы робяць прэмію прэстыжнай, прыцягваюць увагу чытачоў і выдаўцоў з усёй Еўропы. І сапраўды: 150 тысяч злотых, якія атрымлівае лаўрэат прэміі
«Ангелус», на дадзены момант — найвышэйшае адзнака для літаратара ў Польшчы. Пра кнігі, намінаваныя на «Ангелуса», пішуць найбуйнейшыя польскія газеты,
пра іх кажуць на ўсіх радыёстанцыях, а ўручэнне прэміі ў простым эфіры транслюе тэлевізія. Але ў параўнанні з некаторымі іншымі прэміямі Еўропы гэта, так напраўду, сярэдняя сума. Брытанскі
«Букер», найпрэстыжнейшая прэмія Вялікабрытаніі, складае 50 тысяч фунтаў. Ірландская «IMPAC Дублін» складае ажно 100 тысяч еўра. Менавіта такія прэміі набываюць
сусветнае значэнне. Будзем шчырымі: калі б не тое, што нейкі пісьменнік штогод атрымлівае ад шведскіх акадэмікаў мех грошай, Нобелеўская прэмія была б сёння проста адной са шматлікіх літаратурных
прэмій Еўропы, а кніжкі Нобелеўскіх лаўрэатаў цікавілі б максімум купку чытачоў у Швецыі.
— Што такое прэмія «Ангелус»? Што значыць для літаратара — трапіць у фінал гэтай прэміі?
— Прэмія «Ангелус» з’явілася ў 2006 годзе па ініцыятыве ўладаў Вроцлава. Ёй ганаруюць найлепшыя кнігі, напісаныя пісьменнікамі з Цэнтральнай Еўропы ў шырокім
разуменні — ад Германіі да Расіі, усяго з 21 краіны. На конкурс прымаюцца кнігі, напісаныя па-польску ці перакладзеныя на польскую мову. Журы прэміі мае міжнародны склад, у яго ўваходзяць
сапраўдныя знаўцы літаратуры і літаратурныя крытыкі. Гэта гарантуе выключную літаратурную якасць намінаваных кніг. Трапіць у фінал «Ангелуса» — гэта значыць быць найлепшым
з сямі пісьменнікаў, чые кнігі з’явіліся на польскай мове цягам апошняга года.
— Асобная прэмія для перакладных кніг — якое значэнне гэта мае для польскай літаратуры?
— «Ангелус» — гэта не прэмія для перакладных кніг. Гэта прэмія для выбітных кніг. У конкурсе штогод удзельнічае шэраг польскіх аўтараў, і гэта сапраўды не абы-якія
творцы. Напрыклад, сёлета ў фінал выйшлі дзве польскія кнігі — Інгі Івасюў і Кшыштафа Варгі. Абедзве да таго трапілі ў шорт-ліст «Нікі» — самай прэстыжнай прэміі
для польскай літаратуры. Думаю, для кожнага польскага пісьменніка фінал «Ангелуса» — нагода для гонару. У Польшчы шмат вагомых літаратурных прэмій, але толькі
«Ангелус» разглядае польскую літаратуры ў цэнтральнаеўрапейскім кантэксце. Дзякуючы гэтай прэміі польскія пісьменнікі перастаюць спаборнічаць між сабой. Яны канкуруюць з
пісьменнікамі Чэхіі, Венгрыі, Аўстрыі. А сёлета ўпершыню — і з пісьменнікам з Беларусі.
— Складаныя палітычныя стасункі паміж Польшчай і Беларуссю — гэта перашкода на шляху кнігі Бабкова да перамогі ці дадатковы піяр?
— Думаю, з гледзішча польскага абывацеля стасункі паміж Польшчай і Беларуссю не такія ўжо складаныя. Для простага паляка Беларусь — гэта краіна, у якой польская меншасць гераічна
змагаецца з таталітарным рэжымам. Так, на жаль, падаюць справу ці не ўсе польскія медыі. Калі мы абвясцілі, што выдаём пісьменніка з Беларусі, многія ў адказ круцілі пальцам каля скроні. І задавалі
адны і тыя ж пытанні: «Дык яны пішуць? А на якой мове?» Нам даводзілася доўга пераконваць усіх, што беларуская літаратура часам цікавейшая за польскую, французскую ці нямецкую. Але
ніхто не хацеў даваць веры. Ідыёцкія пытанні скончыліся толькі калі пачалі з’яўляцца першыя рэцэнзіі на кнігу Ігара і калі «Адам Клакоцкі» быў намінаваны на
«Ангелуса».
— Чаму выдавецтва ўзялося за праект, у які ніхто не верыў? Што было прыкметай поспеху?
— Ніякіх рацыянальных прычын не было. Мы проста верылі і надалей верым, што добрая літаратура за сябе пастаіць. Мы прачыталі раман Ігара па-беларуску, і таму ведалі, што гэта цудоўная рэч і
што яна на галаву вышэй за масу кніг, якія выдаюцца ў Польшчы. Мы ведалі, што ў год такіх добрых раманаў з’яўляецца няшмат. І тое не заўжды. І таму мы казалі ўсім, што жалезабетонна трапім у
фінал «Ангелуса». Нам было вельмі важна выдаць гэты раман яшчэ па адной прычыне: гэта, відаць, адна з найлепшых кніг пра сучасны Мінск, пра горад-Атлантыду і яго жыхароў. Нам знаёмы
такі Мінск. Іншыя не маюць пра яго ўяўлення.
— Якой павінна быць беларуская кніга, каб ёй зацікавіўся польскі выдавец? І чытач…
— Яна павінна здзіўляць, быць цікавай, наватарскай. Яна не можа нагадваць польскія ці пагатоў расійскія кнігі. Словам, яна павінна быць арыгінальнай. Я кажу гэта як супрацоўнік выдавецтва і
як чытач. Але тут істотная яшчэ адна рэч: калі нейкая беларуская кніга хоча адбыцца ў Польшчы, яна павінна мець добры пераклад. Апошнім часам у Польшчы выйшаў шэраг беларускіх кніг, але ўзровень 90
працэнтаў перакладаў проста трагічны. Думаю, калі польскі чытач возьме ў рукі нейкую з гэтых кніг, ён упэўніцца ў думцы, што беларускія пісьменнікі яшчэ толькі вучацца пісаць. На шчасце, раман Ігара
пераклала Малгажата Бухалік, проста выдатная перакладчыца. Поспех польскага выдання «Адама Клакоцкага» — гэта ў значнай меры заслуга яе перакладу.
-------------------------------------------------------
«У мяне перад вачыма першы беларускі постмадэрністычны раман,
які не мае нічога агульнага з постмадэрнізмам у заходнім стылі. Гэта цікавае спалучэнне нарацыі ХІХ стагоддзя з сучасным аповедам пра Мінск — горад, які ў Бабкова з’яўляецца
сімвалам распаду і гонару адначасова. (…) «Адам Клакоцкі і яго цені» — гэта найперш геніяльная прыпавесць пра недаўгавечнасць і смерць у беларускіх дэкарацыях.
Жыццё выдуманых герояў — такіх, як загалоўны Адам Клакоцкі, — перамешваецца з жыццяпісамі сапраўдных асобаў, напрыклад, геніяльнага паэта Паўля Цэлана. Ці не ўсе майстэрства гэтай
кнігі тоіцца ў мове, якая зачароўвае эрудыцыяй. Мы знаходзім тут адсылкі да Міцкевіча, Дастаеўскага і Чэхава».
Пётр Кэмпіньскі, «Newsweek», 2008, № 46
--------------------------------------------------------
«Беларусаў перакладаю без сантыментаў»
Малгажата «Нутрыя» Бухалік (нарадзілася ў 1972 годзе)
— выпускніца рускай філалогіі Ягелонскага універсітэта, перакладчыца рускай літаратуры на польскую мову, лаўрэатка прэміі для перакладчыкаў часопіса «Literaturа na swiecie»
2003 года. Некалькі год таму гэта неардынарная асоба (з апошніх дзівацтваў — купіла зямлю над Бугам і зрабілася фермеркай) зацікавілася беларускай літаратурай як патэнцыйным гульцом на
польскім кніжным рынку. Вось як яна гэта тлумачыць:
— Мяне цікавіць добрая літаратура, а не геаграфія ці спачуванні. Таму я прыкладаю да беларусаў тую ж мерку, што да астатняга свету, — ніякіх ільготных тарыфаў з гледзішча палітыкі
ці пазіцыі апякунства. Тры пісьменнікі, кнігі якіх я пераклала з беларускай мовы — Артур Клінаў («Горад Сонца»), Ігар Бабкоў («Адам Клакоцкі яго цені») і
Наталка Бабіна («Рыбін горад») — гэта, кожны па-свойму, універсальныя надзеленыя вялікім талентам індывідуальнасці. Яны асвойваюцца ў любой культуры.
Канешне, у Польшчы для беларусаў свая спецыфіка — мы суседзі, і мае суайчыннікі — скажу адкрыта — любяць трактаваць вас як малодшых, бяднейшых братоў. Кароткатэрмінова гэта
спрацоўвае і на кніжным рынку (напрыклад, пасля таго, як Польшча падтрымала «аранжавую рэвалюцыю», у нас быў бум на ўкраінскую літаратуру, мы чыталі сваіх пратэжэ), але для
працяглых планаў такое стаўленне — горш не бывае. Хай мне рука адсохне, калі я зірну на беларускую літаратуру менш прыдзірліва, чым на літаратуру Расіі ці Швейцарыі. Так і перакладаю вас, як
іншых, — без сантыментаў, старанна адбіраючы, — перакладаю такімі, як бачу: не суседзі, але аб’ектыўна моцныя, незалежныя ў сваёй творчасці пісьменнікі.
Рэспект!»
------------------------------------------------------
Кнігі, якія прэтэндуюць на прэмію «Ангелус» за 2008 год:-
Ігар Бабкоў «Адам Клакоцкі і яго цені» (Беларусь)
Кшыштаф Варга «Гуляш з туруля» (Польшча)
Міленка Ергавіч «Рута Танэнбаўм» (Боснія)
Інга Івасюў «Бамбіна» (Польшча)
Ота Філіп «Суседзі і іншыя» (Чэхія)
Ёзэф Шкворацкі «Прыгоды інжынера чалавечых душаў» (Чэхія)
Бернхард Шлінк «Вяртанне дадому» (Германія)
Лаўрэаты «Ангелуса» мінулых гадоў:
2005 год — Юры Андруховіч (Украіна)
2006 год — Марцін Полак (Аўстрыя)
2007 год — Пэтэр Эстэрхазі (Венгрыя)