Аднастрэлачны гадзіннік: новая загрузка
Cёння гадзіннік ператварыўся с простага ўтылітарнага інструмента для вымярэння часу ў іміджавы і статусны аксэсуар. Нездарма журналісты так любяць звяртаць увагу на тое, у каго які гадзіннік. Памятаеце, колькі вэрхалу нарабілі Patek Philippe Лукашэнкі коштам у раёне 15 тысяч еўра ці Breguet патрыярха Кірыла за 30 тысяч долараў?
Але імідж і статус бывае розны. І гадзіннікавыя майстры ў пагоні за пакупніком вынаходзяць усё новыя і новыя «фішкі», каб завабіць даволі пераборлівага (і, скажам шчыра, не асабліва беднага) кліента. Можна толькі радавацца, што айчынныя майстры ў сваёй крэатыўнасці не адстаюць ад сусветных калегаў.
Увечары 27 лютага ў новым корпусе гадзіннікавага завода «Луч» адбылося адразу дзве падзеі. Па-першае, адкрыўся музей, які будзе ўтрымліваць экспанаты, звязаныя з вытворчасцю гадзіннікаў у Беларусі. Нягледзячы на тое, што гісторыя адзінага ў краіне гадзіннікавага завода пачалася ўсяго ў 1955 годзе, там ёсць што паглядзець. Найперш гэта, канешне, больш за 100 мадэляў гадзіннікаў, пачынаючы ад першай жаночай мадэлі «Зара», і заканчваючы сучаснымі мадэлямі, у тым ліку і «на экспарт».
А цікавых экспанатаў — як з пункту гледжання ідэяў, так і з пункту гледжання дызайну —даволі багата. Напрыклад, «наш адказ «Камандзірскім». Знаныя «Камандзірскія» гадзіннікі падыходзяць не ўсім, таму на «Лучы» выпусцілі гадзіннік «Дырэктарскія». Што больш актуальна ў сённяшні час.
Альбо даволі стылёвыя гадзіннікі-«раскладушкі». Яны былі выпушчаныя да ХХІІ Алімпіяды ў Маскве 1980 года, але выглядаюць даволі сучасна. Таксама даволі шмат варыянтаў кішэнных гадзіннікаў — ад звычайнай «лукавіцы» да простых, але арыгінальных будзільнікаў.
Першыя гадзіннікі, якія выпускаў «Луч», былі вельмі маленькімі — планавалася, што прадпрыемства будзе спецыялізавацца менавіта на мініяцюрных жаночых гадзінніках. Але час мяняе ўсе першапачатковыя канцэпцыі.
Дарэчы, на сайце завода можна замовіць бясплатную экскурсію па прадпрыемстве. А з адкрыццём музею цікавасць да завода (і, адпаведна, да яго прадукцыі), напэўна, узрасце.
Да адкрыцця музея «Луч» прымеркаваў яшчэ адну падзею — прэзентацыю трэцяй версіі гадзіннікаў-аднастрэлачнікаў, якія ўжо сталі даволі вядомай «фішкай» заводу.
Па словах арт-дырэктара прадпрыемства Івана Краўчэні, гадзіннікі з адной стрэлкай — гэта ці не першыя гадзіннікі чалавецтва, і бяруць пачатак ад сонечных гадзіннікаў. Дый першыя механічныя гадзіннікі таксама былі аднастрэлачнымі.
А калі не ўдавацца далёка ў гісторыю. То над вытворчасцю «аднастрэлачнікаў» на «Лучы» задумаліся ў 2005 годзе. Ад праектавання да выпуску першай партыі такіх гадзіннікаў прайшло паўтары гады. І гэта была толькі адна базавая мадэль.
Рынак не адразу ўспрыняў такую рэвалюцыйную, і, скажам шчыра, арыгінальную ідэю — гадзінінка з адной стрэлкай. Аднак, як ужо казалася вышэй, гадзіннікі ператварыліся з утылітарнай рэчы ў іміджавую, і арыгінальнасць такіх хранометраў была заўважана, і з 2013 «аднастрэлачнікі» пачалі набіраць папулярнасць. З’явілася больш відаў і мадэляў такіх гадзіннікаў.
Зразумела, на пачатку не абышлося без хібаў. Па-першае, нараканні выклікаў латунны корпус, які саступае сталёваму. Па-другое, першыя «аднастрэлачнікі» былі зусім без абароны ад вільгаці. Нават мыць посуд у іх не рэкамендавалася. Па-трэцяе, нараканні выклікала тое, што ў гадзіннікаў не было «ўласнага твару» (памятаеце, што казалася пра імідж?) і першыя мадэлі нагадвалі гадзіннікі еўрапейскіх лідараў гэтага рынку.
Гэта ўсё было ўлічана ў «Аднастрэлачніке 2.0». Не ўлічылі майстры толькі аднаго — што гэта хоць і не вельмі зразумелы гадзіннік, але ўсё ж гадзіннік. І вызначыць час па ім было даволі складана з-за маленькіх лічбаў.
І так ўзнік «Аднастрэлачнік 3.0». Добры корпус, добрае шкло, абарона ад вільгаці ўзроўню 3 bar (можна не турбавацца пра прыбор пад дажджом ці мыючы рукі), падказка, як вызначаць час з дапамогай толькі адной стрэлкі проста на цыферблаце, 15 мадэляў з рознымі дызайнерскімі і каляровымі рашэннямі, некалькі варыянтаў раменьчыкаў на выбар, максімальна даступны кошт, і, як сказаў Краўчэня, «наш любімы аднастрэлачнік у нацыянальным стылі».
Увогуле, пра «нацыянальны стыль» можна не турбавацца. Зараз у «Луча» ёсць некалькі «нацыянальных» мадэляў, якія рэгулярна абнаўляюцца. Гэта мадэль «Мова» да дня роднай мовы (сёлета ў ёй выйшла «Зорка Венера»), калекцыя «Вышыванка», «Асоба», прысвечаная беларускім мастакам і іх творам, «Гарады» (пакуль ёсць «Гародня» — менавіта ў такім напісанні). І гэтыя калекцыі таксама будуць развівацца.