Алесь Кіркевіч: Ён вам не Сан-Сяргеіч

Ведаеце, калі ў мінулым стагоддзі імя Пушкіна гучала проста з кожнага праса, а тыражы зашкальвалі? Правільна, у 1937-м. На сотыя ўгодкі смерці. Тут вам і літконкурсы, і дэкламатары, і Пушкінская камісія ў АН СССР. А за сценачкай стралялі яшчэ жывых «ворагаў народа»: пісьменнікаў, бухгалтараў, калгаснікаў, вайскоўцаў і г.д.

jon_vam_ne_san_sjarheicz1.png


«Ой, ну хопіць вам, — збянтэжыцца крыўдлівы інтэлігент. — Чым ужо Пушкін не дагадзіў? Гэта ж сонца рускай паэзіі!..» Праўда ж, ці Пушкін адказваў за імперскую палітыку? Тым больш ці Пушкін адказваў за злачынствы Сталіна, пра якога ведаць не ведаў? За Пуціна? Урэшце, у чым вінаваты помнік у Мінску на беразе Свіслачы, якому хлопец злачынна пафарбаваў рукі ў чырвоны колер? Вандалізм і бескультур’е!

Хлопец, дарэчы, цяпер знаходзіцца ў СІЗА на «Валадарцы». Піліп Шаўроў завуць. Начытаны, інтэлігентны. Пару разоў неяк даводзілася гутарыць. Калі гісторыя будзе мець працяг у рамках крымінальнай справы — можа і пару гадкоў атрымаць: на зоне ці «на хіміі».

«Пушкін — гэта паэзія», а «паэзія — гэта Пушкін»

Але вернемся да Сан-Сяргеіча. А што той помнік наогул робіць у Мінску ля Свіслачы? Магчыма, аматары-»пушкіністы» скінуліся апошняй капейчынай ды паставілі? Не, вядома ж. Падарунак ад мэрыі Масквы яшчэ з 1999 года. А за праспекты і вуліцы Пушкіна хто-небудзь хоць калі збіраў подпісы? Ды не, вы што. Цэнтралізавана, зверху ўсё. Як і пушкінская спадчына ў школьных падручніках, якая назаўжды асядае ў галовах выпускнікоў: «Я помню чудное мгновенье…» і г.д.

Сэнс усяго гэтага просты. Давесці людзям, што «Пушкін — гэта паэзія», а «паэзія — гэта Пушкін». Ні больш ні менш. А значыць, вершы і надалей маюць пісацца моваю Пушкіна. А значыць, у кожнай сям’і, што чытае, мае быць «Руслан і Людміла». А значыць, мамы пры дзіцячых ложках і надалей маюць распавядаць пра «ката вучонага» і «залаты ланцуг на дубе». Гэта і ёсць Пушкін у кожным з нас як прышчэпка на ўсё жыццё.

А завецца ўсё гэта каланіяльнай культурнай палітыкай. Бо культура — гэта ўжо палітыка, а ў пэўных выпадках нават найвышэйшая яе форма. Бо сталіны і пуціны, саюзы ды імперыі сыходзяць, а Пушкін з Дастаеўскім у галовах застаюцца. І помнік, ласкава падораны мэрыяй Масквы, — гэта не пра паэзію і не пра мастацтва пластыкі. Гэта звычайны памежны слуп. У справе Шаўрова так і варта напісаць: пашкодзіў памежны слуп.

«Шкадаванне і неразуменне»

Зразумела, за іншага чалавека ягоныя думкі не агучыш. Не ведаю, што было ў галаве Шаўрова, якому інкрымінуюць вышэйзгаданы перформанс. У МУС адзначылі, што ад тлумачэнняў ён адмовіўся. А ў амбасадзе Расіі адзначылі, што «ўчынак выклікае велічэзнае шкадаванне і неразуменне». Шкадуюць яны. Не разумеюць…

Мабыць, у амбасадзе таксама не разумеюць ролі, адведзенай рускай мове ў сучаснай расійскай прапагандзе. Не разумеюць, што канфлікт на Данбасе не ў апошнюю чаргу быў раздзьмуты праз «абарону рускамоўных». Не разумеюць таксама рэальнага стану нацыянальнай беларускай мовы ў Беларусі, якая ўжо каторы год балансуе на мяжы жыцця і смерці, на фоне адназначнага дамінавання рускай.

Зразумела, што не Пушкін на танку заехаў у Луганск. Не Пушкін не дае беларусам размаўляць па-беларуску. Але тыя, хто гэта робіць, выкарыстоўваюць арсенал культурных кодаў, сярод якіх ёсць і Пушкін. Роўна як у аўтапарку Вермахта былі танкі «тыгр». Самі «тыгры» нічога не хацелі, іх выкарыстоўвалі. Але каб спыніць тую навалу, стралялі акурат па танках.

Роўны сярод роўных

Веру, што мы дажывём яшчэ да часу, калі помнік Пушкіну будзе ўспрымацца проста як помнік. Без ідэалогіі і палітыкі. Ну праўда: у міжваеннай Польшчы ж Пушкіна, які сябраваў з Міцкевічам, успрымалі спакойна. Вуліца Пушкіна ў Гродне, калі не памыляюся, атрымала такую назву яшчэ да 1939 года. А чаму? А таму, што палякі не мелі праблемаў са сваёй культурай, паэзіяй, адукацыяй ды нацыянальнымі героямі. Калі са сваім усё ОК — хай будзе і Пушкін, чаму не?

Таксама і ў нас. Цвяроза зірнуць на спадчыну Сан-Сяргеіча мы зможам адно тады, калі ўрэшце пройдзем культурную рэвалюцыю і асэнсуем сябе самастойнай нацыяй. Калі кожны школьнік будзе ведаць «Не загаснуць зоркі ў небе» ды «Зорку Венеру». Калі спатканні будуць прызначаць ля помнікаў Танку ці Караткевічу. Калі злодзеі ў пастарунках будуць называць у якасці выдуманых адрасоў вуліцу Геніюш ці Брыля, бо такія будуць у кожным горадзе і мястэчку.

Тады менавіта Пушкін і зойме сваё законнае месца. Побач з Шылерам, Вальтэрам, Манам, Вонэгутам ды іншымі сусветнымі класікамі. Роўны сярод роўных. А наіўны патлаты завучка, які прачытае ўрывак з «Анегіна» сваёй здзіўленай каханай на мове арыгіналу, нарэшце заслужыць пацалунак. Вось тады і пагаворым.


Алесь Кіркевіч, budzma.by