Алесь Белакоз выдаў кнігу пра свой музей
У Мінску ў выдавецтве “Кнігазбор выйшла з друку кніга “Музей у Гудзевічах. Яе напісаў заслужаны работнік культуры Беларусі Алесь Мікалаевіч Белакоз — чалавек, якога ў
Беларусі ведаюць усе.
Алесь Белакоз
Не бывае дня, каб людзі не тэлефанавалі яму альбо не прыехалі да яго ў Гудзевічы, што на Мастоўшчыне, каб асабіста пабачыцца і пагутарыць з ім. Гэта кніга не толькі пра лёс дзяржаўнага літаратурна-краязнаўчага музея, створанага на базе школьнага літаратурна-краязнаўчага музея ў Гудзевічах.
Гэта кніга пра тыя падзеі, якія адбываліся ў вёсцы на працягу некалькіх стагоддзяў, пра тых людзей, якія дапамагалі і стваралі, разам з Алесем Мікалаевічам і вучнямі гэты музей. А таксама пра тых, хто шкодзіў музею, хто не хацеў, каб ён быў, існаваў, дзейнічаў.
Школьны музей у Гудзевічах прыняў сваіх першых наведвальнікаў 2 лютага 1968 года. Яго адкрыццё было прымеркавана да 130-годдзя з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага. Першыя экспанаты датуюцца 1965 годам. Менавіта яшчэ тады дзеці пад кіраўніцтвам Алеся Мікалаевіча Белакоза пачалі пісаць лісты пісьменнікам, мастакам, дзеячам навукі і культуры з просьбай даслаць выказванне пра беларускую мову, чарнавік ці рукапіс свайго твора, кнігу з аўтографам.
Калі назбіралася многа матэрыялаў — і быў адчынены школьны літаратурна-краязнаўчы музей. Спачатку музей размяшчаўся толькі ў адным пакойчыку, а калі ў 1981 годзе пабудавалі новую двухпавярховую школу, тады пад музей аддалі цэлы будынак старой школы, які размясціў чатыры экспазіцыйныя залы і калідор. Яны былі адчынены ў 1984 годзе.
Хата-музей у Гудзевічах
Яшчэ ў 1980 годзе мясцовы калгас дапамог перавезці з вёскі Семярэнкі да музея хатку, пабудаваную ў канцы XVIII стагоддзя. Першая экскурсія ў ёй была праведзена 6 студзеня 1981 года. А пазней
калгас дапамог перавесці да хаткі свіронак. У 1990 годзе загадам Гродзенскага упраўлення культуры № 10 ад 12 лютага 1990 года на аснове рашэння Мастоўскага раённага Савета народных дэпутатаў № 269 ад
17 студзеня 1990 года музей у Гудзевічах стаў дзяржаўным.
Тады ж пад музей быў перададзены другі школьны будынак, дзе ў гэты ж год была адчынена зала “Народная медыцына, праект якой бясплатна зрабіў мастак Алесь Ступень. У гэтым жа будынку ў 1990 годзе былі аформлены дзве залы “Лёну і народнага ткацтва, дзе сабраны ўсе прылады, якія патрэбны для таго, каб лён ці воўна ператварыліся ў тканіну, паказаны ўсе ўзоры тканін, якія вырабляліся ў тамтэйшай мясцовасці, а таксама ўнікальная калекцыя падвойных дываноў. Потым адчыніліся экспазіцыйныя залы. А ў 1997 годзе была зроблена зала “Гісторыя Гудзевіч у дакументах і фотаздымках і г.д.
Адна з залаў музею
Так паціху музей пашыраўся і жыў. Хаця ў стварэнні яго, у пошуках матэрыялаў для яго, існавала нямала перашкод. Але іх змог адолець няўрымслівы і апантаны справай Алесь Белакоз. Чалавек-легенда, якім
мы павінны заўсёды ганарыцца. І мы ганарымся ім, ім — народным настаўнікам, збіральнікам, музейшчыкам, краязнаўцам, літаратарам, вялікім беларусам ХХ — пачатку ХХI стагоддзяў. Алесь
Мікалаевіч — шчыры і мужны беларус, патрыёт, чалавек, для якога Беларусь — сэнс усяго жыцця.
Вокладка кнігі
Кніга “Музей у Гудзевічах — доказ таго, як няпроста і нялёгка ствараліся падобныя беларускія музеі. Сколькі папаходзіў, паабіваў парогаў Алесь Мікалаевіч дзеля свайго музея. Яму
запісвалі вымовы, наладжвалі ў школе праверкі, абзывалі нацыяналістам, цягалі ў КДБ, а ён рабіў сваю справу, рабіў упарта і натхнёна, спакойна і… заўсёды. Не ўсё задуманае ім
спраўдзілася, адбылося, захавалася для нашчадкаў. Але ён вытрымаў, перажыў, адолеў.
Гэта кніга — жменька праўдзівых ўспамінаў мудрага настаўніка з Гудзевічаў. Каб мы жылі, каб жыла ў свеце Беларусь, каб жыла наша мова, каб захавалася наша багатая спадчына. Верыцца, што
кніга Алеся Белакоза прачытаецца з цікавасцю. Яна навучыць многіх з нас не спыняццца перад цяжкасцямі, перад сваімі марамі і задумкамі, не здавацца перад тымі, хто хоча знішчыць нашу
беларускасць.