Андрэй Кудзіненка: «Ствараць фільмы можа кожны»
У вёсцы Каптаруны Пастаўскага раёна, што ля літоўскай мяжы, у межах «КінаЛетніку-Хранатопь» з 1 па 8 ліпеня адбудзецца арт-фэст «Хранатопь. Абнуленне». Яго арганізатары абяцаюць, што гэта будзе выбітнае арт-мерапрыемства года.

Андрэй Кудзіненка
— Стварыць фільм можа кожны, — перакананы куратар мультымедыйнага праекту “Хранатопь”, рэжысёр Андрэй Кудзіненка. — Яшчэ выбітны амерыканскі рэжысёр Орсан Уэлс казаў, што навучыць гэтаму можна за паўдня на здымачнай пляцоўцы. Фармат “КінаЛетніку-Хранатопь” пабадуваны такім чынам, каб кожны змог знайсці сябе ў кіно ў залежнасці ад сваіх схільнасцей: паспрабаваць сябе ў якасьці сцэнарыста, рэжысёра, актора, мантажора, адміністратара і г. д. Самае істотнае, што вы будзеце ўключаны ў працэс стварэння кіно.

Сваё дзецішча Андрэй Кудзіненка трапна называе “кінатвітэрам”:
— Мы займаемся хронікай міфалогіі сучаснай Беларусі. Што такое ўласна міфалогія? Гэта — рытуал, магічная практыка, якія першасны, а ўжо потым на іх аснове сталі з’яўляцца розныя міфы і легенды. Вось мы і імкнемся фіксіраваць праз аб’ектыў кінакамеры пэўныя рытуалы сучаснасці. Звычайныя людзі, якія далучаюца да нас, прыдумляюць вельмі цікавыя гісторыі. Кожны з іх рэтранслюе свой рытуал сучаснасці, які знаходзіцца ўнутры іх. Такім чынам, мы супольна прыходзім да новай міфалогіі, і ў гэтым наша фішка.
Сапраўды, дзякуючы сучасным тэхналогіям аматарам стала прасцей ствараць уласныя фільмы. Гэта пацвярджае і заснавальнік мінскай кінашколы-студыі Андрэй Палупанаў, які таксама з’яўляецца адным з арганізатараў сёлетняга арт-фэсту ў Каптарунах:

Андрэй Палупанаў
— У сучасным сусвеце кінавытворчасці ўсё робіцца вельмі хутка. Працяглыя кінакурсы і семінары становяцца ўсё менш актуальнымі. Ідзе інтэнсіўны пошук новых форм і метадаў кінаадукацыі, і мы вынайшлі адзін з іх — “эджайл”-метад. На яго нас шмат у чым натхніла IT-сфера. Разам з Андрэем Кудзіненка мы яго і прэзентуем падчас кіналетніку.

Але арт-фэст “Хранатопь. Абнуленне” — гэта не толькі пра кіно. Гэта яшчэ і спроба ўдыхнуць новы подых у выміраючыя беларускія вёскі. Па словах куратара медыяпраекта pARTisan і мастака Артура Клінава, Каптаруны ў хуткім часе могуць ператварыцца ў яскравую арт-вёску, дзе будуць ладзіцца розныя культурныя імпрэзы, фестывалі і плэнэры. Гэта ў першую чаргу — іміджавы праект, які дапаможа прыцягнуць увагу, як замежных турыстаў, так і натхніць саміх беларусаў нанава адкрыць для сябе беларускую глыбінку. Дарэчы, паспяховы досвед Англіі і Францыі паказвае, што гэта, сапраўды, працуе, і людзям вельмі цікава наведваць такія мерапрыемствы.

Артур Клінаў
Самае цікавае, што арт-фэст “Хранатопь. Абнуленне” пазіцыянуе сябе, як алкаголь-фры мерапрыемства, і для арганізатараў гэта прынцыповае пытанне:
— За гарэлачкай і шашлычком, калі ласка, на Мінскае мора ці ў любое іншае месца. У нашага арт-фэсту — іншы фармат і іншыя мэты, — падкрэслівае Артур Клінаў. — Тут будзе дастаткова вяселля і забаўлянак і без алкаголю. Каптаруны — гэта ж наш Тыбет, месца моцы, якое мае сваю непаўторную аўру яшчэ з паганскіх часоў.

Транспарт і 3-х разовае харчаванне ўключаны ў кошт квітка. Пражываць давядзецца ў намётах. Але гэта таго варта, бо ўдзельнікаў чакае інтэнсіўная адукацыйна-забаўляльная праграма. Вось толькі частка з яе: семінар, прысвечаны сучаснаму кіно ў кантэксце яго ўзаемадзеяння з сучасным мастацтвам ад Артура Клінава, Таццяны Арцімовіч і Наталлі Навоенка, майстар-клас аб еўрапейскай кінаадукацыі і досведзе міжнароднай капрадукцыі ад латышскага прадусара і педагога Гаціса Умпаліса, лекцыя Філа Чмыра аб дзейнасці арт-руху “Беларускі клімат” і досведзе капіталізацыі авангарду, штодзённая ранішняя зарадка з акторам Ігарам Пятровым з выкарыстаннем “акторскай біамеханікі Мейерхольда”. Апроч гэтага адбудуцца выступы вядомых беларускіх гуртоў і музыкаў, начныя прагляды рэдкага кіно з асабістага архіва Максіма Жбанкова.

Як жартуюць арганізатары арт–фэсту, яны не маглі застацца ў баку ад важнай гістарычнай падзеі — дэнамінацыі беларускага рубля. Таму, “Хранатопь. Абнуленне” — гэта сімвалічны шанец для кожнай прасунутай асобы “абнуліць” сваю карму, зладзіць энэргетычную і ментальную перазагрузку.
Фота прадастаўлена арганізатарамі фэсту