Андрэй Хадановіч: «Я свядома перакладаю чужое, робячы гэта сваім»
Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч атрымае прэмію Польскага ПЭН-клюбу за пераклады польскай паэзіі.
7 cнежня ў Варшаве, у Каралеўскім замку адбудуцца ўрачыстасці з нагоды 90-годдзя Польскага ПЭН-клубу. На гэтай імпрэзе будзе і ўзнагароджанне прэміямі Польскага ПЭН-клубу замежных перакладчыкаў за пераклады польскай літаратуры.
Сёлета прэміямі Польскага ПЭН-клубу будуць узнагароджаныя тры замежныя перакладчыкі — беларус Андрэй Хадановіч, немка Рэнатэ Шмітгол і ўкраінец Андрэй Паўлышын. І нямецкія, і ўкраінскія перакладчыкі раней атрымлівалі такія прэміі (да прыкладу, Польскі ПЭН-клуб узнагароджваў такой прэміяй украінскага літаратара і перакладчыка Максіма Рыльскага за пераклад «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча на ўкраінскую мову). А вось беларус прэмію Польскага ПЭН-клубу атрымае ўпершыню.
Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру, выкладчык, літаратар, спявак Андрэй Хадановіч перакладае з французскай, ангельскай, расейскай, украінскай. Шмат перакладае і з польскай мовы — ад Адама Міцкевіча да маладых паэтаў:
«Чаму ўвогуле палякі? Здавалася б, культура ніякая не экзатычная, вельмі блізкая нам, і шмат інтэлігентных людзей ведаюць польскую мову і ўмеюць чытаць па-польску. Але пры ўсім пры тым, пры такой блізкасці мы вельмі мала ведаем адзін пра аднаго. А польская літаратура ў ХХ і на пачатку ХХІ стагоддзя — адна з найцікавейшых у Эўропе. Нездарма ж у Польшчы ажно чатыры нобэлеўскія ляўрэаты (Генрык Сянкевіч, Уладзіслаў Рэймант, Чэслаў Мілаш і Віслава Шымборска) — а магло быць і больш», — тлумачыць свой інтарэс Андрэй Хадановіч.
У адрозненне ад сваіх калегаў, якія збольшага перакладаюць класічную польскую літаратуру альбо выбіраюць тыя польскамоўныя творы, якія нейкім бокам маюць дачыненне да Беларусі, Хадановіча палякі цікавяць як палякі, як суседзі:
«Я свядома перакладаю чужое, робячы гэта сваім. На 99% тое, што я перакладаў, — гэта літаратура ХХ і ХХІ стагоддзяў. Гэта паэзія нобелеўскіх лаўрэатаў Чэслава Мілаша і Віславы Шымборскай. Гэта паэзія аўтара, які выпадкова не атрымаў Нобеля, бо роля яго вельмі важная была ў свеце — гэта Збігнеў Герберт. Гэта паэзія віртуознага, вельмі складанага для перакладу — але разам з тым гэта прыносіць і асалоду адмысловую — пошук і спробы перастварыць — бліскучага, чароўнага, музычнага Канстанты Ільдэфанса Галчынскага. Можна сказаць, гэта галоўная мая паэтычная любоў, гэта першы паэт, якога я перакладаў з калегамі і выдаваў асобнай кніжкай. І гэта паэт, над перакладамі якога я цяпер працую.
Акрамя галерэі вечна жывых аўтараў, ужо класікаў ХХ стагоддзя, для мяне вельмі істотна, каб выходзілі кніжкі жывых аўтарытэтных польскіх паэтаў, якім ёсць што сказаць нам, якіх можна запрасіць на паэтычны фестываль, на прэзентацыю. Я рады, што выдавецтва „логвінаЎ“ падтрымлівае мяне і выдае кніжную серыю сучаснай польскай паэзіі. Некалькі гадоў таму з'явілася кніга Рышарда Крыніцкага, літаральна месяц таму выйшла кніга Эвы Ліпскай, і ўжо на падыходзе кніга Богдана Задуры — сучаснага іранічнага паэта — з правакацыйнай назвай „Труны з ІКЕА“. Спадзяюся, разам з кніжкай на фестывалі імя Міхася Стральцова з'явіцца і аўтар».
Андрэя Хадановіча зацікавіла і польская спяваная паэзія. Некалькі гадоў ён працаваў як перакладчык з тэкстамі Яцэка Качмарскага, якога не толькі пераклаў, але і паспрабаваў пераспяваць. І з'явіўся дыск «Муры» — Андрэй Хадановіч спявае Яцэка Качмарскага.
«Асобная прыгода для мяне — польская драматургія. Аднойчы я, думаючы пра тэатар, перакладаў вершаваную камедыю Аляксандра Фрэдры „Помста“. Пакуль яна не пастаўлена, але, спадзяюся, дойдзе да нашых падмосткаў. А вось кніга ёсць», — кажа Хадановіч.
Летась у кастрычніку, калі Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з беларускім літаратарамі, у тым ліку і з незалежнымі, Андрэй Хадановіч казаў пра набалелае — пра перакладчыцкую працу. Казаў, што па-добраму зайздросціць краінам-суседкам, дзе ёсць папяровыя часопісы, прысвечаныя замежнай літаратуры, і пацікавіўся, ці не наспеў час арганізаваць штосьці падобнае ў Беларусі. І нават падараваў Лукашэнку два экземпляры кніжнай прадукцыі выдавецтва Ігара Логвінава — кнігі нобелеўскіх лаўрэатаў Чэслава Мілаша і Віславы Шымборскай у перакладзе на беларускую.
Што да школы перакладчыкаў, стаўлення дзяржавы да праблемы, Андрэй Хадановіч заўважае:
«Сёння ў Беларусі паўстае школа цікавых, годных перакладчыкаў, людзей, якія ведаюць шмат замежных моваў, перакладаюць з арыгіналаў, не толькі старанна, дакладна перадаюць выказванні замежнага пісьменніка, але і робяць з гэтага добрую беларускую літаратуру, творы, якія з асалодай, цікавасцю, прыемнасцю чытаюцца па-беларуску. Разам з тым, з такой прафесіяналізацыяй беларускага перакладу адбыўся поўны заняпад што да падтрымкі. Большасць такіх твораў паўстае альбо на голым энтузіязме, альбо з мінімальнай падтрымкай. Безумоўна, пераклад інструкцыі да пыласмока альбо праца ў кабінцы перакладчыкам-інтэрпрэтатарам лепш корміць перакладчыка, чым складанае, самаадданае няўдзячнае перакладанне добрай літаратуры».
У беларускіх перакладчыкаў дагэтуль няма друкаванага часопіса. Шэсць гадоў таму з'явіўся «Прайдзісвет» — інтэрнэт-выданне.
Ва ўсім свеце большасць дзяржаваў актыўна падтрымліваюць перакладчыкаў, разумеюць, што перакладчыкаў трэба заахвочваць, кажа старшыня беларускага ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч:
«Інстытут Гётэ ў Нямеччыне, Польскі інстытут, Інстытут кнігі ў Кракаве, іншыя фундацыі разважаюць так: каб культура была заўважная ў свеце, трэба падтрымліваць агентаў гэтай культуры. Здаецца мне, толькі ў нас не робіцца амаль нічога. Прычым гэта два бакі аднаго працэсу — дзеля таго, каб беларуская літаратура была заўважная ў свеце, і дзеля таго, каб усясветныя шэдэўры з'яўляліся па-беларуску. На сёння роля беларускага перакладчыка, ягоная дзейнасць адбываецца насуперак аб’ектыўным абставінам. Хтосьці перакладае з ідэйных прычынаў, хтосьці перакладае, каб „паказаць зубы“, маючы амбіцыі, давесці ўсім, і ў першую чаргу самому сабе, што можаш. Хтосьці — і такія людзі мне асабліва сімпатычныя — перакладае, таму што не можа не перакладаць, бо вельмі любіць гэтую працу».
Андрэй Хадановіч і Уладзімер Арлоў узнагароджаныя польскімі медалямі «Gloria Artis»