Анонс трох выстаў 27 мая: прыгажосць разнастайнасці

Афіша мая ў Мінску працягвае радаваць разнастайнасцю прапаноў. Прынамсі дзве з трох экспазіцый, якія адчыняюцца сёння, 27 мая, — не зусім звычайныя.



maryjabone_plakat_logo.jpg

Пачнем з выставы Марыі Бонэ “Дзень і ноч”, адкрыццё якой запланавана на 17.00 у Музеі сучаснага мастацтва (пр. Незалежнасці, 47). Тое, што ўбачаць наведвальнікі, знешне нагадвае каляровыя (ці двухколерныя) графічныя кампазіцыі ў змешанай тэхніцы —  пераважна адлюстраванні паэтычных, убачаных як бы праз замглёнае шкло краявідаў. Але на самай справе маладая 28-гадовая мінчанка працуе ў эксперыментальнай фатаграфічнай тэхніцы гуміарабік. Папулярны ў часы мадэрну спосаб фотадруку быў запатэнтаваны Джонам Пунсі ў 1858 годзе і сваю назву атрымаў ад слова, якое азначае “смала арабскай акацыі”. Гэтае рэчыва разам з соллю хрому і пігментам наносіцца на акварэльную паперу, робячы яе светаадчувальнай. Затым, пры дапамозе ультрафіялету ці звычайнага святла, на яе праецыруецца выява з папярэдне падрыхтаванага негатыву таго ж памеру, што і аркуш. Прамываючы аркуш (здымаюцца незадублявыныя часткі кампазіцыі), фотадрук можна паўтарыць адвольную колькасць разоў з новымі пігментамі.

Адраджэнне складаная фотатэхніка перажывае ў першую дэкаду ХХІ стагоддзя. Не дзіва, што ў Беларусі ёю зацікавілася маладое пакаленне, у тым ліку выхаванка мэтра альтэрнатыўнай фатаграфіі Альберта Цехановіча Марыя Бонэ. Выстава “Дзень і ноч” — не першая прэзентацыя фатаграфіі-гуміарабік у Мінску, але чароўна-загадкавы эфект створаных у гэтай тэхніцы вобразаў яшчэ малазнаёмы беларускім гледачам. Выстава працуе па 7 чэрвеня.

parkaljovija_fantaz_plakat_logo.jpg

Наўрад ці ў той самы дзень можна паспець да 18 гадзіны на пр. Ракасоўскага, 49 у Гарадскую мастацкую галерэю Леаніда Шчамялёва, дзе адчыніцца іншы незвычайны праект — “Паркалёвыя фантазіі”.

parkaljovija1_logo.jpg

parkaljovija2_logo.jpg

Многія чулі словы “куілт” і “пэтчворк”,  якія азначаюць тэхніку дэкаратыўнага ласкутнага шытва, але небагата хто ведае пра існаванне прынамсі дзвюх паспяховых школ прыгаданага мастацтва ў Беларусі. Маецца на ўвазе Полацкі клуб “Рошва” пад кіраўніцтвам Ніны Ярмух і Мінскі клуб ласкутнага шытва “Хобі-курсы” Вольгі Матусевіч. Высвятляецца, што ў тэхніцы ласкутнага шытва можна стварыць не толькі арнаментальныя і абстрактныя кампазіцыі, але і нацюрморты, і краявіды, і нават інтэрпрэтацыі твораў жывога класіка беларускага жывапісу Леаніда Шчамялёва. Заканамерна, іх аўтаркі апошнімі гадамі рэгулярна прывозяць прызы з міжнародных конкурсаў (напрыклад, “EuroQuilt” у Маскве), і ладзяць свае фірмовыя паказы ў Беларусі. Выстава працуе па 27 чэрвеня.

bubashk_na_plakat_logo.jpg

Дакладна ў той самы час у Галерэі Беларт на Маркса, 4 адчыняцца для агляду творы Элеаноры Бубашкінай у праекце “Адлюстраванні”. Ключавыя словы да творчасці мастачкі, выхаванкі кафедры жывапісу Акадэміі мастацтва ў Мінску, а сёння — выкладчыцы гімназіі-каледжа мастацтваў імя І. Ахрэмчыка —  адчуванне “шляху да гармоніі з самім сабою і навакольнай рэчаіснасцю” (з анатацыі выставы мастацтвазнаўцы Галіны Багданавай). Рэалістычны жывапіс, дзе героямі выступаюць кветкі, ракавіны на беразе мора, прыгожыя статныя коні, можна назваць жаночым. Але не палічыце “жаноцкасць” адмоўнай характарыстыкай — толькі вызначэннем таго, што вы ўбачыце ў экспанаваных карцінах. Наведаць выставу можна па 10 чэрвеня.