«Апакаліпсіс. Адмяняецца...» Нематываваныя акты прыгажосці

18 мая 2012 года з 19.00 да 01.00 Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь у рамках міжнароднага праекта «Ноч музеяў–2012» прапануе мінчанам і гасцям сталіцы прынесці крыху свайго святла на акцыю «Апакаліпсіс. Адмяняецца...».



feeef9bd04fac1765263893621bb4811.jpg

18 мая 2012 года з 19.00 да 01.00 Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь у рамках міжнароднага праекта «Ноч музеяў–2012» прапануе мінчанам і гасцям сталіцы прынесці крыху свайго святла на акцыю «Апакаліпсіс. Адмяняецца...».


Чалавецтва не адзін раз чакала канца свету. Да яго рыхтаваліся ў 1000, 1500 і ў 1700 гадах, яго баяліся ў 1833 і 1925, 1967, 1999, 2000 і 2009, яго прадказваюць у снежні 2012, у 2035, 2622, 3797 ... Любому жадаючаму інтэрнэт прапануе на выбар розныя даты і версіі эпічнага катаклізму.


Апакаліпсісы, нібы верныя паплечнікі, ішлі з чалавецтвам поруч ад пачатку першых цывілізацый, і чаканне кожнай наступнай даты ў чарадзе абяцанага Сусветнага Канца стала ўжо своеасаблівым рытуалам і абвостранай гульнёй. Думка пра Апакаліпсіс, пры ўсёй уяўнай хваравітасці і табуіраванасці, надзіва папулярная, прыцягальная і нават спаскуслівая: кожны з нас носіць з сабой не толькі свой Рай і сваё Пекла, але і свой персанальны Апакаліпсіс. Калі разбураюцца ілюзіі і памірае вера ў людзей ... Калі становіцца непасільным груз адказнасці ... Калі здаецца, што жыццё больш не мае сэнсу ... Калі ахоплівае сартраўскі «лабірынтны сіндром» ... Калі наступае «змрок багоў»...


У ідэі канца свету — квінтэсенцыя чалавечых страхаў: перад сусветным эканамічным крызісам і крушэннем вечных каштоўнасцей, непазбежнай будучыняй і цемрай яе няведання, уласнай безгрунтоўнасцю і, нарэшце, смерцю. Але адначасова гэта і выйсце з кола кашмараў і безнадзейнасці, вокамгненнае рашэнне сапраўдных і ўяўных праблем, прычым рашэнне чыёсьці чужое, а значыць — яно пакідае нам права заяўляць аб сабе як аб пацярпелым боку...


Тэма Апакаліпсісу здымае, «абнуляе» напружанасць: навошта турбавацца і хвалявацца, калі канец усяго наступіць заўтра. Ці не лепш правесці пакінуты час, які нам застаўся, у радасці і гармоніі, разважаючы, што падзенне — гэта таксама палёт, а кожны канец — усяго толькі пачатак чагосьці новага, лагічнае заканчэнне старога жыццёвага этапу і пераход у наступны. Альбо, наадварот, атрымліваючы асалоду ад бязмежнай, п’янлівай свабоды, якую здольная даць толькі чыстая вера ў немінучасць хуткай гібелі...


Акрамя таго, кожны чарговы Апакаліпсіс, які так і не наступіў, — гэта яшчэ і надзея на тое, што чалавецтву ў цэлым ці каму-небудзь з нас паасобку ўсё ж удалося зноў вытрымаць экзамен на чалавечнасць, пацвердзіць, што свабода, справядлівасць, культура — не толькі словы... І гэтага аказалася дастаткова, каб «кропка незвароту» для людзей была яшчэ не пройдзенай...


Куратары акцыі:
Ірына Скварцова, Захар Дудзінскі


Паводле artmuseum.by