Аршанская хата Караткевіча пакуль так і не стала музеем
Год таму бізнесовец Андрэй Балабін купіў у Оршы ўчастак з домам, дзе жылі бацькі Уладзіміра Караткевіча і дзе прайшло юнацтва будучага пісьменніка. Тут, у гэтай хаце, быў напісаны і першапачатковы варыянт аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха», і іншыя творы.
Новы гаспадар, уладальнік сеткі крамаў „5-ты элемент”, адразу заявіў, што хоча адрамантаваць гістарычны будынак і перадаць яго гораду, каб там быў створаны дом-музей беларускага славутага земляка.
Але ніякіх прыкметаў рамонту не відаць, кажа Паліна Сцепаненка, пісьменніца і журналістка Беларускага Радыё Рацыя, якая жыве на той самай вуліцы, дзе стаіць бацькоўская хата Уладзіміра Караткевіча:
— Стаіць на сігналізацыі гэты дом, на заднім плане з’явіліся нейкія гаражы, ланцужок вісіць на браме, які паказвае, што заходзіць туды нельга. Шыбы праселі з аднаго боку — вядома, што адбываецца з нежылымі дамамі.
Хата Караткевічаў так і не была перададзена на баланс Міністэрства культуры. Таму пра стварэнне філіялу дзяржаўнага музею Уладзіміра Караткевіча пакуль няма гаворкі. Гаспадар мог бы паспрабаваць стварыць прыватны музей, лічыць Паліна Сцепаненка. Маючы вялікі досвед у стварэнні музейных канцэпцый і фармаванні экспазіцый, яна гатова дапамагчы парадамі, бо ўсведамляе выключную каштоўнасць будынку:
— Ён мае, што называецца, мемарыяльную абаяльнасць — ён захаваўся менавіта такім, якім быў пры жыцці Караткевіча і пры жыцці ягоных бацькоў. Гэта рэдка здараецца ў наш час, таму што часта падобныя дамы будуюцца “з нуля”. А гэта — ягоны дом.
Бацькоўскі дом Уладзіміра Караткевіча — адзін з нешматлікіх будынкаў, якія захоўваюць каларыт аршанскай прыватнай забудовы. З вуліцы, якая носіць імя славутага пісьменніка-земляка, ён сыходзіць літаральна на вачох: нядаўна тут з’явіўся кірмаш будаўнічых матэрыялаў, а побач, на месцы знесеных карпусоў былога піўзаводу, узводзяцца гандлёва-забаўляльныя ўстановы.
Драўляная хата Караткевіча таксама магла б пайсці пад знос, каб не пільная ўвага грамадскасці да лёсу гэтага будынку.