Аўтограф-сесія Ігара Мельнікава ў «Акадэмкнізе»

Сёння, 13 чэрвеня, з 18 да 20 гадзіны ў мінскай «Акадэмкнізе» (пр-т Незалежнасці, 72) адбудзецца аўтограф-сесія новай кнігі Ігара Мельнікава «Адысея палешука».

19047449_1530361833662547_664381502_o.jpg

У пачатку мая 2017 года ўбачыла свет кніга ўспамінаў беларускага андэрсаўца Паўла Нічыпарука ў рэдакцыі гісторыка Ігара Мельнікава. Наклад выдання — усяго 300 асобнікаў, і ён ужо вычарпаны. Першымі кнігу атрымалі спонсары, якія ўдзельнічалі ў яе выданні праз краўдфандынгавую  кампанію на сайце ulej.by. Частка асобнікаў была даслана ў айчынныя і замежныя бібліятэкі. Цяпер у аматараў беларускай гісторыі апошняя магчымасць набыць гэтую цікавую кнігу.

Аўтар успамінаў — Павал Каленікавіч Нічыпарук нарадзіўся ў жніўні 1902 г. на хутары Жардзечна каля вёскі Запруды (цяпер Кобрынскі раён Брэсцкай вобласці). У лютым 1941 г. яго арыштавалі і накіравалі ў лагер ГУЛАГ у Свярдлоўскай вобласці. У 1942 г. беларус аказаўся ў Арміі Андэрса і ў яе складзе ўдзельнічаў у баях з нацыстамі ў Італіі. У 1948 г. Нічыпарук паехаў у ЗША, дзе і пражыў да самай смерці ў 1979 г.

У нататках Паўла Каленікавіча, надрукаваных на машынцы на маленькіх, “амерыканскіх” аркушах паперы, ёсць усё: цяжкая сялянская праца, нечалавечыя ўмовы савецкіх турмаў і ГУЛАГу, фронт і баі з нацыстамі, расстанне з сям’ёй і жыццё ў эміграцыі. А яшчэ — вялікая настальгія па роднай Беларусі. Лёс Нічыпарука тыповы для шматлікіх беларускіх андэрсаўцаў. Шмат жаўнераў пасля вайны вярнулася ў БССР. У 1951 г. савецкія ўлады дэпартавалі гэтых людзей у Іркуцкую вобласць. Іншыя вырашалі застацца “на Захадзе”.

Пра гераізм беларускіх жаўнераў Другога польскага корпуса, якія мужна змагаліся супраць гітлераўскіх войскаў на Заходнім фронце, у Беларусі, на доўгі час забыліся. І толькі цяпер, калі тых ветэранаў Другой сусветнай ужо няма з намі, праўда пра іх жыццё і выпрабаванні, праз якія яны прайшлі, становіцца здабыткам беларускай грамадскасці. 

19073959_1530357860329611_677461452_n.jpg

Кніга “Адысея палешука” змяшчае ўнікальныя фотаздымкі з прыватнага архіва Ігара Мельнікава.

Цікавым фактам з’яўляецца тое, што ў 1989 г. з рукапісам успамінаў гэтага чалавека азнаёміўся знакаміты беларускі пісьменнік, удзельнік Другой сусветнай вайны Васіль Быкаў.

“Я прачытаў Вашыя мемуары. Несумненна, яны заслугоўваюць увагі. Трэба іх выдаць. Дзеля гэтага Вам трэба звярнуцца ў выдавецтва ў Мінску ці ў Маскве (напрыклад, у выдавецтва “Беларусь”), якое выдае падобнага кшталту літаратуру, і прадставіць туды два экземпляры рукапісу. Справа гэтая працяглая, таму трэба пачынаць не губляючы часу. Жадаю Вам поспехаў!” — пісаў Васіль Уладзіміравіч Быкаў сваяку Нічыпарука.

Аднак тады мемуары беларуса так і не ўбачылі свет.

Кніга з поспехам была прадстаўлена ў мінскай Галерэі TUT.BY і варшаўскім Музеі Войска Польскага. Экземпляры “Адысеі палешука” дасланы ў Бібліятэку Кангрэса ЗША, а таксама ў бібліятэкі Польшчы, Велікабрытаніі і Беларусі. Цяпер аматары беларускай вайсковай гісторыі маюць магчымасць набыць гэтую кнігу з аўтографам аўтара”, — гаворыць Ігар Мельінкаў.