БагатаДата: 2–8 лютага
Прапануем вам цікавыя падзеі і даты наступнага тыдня.
2 лютага
Сусветны дзень водна-балотных угоддзяў. У гэты дзень у 1971 годзе ў іранскім Рамсары была падпісаная Канвенцыя з мэтай абароны водна-балотных угоддзяў перадусім як мясцінаў, дзе жывуць вадаплаўныя птушкі.
У 1494 годзе нарадзілася каралева польская і вялікая княгіня літоўская, дачка міланскага герцага Бона Сфорца, жонка Жыгімонта I Старога, маці Жыгімонта II Аўгуста. У яе атачэнні было шмат суайчыннікаў-італьянцаў. Пры Сфорца істотна змянілася меню арыстакратычных колаў Польшчы і ВКЛ. З’явіліся экзатычная садавіна і прыправы. Распаўсюдзілася карыстанне відэльцамі. Злыя языкі казалі пра дасканалае валоданне Бонай Сфорца атрутамі і, у прыватнасці, абвінавачвалі яе ў атручванні нявесткі Барбары Радзівіл. Той самай «Чорнай панны Нясвіжа».
3 лютага
У 1919 годзе на Усебеларускім з’ездзе Саветаў прынялі першую Канстытуцыю БССР, хаця самастойнасці БССР не мела, бо была створаная і кіравалася з Масквы. Першая Канстытуцыя яе грунтавалася на Канстытуцыі РСФСР 1918 года. Змест быў кароткім — усяго 32 артыкулы. Шмат казалася пра Саветы і эксплуатаваны народ, сярод іншага праца прызнавалася абавязкам пад лозунгам: «Хто не працуе, той не есць».
У 1989 годзе ў Мінску памёр скульптар-манументаліст Анатоль Анікейчык. У Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў) вучыўся ў народных мастакоў Андрэя Бембеля і Аляксея Глебава. Потым выкладаў там сам. Браў удзел у стварэнні помнікаў Янку Купалу ў аднайменным скверы, на сталічных Вайсковых могілках і ў Араў-парку ў ЗША, помніка Мікалаю Гастэлу і яго экіпажу ў Радашковічах. Напрыканцы жыцця працаваў над помнікам Кастусю Каліноўскаму, але паспеў зрабіць толькі чарнавы эскізны праект.
4 лютага
У 1934 годзе ў вёсцы Вётхава Смаргонскага раёна нарадзіўся фалькларыст і літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук Арсень Ліс. Працаваў настаўнікам, быў аўтарам падручнікаў для ВНУ, сябрам экспертнай рады Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Беларусі. У гэтым годзе сталаму аўтару «Новага Часу» споўнілася б 85 гадоў.
6 лютага
105 гадоў таму, у 1914 годзе ў Саматэвічах Касцюковіцкага раёна на Магілёўшчыне нарадзіўся адзін з самых вядомых беларускіх паэтаў — Аркадзь Куляшоў, аўтар хрэстаматыйных школьных твораў. У школу пайшоў, не маючы 4 годзікаў, першы верш апублікаваны ім у 12 гадоў.
З цікавых творча-біяграфічных фактаў: меў па бацькавай лініі італьянскія карані. Быў у арыштанцкім спісе НКУС пад нумарам 13, які ў 1938 годзе прынеслі на подпіс кіраўніку БССР Панцеляймону Панамарэнку. Той, нібыта, паехаў да Сталіна, і ў выніку Якубу Коласу і Янку Купалу ордэры на арышт замянілі ордэнамі. Іншых, як і Куляшова, пакінулі ў спакоі. У сталым веку, за 60 гадоў, пачаў перапіску са сваім першым каханнем з напісанага ў 14 гадоў верша «Бывай» (у рэпертуары «Песняроў» гэта песня «Алеся»). Працаваў галоўным рэдактарам кінастудыі «Беларусьфільм», быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.
7 лютага
2014. Пачаліся зімовыя Алімпійскія гульні ў Сочы, на якіх Беларусі заваявала найбольшую колькасць залатых медалёў у сваёй суверэннай гісторыі: пяць. Тры на рахунку біятланісткі Дар’і Домрачавай і па адным заваявалі фрыстайлісты Ала Цупер і Антон Кушнір.
8 лютага
1914. У Баранавічах нарадзіўся паэт і грамадскі дзеяч Валянцін Таўлай. Вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, адкуль быў выключаны за вучнёўскі страйк. Затым неаднойчы быў рэпрэсаваны польскімі ўладамі за падпольную грамадска-палітычную дзейнасць у Заходняй Беларусі. Падчас нямецка-савецкай вайны быў разведчыкам, пасля яе працаваў намеснікам дырэктара Літаратурнага музея Янкі Купалы.
1929. Нарадзіўся Леанід Лыч, беларускі гісторык, кіраўнік Тапанімічнай камісіі пры прэзідыуме Вярхоўнага Савета ў першай палове 1990-х гадоў. Напісаў манаграфіі і кнігі «Беларуская нацыя і мова», «Назвы зямлі беларускай», «Гісторыя культуры Беларусі», «Нарысы гісторыі Беларусі». Дарэчы, аўтар «Новага Часу»!