«Веру, што ў будучыні слухачы пачнуць фундаваць музыку»
Імя барда Андрэя Сянькевіча не так вядома ў Беларусі, у адрозненне ад Расіі, Польшчы, краін Балтыі і нават Германіі. Мы наведалі мінскі канцэрт Андрэя і паразмаўлялі з музыкам пра вядомасць, творчасць і планы.
Музычны праект выканаўца аўтарскай песні Андрэя Сянькевіча існуе з 2014. З 2016 музыка грае ў складзе трыа.
— Андрэй, гэты канцэрт вы анансавалі яшчэ ў снежні 2016, што вельмі нехарактэрна для беларускіх выступоўцаў, асабліва, калі гэта не прэзентацыя альбома.
— Гэта насамрэч шмат каго здзівіла, бо ў Беларусі рэдка хтосьці плануе канцэрты раней, чым за 3 месяцы. Усё кардынальна змянілася, калі спачатку я, а потым мы (трыа), пачалі выступаць у Еўропе. Цяпер мы ведаем свой графік недзе на 8-10 месяцаў наперад. Калі мы гралі ў лістападзе, то ўжо ведалі пра канцэрт у красавіку і нават атрымалі «гастрольку». Усяго плануем у год граць 2 сольныя канцэрты ў Мінску: у красавіку і бліжэй да лістапада-снежня.
— Месца самі выбіралі?
—Так, выбралі «Бруге», бо падабаецца фармат гэтага месца. Кожны клуб мае сваю энергетыку. Калі граеш нефарматную музыку ў рок-клубе, то гэта выглядае часам даволі дзіўна. «Бруге» — гэта чатырохкутнік з барам і сцэнай. Мы стараемся ладзіць канцэрты са сваёй атмасферай. Так што гэта месца нам падыходзіла. Яно немаленькае і тут можна зрабіць даволі добры гук. Таксама мы загадзя да выступу ўсё агаворваем з гукарэжысёрам і ставім святло па-свойму. Да сённяшняга канцэрта мы падрыхтавалі вельмі прыгожыя рэчы. Кожны выступ павінен быць асаблівым: з якасным гукам, святлом, відэа.
— З мінулага года вы граеце з бубначом і басістам, але ў афішах напісана толькі «Андрэй Сянькевіч». Не думалі выступаць пад нейкай назвай?
— Не, ніколі не думаў. Мне дваццаць шэсць гадоў, дваццаць з якіх я займаюся музыкай. І калі я прыйшоў да свайго сольнага праекта, я быў адзін. Калі далучыліся музыкі, у мяне ўжо была рэпутацыя, і назвацца неяк у стылі «Андрэй Сянькевіч і тры мядзьведзікі» не было сэнсу. Я аўтар песень і музыкі, над аранжыроўкамі мы працуем разам. Я часта прыводжу прыклад Сяргея Бабкіна і Бэна Ховарда: у іх цэлы бэнд носіць імя аднаго чалавека.
— А ці магчыма, што нехта з музыкаў напіша сваю песню і вы пачнеце яе выконваць?
— Цэлую песню — наўрад ці. Ні Данііл, ні Кырыл зараз іх не пішуць, але яны актыўна працуюць над аранжыроўкамі. Бывала, нават мянялі аранжыроўку за дзень да канцэрта. Ніякіх манапольных правоў на гучанне ў мяне няма. Як паказвае практыка, чым неадэкватней ідэя, тым для нас лепш.
— Ці чакаць у гэтым годзе альбом ці, можа, яшчэ нейкія цікавосткі?
— На сёння ёсць матэрыял на тры дыскі. Прычым розныя. У першы войдзе матэрыял, які мы граем з гуртом — паўнавартасны лонгплэй. У другі — песні, якія я выконваю заўсёды адзін. А трэці — мінімалістычны піянінны альбом — рыхтую адмыслова для туру па Ісландыі ў студзені 2018-га. Калі я граў адзін, то ў мяне было правіла выпускаць нешта кожны год. У 2015-м я выдаў свой першы альбом, а 2016-м — сінгл «Свет». У гэтым годзе мы ўжо выпусцілі акустычны лайв на песню «Снег і ноч», якую я запісаў у Берліне. Пакуль мэты нешта выдаць паўнавартаснае не было. Мы зрабілі праграму. За мінулы год у складзе трыа і сольна я адыграў звыш 90 канцэртаў. Я сказаў хлопцам, што мы будзем запісваць кружэлку толькі тады, калі збярэм грошы не са сваёй кішэні. Мабыць гэта будзе краўндфандынг, мабыць, спонсары. Зараз працуем над гэтым.
Для нас важна, каб музыка была актуальна. Калі мы пачнем запісваць яе за свой рахунак, а людзям гэта будзе не патрэбна, то навошта гэта рабіць? Мы атрымліваем асалоду ад таго, што робім на сцэне. Калі людзі набываюць квіток на канцэрт, то яны плацяць менавіта за выступ. У нас пакуль не актуальны сервісы кшталту Apple Music. Я веру, што ў будучыні слухачы пачнуць фундаваць музыку, а не красці яе на торантах. Пірацтва — паказнік краіны трэцяга свету. Пакуль усё, што я выпусціў, не акупілася. Гэта, калі казаць пра студыйныя запісы і іх продаж на стрымінгавых пляцоўках. І не таму, што нікому не падабаецца музыка. На наш погляд, людзі могуць удзельнічаць у жыцці гурта, калі гэта ім цікава. Ці набываць CD, ці mp3, ці яшчэ нешта — варыянтаў шмат. А калі заўседы пішаш альбомы за свой кошт, гэта, з'яўляецца паказнікам таго, што трэба падумаць, каму гэта патрэбна і навошта.
— Вы выканваеце песні па-руску і па-беларуску, але часта выступаеце ў краінах Балтыі, а нядаўна быў тур па Германіі. Як там успрымаюць вашу музыку і ці разумеюць тэксты?
— Успрымаюць файна, нават часам, лепш, чым у Беларусі. Для замежнікаў гэта экзотыка, як для нас якая-небудзь нарвежская мова. Яны успрымаюць тэксты не як літары і словы, а як музычны інструмент. У выніку атрымліваецца амаль інструментальная музыка. Са свам валоданнем нямецкай мовы падчас канцэрту я распавядаю, пра што песня. Слухачы павінны пагрузіцца ў тую атмасферу, якую мы ствараем, гэта вельмі важна.
Калі мы выступаем у краінах Балтыі, то гутарым мала, але размаўляем на той мове, на якой размаўляюць у гэтай краіне. Напрыклад, у Латвіі, я размаўляю вельмі мала, але па-латышску. Я яе не ведаю, але вучу тыя тэксты і словы, якія мне падабаюцца і патрэбныя. Гэта наша даніна павагі ўсім, хто прыходзіць паслухаць нашу музыку ў гэтай краіне. У нас заўсёды просяць відэазапрашэнне на латышскай мове і мы публікуем.
— У Германніі былі беларусы на канцэрце? Ці не было думак супрацоўнічаць з нашым дыяспарамі, як гэта рабіў Вольскі?
— За ўсе 10 канцэртаў сутрэў толькі траіх. Для мяне гэта не так важна. Калі мы едзем у Германію ці Эстонію, то граем для немцаў і эстонцаў. Для беларусаў ёсць Беларусь. Мы, канешне, рады, калі прыходзяць нашы землякі. Але я пакуль не выйшаў на той эмацыйны ўзровень, каб мне хацелася гэтага. Калі я прыязджаю ў Германію, то хачу адпавядаць музыкам, якія патрэбны гэтай краіне. Спачатку я еду ў «разведку» сольна, а толькі ўжо потым з гуртом.
— Колькі звычайна збіраюць вашы канцэрты за мяжой?
— Калі граю з гуртом, то звычайна гэта адбываецца на канцэртных пляцоўках і ў клубах. А сольна — у невялічкіх кавярнях. У сярэднем гэта 40-50 чалавек і вольных месцаў там звычайна не бывае. Там іншая культура пляцовак: мы выбіраем самі месца і часта нават робім вольны ўваход у фармаце ахвяраванняў. Няхай сам слухач ацэньвае музыку і выбірае на колькі еўра яго падтрымаць. Для іх нармальна прыйсці нават у падзялак у бар і паслухаць музыку.