Беларускія нячысцікі святкуюць першую гадавіну
11 красавіка спаўняецца роўна год, як у Instagram з’явіўся акаўнт і праект «Беларускія нячысцікі», які на сёння налічвае больш чым за 150 пастоў з ілюстрацыямі і інфармацыяй аб персанажах беларускай міфалогіі.

Першым пастом стала інфармацыя пра ваўкалака — чалавека, які здольны ператварацца ў ваўка, пярэварацень. Цяпер жа можна знайсці інфармацыю аб такіх персанажах, як Каталак, Зюзя, Змора, Падвей, Маржана, Хатнік, Свіцязянка, Вадзянік, Балотнік, Варгін, аб прывідах беларускіх замкаў і ў тым ліку аб беларускіх святах (напр. «Камаедзіца»). На аватарцы акаўнта стаіць Гаёўка — лясны дух у абліччы маладой русай дзяўчыны.
З сакавіка гэтага года аўтар запусціў, апроч «Нячысцікаў», новую рубрыку: «Беларускія Багі» або «Беларускі Пантэон», і першым у гэтай рубрыцы стала інфармацыя аб Вялесе. Пры гэтым аўтар заручыўся падтрымкай беларускага навукоўца і фалькларыста Зміцера Скварчэўскага.

Аўтар праекта — Артур Басак, нарадзіўся ў Пружанах, жыве і працуе ў Гродна. Па прафесіі праграміст і UI інжынер. Аматар фантастыкі і фэнтэзі. Не з’яўляецца прафесійным мастаком, але малюе, колькі сябе памятае. Хадзіў у свой час у мастацкую школу, але не скончыў яе. Ужо год, як пачаў маляваць беларускіх фальклорных, міфалагічных і казачных нячысцікаў. Мае вялікую сям'ю — котку, жонку і дваіх дзяцей — дачку і сына. Любіць усёй сям’ёй вандраваць па Беларусі, асабліва па замках.

У 2022 годзе пры суаўтарстве Артура Басака ў выдавецтве «Галіяфы» выйшаў каляндар «Беларускі бестыярый» з яго малюнкамі.