«Беларускія вадэвілі» ці дом народнай творчасці?
На каго разлічаныя "Беларускія
вадэвілі"? Думаю, яго аматарамі стануць у першую чаргу: эстэты-экстрэмалы,
якія зацэняць такую смелую задуму Уладзіміра Савіцкага — узяць і так проста без
папярэджання ператварыць Тэатр юнага гледача ў адзін вялікі і непераможны дом народнай
творчасці.
У Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача 6 ліпеня адбылася прэм'ера спектакля Уладзіміра Савіцкага "Беларускія вадэвілі". Пастаўлена гэтая рэч паводле класічных твораў Братоў Далецкіх ("Міхалка") і Міхася Чарота ("Мікітаў лапаць").
Героі тут пераадольваюць самыя розныя камічныя цяжкасці, дзеля таго, каб займець сямейнае шчасце.
У вадэвілі Братоў Далецкіх (псеўднім аднаго з пачынальнікаў беларускага адраджэння Вацлава Іваноўскага) наіўнаму юнаку Міхалку (Уладзіслаў Вінаградаў), вынаходлівы шляхціц Язэп Карыта (Алег Чэчанеў) спрабуе сасватаць сваю 38-гадовую дачку (Таццяна Ражаўская) і дыпламатычна гаворыць, што ёй усяго толькі мінула 23 гады.
Міхась Чарот у "Мікітавым лапці" стварае фарсавую варыяцыю "Рамэо і Джульеты", дзе варагуюць дзве сям'і, з-за чаго няма і надзеі на вяселле для Саўкі (Сяргей Марговіч) і Зоські (Вікторыя Кадрава). Ёсць тут яшчэ і прыдуркаваты Мікітка (Аляксандр Тарасаў), які таксама кахае Зоську і чый згублены лапаць прыводзіць да нечаканага фіналу.
У 1980-я гады рэжысёры Барыс Утораў і Андрэй Андросік аб'ядналі гэтыя дзве п'есы ў спектаклі "Ажаніцца — не журыцца", які з вялікім поспехам ішоў на сцэне Тэатра імя Янкі Купалы.
Уладзімір Савіцкі, які апошнім часам займаецца стварэннем рэмэйкаў (прыгадайце хаця б яго папярэдні твор — "Дзікае паляванне караля Стаха") вырашыў паўтарыць і гэты спектакль.
Ці атрымаўся паўтор? Наўрад ці. Ні па свайму настрою, ні па тэмпарытму, ні па ўнутранай (ды і знешняй) напоўненасці "Беларускія вадэвілі" не падобныя на арыгінал. Яднае гэтыя пастаноўкі толькі драматургія.
З першых хвілін прагляду, міжволі адзначаеш — трэба мець вялікую мужнасць, каб у наш час насуперак усяму і ўсім зрабіць не проста традыцыйны спектакль, а супер-традыцыйны. Відавочна, рэжысёр натхняўся эстэтыкай народных тэатраў і вырашыў у сваім творы цалкам пераняць стыль наіўных, саматужных пастановак. У нейкім сэнсе гэта нават і лагічна. Не адным жа толькі прафесійным мастакам маляваць "пад прымітыў" (як гэта робіць, да прыкладу таленавітая Ганна Сілівончык), прыспеў час і для тэатральных рэжысёраў. Уладзімір Савіцкі рызыкнуў. І рызыкнуў так тонка, што можна і напраўду паверыць – перад намі пастаноўка з якога-небудзь дома культуры вёскі Вялікія Курані. Відавочна Савіцкі зрабіў эксперыментальную рэч, а любы эксперымент не абаронены ад хібаў.
Артысты. О, так, у Тэатры юнага гледача працуюць вельмі таленавітыя выканаўцы. Калі хто не верыць — паглядзіце тое ж "Дзікае паляванне караля Стаха". Але ў гэтым спектаклі акцёры яшчэ няўпэўненыя. Ці ж гэта жарты адкінуць усялякі псіхалагізм, забыць усё, чаму іх вучылі ў Акадэміі мастацтваў ды Універсітэце культуры і займець тую ж сцэнічную невытлумачальную рашучасць, з якой іграе на аматарскай сцэне які-небудзь трактарыст, бухгалтар ці даярка? Не кожны Дасцін Хофман змог бы. А нашыя артысты шчыра стараюцца выканаць рэжысёрскія ўказанні: гавораць гучна-крыклівымі галасамі, махаюць рукамі, штохвіліны звяртаюцца ў залу з неабавязкова-навязлівымі апартамі. Шчыра стараюцца, але творчай радасці пакуль ад гэтага не адчуваюць.
Сцэнаграфію стварыла галоўны мастак тэатра Ларыса Рулева. І яна выдатна зразумела свайго рэжысёра. На сцэне стаяць розных памераў куфры, а на задніку вісяць народныя ручнікі. Смеласць задумы мастачкі яшчэ і ў тым, што гэтыя куфры не маюць у спектаклі ніякага сэнсавага ці (скажу пафасна) філасофскага значэння. Прызначэнне куфраў тут чыста функцыянальнае. Героі ў іх хаваюцца, на іх узбіраюцца і г.д. Адзін раз нават робяць з куфраў нешта кшталту паравозіка (у канцы першай дзеі), вось і ўсё. Замест куфраў маглі б быць скрыні, сталы, зэдлікі. Такая выпадковасць — ці не той жа самы свядомы прыём, які адсылае нас да наіўна-аматарскай эстэтыкі?
Музыку напісаў Уладзімір Кандрусевіч. Ён даказаў, што можа ствараць мелодыі, якія аніяк не будуць выбівацца ў гэтым каранавале выпадковасці. Кампазітар натхняўся эстэтыкай рэстранаў, фільмаў Гайдая і нават эпізадычна рок-музыкай.
На каго разлічаныя "Беларускія вадэвілі"? Думаю, яго аматарамі стануць у першую чаргу: эстэты-экстрэмалы, якія зацэняць такую смелую задуму Уладзіміра Савіцкага — узяць і так проста без папярэджання ператварыць Тэатр юнага гледача ў адзін вялікі і непераможны дом народнай творчасці. Для тых жа, хто жадае проста бяздумна парагатаць — тут яшчэ недастаткова той бурлесканасці, унутранай наіўнай радасці і свабоды. якая насамрэч і жывіць лепшыя творы шматлікіх вясковых і местачковых самадзейных тэатральных калектываў нашай краіны. Спадзяемся гэтыя наіў і свабода яшчэ напоўняць сабой энергетыку спектакля.
Той, хто не паспеў ацаніць "Беларускія вадэвілі" сёння, можа гэта зрабіць гэта заўтра, 7-га ліпеня.