Беларусь — забойца мужчын
У пракаветныя часы былі жанчыны, увязненыя ў змрочных мурах, і былі мужчыны-вызваляльнікі.
Альгерд Бахарэвіч. «Белая муха, забойца мужчынаў». Мінск: Галіяфы, 2015.
Рыцар, а пазней фалькларыст, з’яўляўся на парозе палацу, каб разагнаць прывідаў, спыніць дзікае паляванне і выратаваць збялелую дзяўчыну ад старажытных праклёнаў. Герой ратаваў не толькі кабету, але Беларусь, блукаючы ў Чорных Альшанскіх замках і расшыфроўваючы старыя пісьмёны.
Тыя часы незваротна прайшлі. Сённяшнія жанчыны самі каго заўгодна вызваляць (калі будзе жаданне), уголас абвесцяць сваю волю, захопяць і возьмуць, што душа пажадае.
У новым рамане Альгерда Бахарэвіча «Белая муха, забойца мужчын» хеўра дзевак без цара ў галаве захоплівае замак — і бярэ турыстаў у закладнікі. Сярод закладнікаў — і герой кнігі, які ў далёкія школьныя часы быў закаханы ў галоўную тэрарыстку.
У замку, адданым на жаночыя «мастацкія акцыі», сабраныя — як у бакаўскіх аповедах за «Сцяной» — розныя гратэскныя тыпажы. Ёсць недалёкі бландзін, які ганарыцца сваёй мужчынскасцю. Ёсць бзікануты на гісторыі аматар беларушчыны, які лічыць, што жанчына мусіць знаць сваё месца. Ёсць замежны госць у пошуках жонкі, і ёсць ягоны нямецкі калега — паляўнічы на танных зуброў. Маецца падступны расейскі адстаўнік з тайнаю місіяй, дый цэлая камера расейскіх турыстаў з ялейным папом і вісклівымі дзецьмі. Але, галоўнае, што ў кнізе маюцца ўзброеныя жанчыны са сваімі зацятымі крыўдамі.
Іх партыйна-літаратурныя мянушкі лашчаць вуха: Аленькі Цвяточак, Джэк-Патрашальнік, Нямона Ліза, нарэшце, Босая. І ў кожнай свая міжнародна-падступная гісторыя.
Тыбецкую змагарку за незалежнасць беларушчыне вучылі мінскія гопнікі, якія тройчы яе згвалтавалі. Джэк-Патрашальнік — колішняя ціхая лесбіянка, з якой жорстка знушчаўся таксіст, а бедная Нямона Ліза ў перапоўненым транспарце сутыкнулася з Рукой, прыточанай да плюгавых вачэй.
Апошні прыклад, выпісаны з неверагоднай дасціпнасцю, дэманструе прыём, якім карыстаецца Бахарэвіч. Ён змяняе оптыку і маштабы, ён стварае гратэск праз нечаканыя дэфармацыі і цялеснае набліжэнне.
Зрэшты, у гэтым Бахарэвіч следуе за Джанатанам Свіфтам, неаднойчы ўзгадваючы ў кнізе прыгоды Гулівера ў краіне асілкаў. Ключ да «Белай мухі» — верш, устаўлены паміж першай і другой часткай і прысвечаны апякунцы Гулівера Глюмдалькліч, якая вязе героя ў сталіцу. На яе аграмадных каленях — дом Гулівера; цяпер маленькі мужчына скача, тузаецца, катаецца ля самага ўлоння. Што гэта магло б значыць?
Герой «Белай мухі» аднойчы прачынаецца, атулены жаночымі целамі з усіх бакоў, ён тоне ва ўлоннях; ён узгадвае, ён улучаны ў садамазахісцкія гульні — і не толькі...
Жанчыны ўзброеныя не проста стрэльбамі, а «Фалічнымі Сімваламі», як неаднойчы прапісана ў кнізе. Жанчыны пануюць. Калектыўная Глюмдалькліч набліжаецца, каб апекавацца — і пазабаўляцца.
Беларусь — гэта тая жанчына, для якой мы ўсе яе цацкі. Беларусь — забойца мужчынаў, кон мужчынаў, умовы, жыццё, неба над галавой. Босая Беларусь — аграмадная, яе цела паўсюль — і яна нідзе. Яна прыходзіць з ніадкуль і сыходзіць невядома куды. Яна лётае крохкімі белымі мухамі, тае, шэпча, навісае над галавой.
Беларусь — слодыч мужчын, пяшчотны позірк Медузы, Рагнеда з нажом ля горла, куслівая прыгажуня са зброяй.
І хаця жанчын мноства, Жанчына — адна. Аграмадная, велічная, плоцевая, па-над усім.
Позірк мужчыны на такую жанчыну — гэта позірк на фетыш, і гэта пераўтварэнне мужчыны (усяго, цалкам) у цацку жаночых забаў.
Кніга Бахарэвіча — напятая, энергічная і гуллівая — як жанчына, якая, зрэшты, узяла ўладу. Узяла, каб нікому не аддаваць.